У гэтую нядзелю, 20 кастрычніка, у Малдове праходзяць прэзідэнцкія выбары і адначасова – рэферэндум аб змяненні Канстытуцыі дзеля ўступлення краіны ў Еўразвяз.
Хто хоча стаць наступным прэзідэнтам?
На пасаду прэзідэнта прэтэндуюць 11 кандыдатаў, сярод якіх – дзейная прэзідэнтка Мая Санду. Яна выступае за празаходнюю арыентацыю краіны і падтрымлівае ўступ Малдовы ў Еўразвяз. На ідэі еўрапейскай інтэграцыі Малдовы пабудавала сваю цяперашнюю перадвыбарчую кампанію.
Эксперты мяркуюць, што ў другі тур можа прайсці былы генеральны пракурор краіны Александр Стаяногла. Яго падтрымлівае апазіцыйная партыя сацыялістаў. Яе лідар, былы прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон, заклікае галасаваць за Стаяногла.
Александр Стаяногла – пад крымінальным расследаваннем і судом паводле некалькіх справаў. Яго вінавацяць у карупцыі і злоўжыванні ўладай, але той у адказ заяўляе, што справа палітычна матываваная і заведзеная на асабісты загад прэзідэнткі Санду. Яна ў сваю чэргу гэта адмаўляе.
Ад цэнтрысцкай «Нашай партыі» балатуецца былы мэр гораду Бельцы Рэната Усаты. На выбарах 2020 года ён заняў трэцяе месца пасля Санду і Дадона.
Былы прэм’ер-міністр, кандыдат ад партыі «Будучыня Малдовы» Васіле Тарлеў абяцае ў выпадку свайго абрання запусціць праграму «індустрыялізацыі, што ператворыць Малдову ў краіну іннавацыяў і эканамічнага развіцця». Былая кіраўнічка Гагаузскай аўтаномнай вобласці Ірына Влах плануе засяродзіцца на «канкрэтных праблемах людзей ды іх развязаннях». Журналістка Наталья Марар – таксама кандыдатка на прэзідэнцтва – крытыкуе цяперашняе кіраўніцтва краіны, заяўляе, што нацыі паграже знікненне праз масавую эміграцыю, і абяцае, што зоймецца эканамічным развіццём Малдовы, каб ператварыць яе ў «новы эканамічны цуд».
Яшчэ пяцёра кандыдатаў:
• Ён Кіку – былы прэм’ер-міністр ад Партыі развіцця і кансалідацыі Малдовы;
• Андрэй Нэстасэ – былы намеснік прэм’ер-міністра, міністр унутраных справаў Малдовы;
• Актавіян Цыку – былы дэпутат парламенту Малдовы ад блоку «Разам»;
• Віктор'я Фуртунэ – пракурорка;
• Тудар Ульяноўскі – былы міністр замежных справаў і еўрапейскай інтэграцыі Малдовы.
Паводле апытанняў, ува ўсіх кандыдатаў, акрамя Санду, Стаяноглы і Усатага, мала шанцаў прайсці ў другі тур.
Расейскае ўмяшальніцтва і рэферэндум
Напярэдадні выбараў улады Малдовы заяўлялі пра расейскае ўмяшальніцтва ў выбарчую кампанію. Ішлося пра распаўсюд прарасейскіх наратываў і подкуп выбарнікаў, а таксама пра небяспеку закалотаў пасля выбараў, зарганізаваных прарасейскімі сіламі.
У 2022 годзе Малдова заявіла пра жаданне стацца сябрам Еўразвязу. Сёлета ў чэрвені ЕЗ афіцыйна адкрыў перамовы адносна прыняцця краіны. У Кішынэве прагназуюць, што гэта можа адбыцца ў 2030 годзе.
20 кастрычніка на выбарчых участках грамадзяне Малдовы атрымліваюць таксама другі бюлетэнь з пытаннем, ці падтрымліваюць яны, каб курс краіны на інтэграцыю ў Еўразвяз быў прапісаны ў прэамбуле Канстытуцыі, і каб будучае далучэнне Малдовы да асноўных дамоваў ЕЗ здзяйснялася галасаваннем большасці канстытуцыйнага складу парламенту.
Эксперты кажуць, што вынік рэферэндуму будзе мець выключна палітычнае значэнне і, якім бы ён ні быў, не зможа паўплываць на хуткасць уступлення Малдовы ў ЕЗ.
Марыя Міхалевіч belsat.eu