навіны

Выбары ў Малдове: Мая Санду – у лідарах, інтрыга на рэферэндуме

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: e-cis.info
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: e-cis.info
podpis źródła zdjęcia

На раніцу Цэнтральная выбарчая камісія Малдовы падлічыла 98,29 % пратаколаў на выбарах прэзідэнта і 98,33 % пратаколаў рэферэндуму аб уступлення краіны ў Еўразвяз. З кандыдатаў лідаруе дзейная прэзідэнтка Мая Санду, а вось у справе рэферэндуму да апошняга захоўваецца інтрыга: галасы раздзяліліся пароўну, пытанне развязваюць лічаныя адсоткі.

На выбарах прэзідэнта ЦВК краіны апрацавала 1 508 132 галасы. На гэты момант з вялікім адрывам лідаруе дзейная прэзідэнтка Мая Санду, яна набрала 41,86 % галасоў, на другой пазіцыі – былы пракурор Александр Стаяногла з 26,34 % галасоў (ён карыстаецца падтрыманнем былога прэзідэнта Малдовы Ігара Дадона), у тройцы лідараў таксама кандыдат ад цэнтрысцкай «Нашай партыі», былы мэр гораду Бельцы Рэната Усаты – у яго 13,76 % галасоў.

Тым не менш у Санду няма неабходнай колькасці галасоў (50 %), каб перамагчы ў першым туры, таму ў хуткім часе краіну чакае другі тур галасавання за прэзідэнта (3 лістапада).

А вось галасаванне на рэферэндуме дасюль захоўвае інтрыгу. Галасы выбарнікаў у пытанні «Ці падтрымліваеце вы ўнясенне зменаў у Канстытуцыю дзеля далучэння Рэспублікі Малдова да Еўрапейскага Звязу?» раздзяліліся амаль што пароўну: за – 50,00 % (730 100), супраць – 50,00 % (730 021).

Звесткі ў справе рэферэндуму на 8:15. Фота: скрыншот з сайту ЦВК Малдовы
Звесткі ў справе рэферэндуму на 8:15. Фота: скрыншот з сайту ЦВК Малдовы

У галасаванні ў нядзелю ўзялі ўдзел 1 561 655 выбарнікаў, што складае 51,65 % ад агульнай колькасці асобаў, якія валодаюць выбарчым правам у краіне. Паводле малдоўскага заканадаўства, лічыцца, што выбары адбыліся, калі ў іх узялі ўдзел 30 % выбарнікаў.

Адметна, што найбольш актыўнымі былі выбарнікі сталага веку. У галасаванні ўзялі ўдзел 69,49 % з агульнай колькасці выбарнікаў векам 56–65 гадоў і 75,73 % векам 66–75 гадоў. А вось сярод моладзі векам ад 18 да 25 гадоў прыйшлі толькі 46,67 % удзельнікаў. Такім чынам, будучыню для маладога пакалення выбіраюць людзі больш сталага веку, сама ж моладзь застаецца больш пасіўнай у гэтым пытанні. 

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10