навіны

«Самае пекла чакае нас пасля». Як Расея рыхтуецца да прэзідэнцкіх выбараў у Малдове

Малдаване трымаюць сцягі Малдовы і ЕЗ падчас мітынгу і канцэрту пад адкрытым небам у двары штаб-кватэры прэзідэнткі Малдовы ў Кішынэве, Малдова. 17 снежня 2023 года. Фота: Elena Covalenco / AFP / East News
Малдаване трымаюць сцягі Малдовы і ЕЗ падчас мітынгу і канцэрту пад адкрытым небам у двары штаб-кватэры прэзідэнткі Малдовы ў Кішынэве, Малдова. 17 снежня 2023 года. Фота: Elena Covalenco / AFP / East News
podpis źródła zdjęcia

Неўзабаве ў Малдове пройдуць прэзідэнцкія выбары і рэферэндум аб уступленні ў Еўразвяз. У звязку з гэтым Крэмль ужо істотна нарасціў сваё ўмяшанне ва ўнутраныя справы краіны, каб не даць Кішынэву вырвацца з-пад свайго ўплыву. Але наперадзе – парламенцкія выбары, а значыць, і ўмяшанне Масквы будзе толькі нарастаць. Бо яе мэта – «ліквідацыя Малдовы як дзяржавы».

У Малдове, якая яшчэ ў 2022 годзе атрымала статус кандыдаткі ў ЕЗ, 20 кастрычніка пройдзе рэферэндум наконт сяброўства краіны ў Еўразвязе. У гэты ж дзень дзейная прэзідэнт Мая Санду пазмагаецца за свой другі тэрмін. Канкурэнцыю ёй складаюць 10 альтэрнатыўных кандыдатаў. Аднак, як заявіў у каментары «Белсату» старшыня супольнасці «WatchDog.MD» Валерыў Паша, толькі адзін з іх не прарасейскі – былы міністр спорту Актавіян Цыку. Іншыя дзявяцера, мяркуе суразмоўца, альбо стаўленікі Крамля, альбо «гуляюць у нейкія закулісныя гульні з людзьмі, якія працуюць на Крэмль».

На думку эксперта, прарасейскія кандыдаты могуць не падтрымліваць адкрыта Расеі і нават выступаць за ўступленне ў Еўразвяз, але ўсё гэта толькі таму, што «ў Маскве даўно зразумелі, што толькі на прарасейскіх ідэях у выбарах не перамагчы», пагатоў больш за палову грамадзянаў, паводле сацапытанняў, падтрымліваюць уступленне ў ЕЗ.

«Калі ты будзеш ісці супраць плыні, то проста не выйграеш большасці ў наступным парламенце. Пра прэзідэнцкія выбары казаць няма чаго. Адпаведна, тактыка траянскіх коней, якіх засылаюць на нібыта праеўрапейскі, нават на ўльтранацыяналістычны фланг палітыкі, далей прысутная», заявіў эксперт.

Паша падкрэсліў, што «засланыя казачкі» Крамля прысутнічалі ў нацыянальных і нават нацыяналістычных рухах краінаў былога СССР яшчэ з канца 1980-х. У якасці прыкладу прывёў Юр'е Рошку – аднаго з заснавальнікаў і актыўных удзельнікаў Народнага фронту Малдовы, былога віцэ-прэм'ера і віцэ-спікера парламенту, які «спальваў расейскія сцягі», а потым «адкрыта пачаў "тапіць" за Расею».

Прарасейскіх грамадзянаў – меншасць

Паша адзначыў, што «пэўны раскол» у малдаўскім грамадстве існуе, але краіна не падзеленая напалову «між тымі, хто прапануе рухацца ў бок Еўразвязу, і тымі, хто выступае за захаванне ў зоне ўплыву Расеі». Паводле яго, «за захаванне ў падвешаным стане, альбо збліжэнне з Расеяй» выступаюць толькі каля 30 % жыхароў Малдовы. Сярод жа дыяспары, якая складае «не меней за траціну ўсяго насельніцтва», абсалютная большасць і так ужо пражывае ў заходніх краінах, і таму выступаюць не проста за ўступленне ў Еўразвяз, але і «за збліжэнне з Захадам як такім».

Прэзідэнтка Малдовы Мая Санду выступае на штогадовым з'ездзе Еўрапейскай народнай партыі (ЕНП). Бухарэст, Румынія. 6 сакавіка 2024 года. Фота: Andreea Campeanu / Getty Images
Прэзідэнтка Малдовы Мая Санду выступае на штогадовым з'ездзе Еўрапейскай народнай партыі (ЕНП). Бухарэст, Румынія. 6 сакавіка 2024 года. Фота: Andreea Campeanu / Getty Images

У Расеі ж, паводле эксперта, жывуць «максімум 150 000 чалавек, з якіх большасць ужо даўно атрымала расейскае грамадзянства і нейкіх сур'ёзных сувязяў з Малдовай не падтрымлівае». А бальшыня «хрэстаматыйных» малдаўскіх гастарбайтараў, адзначыў ён, пакінула РФ яшчэ падчас пандэміі каронавіруса і пасля поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну.

Дый агулам у Малдове пасля 2022 года, хоць і «недастаткова, але ўсё ж кардынальна» ўпаў імідж Уладзіміра Пуціна, адзначыў Паша. Калі ў студзені 2022-га ўзровень даверу яму ў краіне складаў каля 55 %, то пасля пачатку агрэсіі упаў прыкладна да 35 %, а антырэйтынг, наадварот, вырас.

Радыкалізм і палярызацыя нарастаюць

Разам з тым, паводле эксперта, за апошнія месяцы «коштам вельмі агрэсіўнай прапагандысцкай кампаніі, падтрыманай Крамлём», у малдаўскім грамадстве ўзмацняецца палярызацыя і радыкалізацыя прарасейскіх грамадзянаў.

,,

«Іхнае бачанне шмат якіх праблемаў у грамадстве, шмат якіх працэсаў у Малдове кардынальна адрозніваецца ад большасці. Гэта значыць тых, хто выступае за збліжэнне з Расеяй, за ўступленне ў Еўразійскі Звяз, стала менш, але яны сталі нашмат больш адданыя радыкальным поглядам, якія адкідаюць аб'ектыўную рэальнасць. Гэта, вядома ж, эфект уплыву расейскай прапаганды», – сказаў Паша.


Эксперт адзначыў, што асабліва гэта праяўляецца ў рэгіёнах, дзе кампактна жывуць этнічныя меншасці – у Гагаузскай аўтаноміі і ў суседнім Тараклійскім раёне, дзе жывуць этнічныя балгары, а таксама сярод расейскамоўных грамадзянаў, якія ў асноўным размаўляюць і атрымліваюць інфармацыю па-расейску.

Паводле Пашы, найбольш прарасейска настроеныя асобы 50 гадоў і старэйшыя, якія настальгуюць па СССР, бо пасля яго распаду не здолелі адаптавацца да зменаў, што адбыліся. Тым больш, падкрэсліў ён, савецкая сістэма дазваляла не вывучаць мовы краіны, у якой жывеш, «паводзіць сябе як каланізатар».

Гэтыя людзі цяпер, як заявіў суразмоўца, актыўна спажываюць расейскамоўны кантэнт у сацыяльных сетках, дзе розныя блогеры «атрымліваюць інструкцыі, тэмы, што казаць, як казаць, спадзяюцца на эмоцыі, на нянавісць». Гагаузія ж, заявіў ён, наагул «усе гады незалежнасці Малдовы практычна жыве ў інфаполі Расеі».

Расею любяць толькі за грошы

Фактарам, што спрыяе прасоўванню расейскіх наратываў, Паша назваў карумпаванасць малдаўскіх палітычных элітаў:

«На ўзроўні Гагаузской аўтаноміі яны здолелі карумпаваць практычна ўсіх. Мы гаворым пра палітыкаў узроўню башканаў [кіраўніка аўтаноміі. – Заўвага рэд.], палітычных лідараў, дэпутатаў мясцовага самакіравання. На ўзроўні краіны – дзясяткі палітыкаў, палітычных партыяў, якія проста за грошы прасоўваюць цалкам свядома інтарэсы Расеі, прапаганду».

Жанчына аддае голас падчас мясцовых выбараў у Кішынэве, Малдова. 5 лістапада 2023 года. Фота: Aurel Obreja / AP Photo / East News
Жанчына аддае голас падчас мясцовых выбараў у Кішынэве, Малдова. 5 лістапада 2023 года. Фота: Aurel Obreja / AP Photo / East News

Аднак, паводле эксперта, у тым, што «палітыкі ў Малдове любяць Расею за грошы», ёсць і свой плюс: у краіне «ніколі не было аніводнага ідэйнага палітыка сур'ёзнага ўзроўню, які б сапраўды быў за «русский мир». А значыць, няма і «прыняцця ў малдаўскім палітычным класе гэтак званых еўразійскіх каштоўнасцяў».

Менавіта гэтым Паша тлумачыць адсутнасць адзінай маналітнай прарасейскай сілы і адзінага кандыдата ад яе на прэзідэнцкіх выбарах. І ўсе падазраваныя ў сувязях з Крамлём палітыкі ідуць на выбары ад розных сілаў і з рознымі праграмамі. Пагатоў, на думку эксперта, галоўная мэта РФ у Малдове не прэзідэнцкія, а парламенцкія выбары, бо ва ўмовах парламенцкай рэспублікі прэзідэнт без парламенцкай большасці «мала што можа».

«Ім [Крамлю. Заўвага рэд.] важна раздрабніць электарат максімальна і кожнаму скарміць розных палітыкаў. Камусьці адкрыта прарасейскіх, буйных, якія падтрымліваюць агрэсію Расеі супраць Украіны. Камусьці больш стрыманых кандыдатаў, якія нібыта выступаюць за мір ува ўсім свеце і нейтралітэт. І нават такіх, што кажуць, што нам трэба уступаць у Еўразвяз. Адпаведна, яны паспрабуюць урваць розныя сегменты электарату, працягнуць як мага больш партыяў у наступны парламент, згрупаваць іх так, каб сфармаваць парламенцкую большасць у наступным парламенце. Вось, уласна, і ўвесь план», – сказаў эксперт.

Санду перамагае, але рыхтуецца подкуп

Не зважаючы на разнастайнасць кандыдатаў на прэзідэнцтва, фаварытам застаецца дзейная кіраўніца дзяржавы Мая Санду. За яе, паводле апытанняў, гатовыя прагаласаваць 36,1 % выбарнікаў. Следам ідуць былы генпракурор Малдовы і пракурор Гагаузіі Александр Стаяногла з партыі сацыялістаў (10,1 %), былы мэр другога паводле велічыні гораду Малдовы Бельцы Рэната Усаты ад «Нашай партыі» (7,5 %) і дзейны башкан Гагаузіі Ірына Влах (4,1 %). Астатнія кандыдаты набіраюць ад 0 % да 3 %.

Пакуль Санду не стае галасоў для перамогі ў першым туры. Але, паводле Пашы, шмат будзе залежаць ад яўкі ў дыяспары. А таксама ад таго, колькі грамадзянаў Малдовы «за грошы ці праз шантаж» прымусяць прагаласаваць у Расеі і непадкантрольным Кішынэве Прыднястроўі. Акрамя таго, паводле малдаўскай паліцыі, толькі ў верасні з Расеі ў Малдову незаконна адправілі больш за $ 15 млн для куплі галасоў выбарнікаў.

«Грошы вылучаюцца каласальныя. Загад – грошай не лічыць. Колькі трэба, столькі пойдзе», – заявіў эксперт.

Людзі стаяць ля сцяга з партрэтам былога савецкага лідара Іосіфа Сталіна падчас маршу ў цэнтры Кішынэва ў гонар Дня Перамогі, Кішынэў, Малдова. 9 траўня 2024 года. Фота: Elena Covalenco / AFP / East News
Людзі стаяць ля сцяга з партрэтам былога савецкага лідара Іосіфа Сталіна падчас маршу ў цэнтры Кішынэва ў гонар Дня Перамогі, Кішынэў, Малдова. 9 траўня 2024 года. Фота: Elena Covalenco / AFP / East News

Таксама незразумелы ўзровень яўкі ў традыцыйна прарасейскіх Гагаузіі і Тараклейскім раёне. Таму, адзначае Паша, гарантаваць перамогу дзейнага прэзідэнта ў першым туры пакуль немагчыма, але «абсалютна ўсе апытанні паказваюць, што ўсё адно, з кім выйдзе ў другі тур Мая Санду, яна перамагае ў другім туры».

Мэта – ліквідацыя Малдовы як дзяржавы

Суразмоўца адзначыў, што Расея робіць розныя крокі дзеля дэстабілізацыі сітуацыі ў краіне. У прыватнасці, апошнімі гадамі Малдова сталася ахвяраю сотняў хлуслівых паведамленняў пра мінаванне, розных інфармацыйных нападаў, спробаў зарганізаваць з дапамогаю спартоўцаў сутычак з паліцыяй.

Усё гэта робіцца, заявіў Паша, каб утрымаць Малдову ад канчатковага сыходу ў Еўропу, пакінуць яе «ў шэрай зоне»:

«Каб у перспектыве, як спадзяецца Пуцін, калі ён дацісне і захопіць паўднёвую частку Украіны, Малдова для яго была нескладаным бонусам. Гэта значыць, канчатковая мэта – захоп і анексія тэрыторыі. Ліквідацыя Малдовы як дзяржавы».

Паводле разлікаў эксперта, Крэмль толькі ў 2024 годзе можа вылучыць сумарна не менш за $ 150 млн, каб не дапусціць канчатковага выхаду Малдовы са сваёй зоны ўплыву. Як заявіў суразмоўца, для Расеі гэта не такія і вялікія грошы, бо столькі яна выдаткоўвае «за дзве гадзіны ўдараў па Кіеве ракетамі і дронамі».

Аляксандр Лукашэнка і Касым-Жамарт Такаеў. Фота: president.gov.by

Як Лукашэнка з Такаевым пасварыліся

навіны

Найбліжэйшым часам Паша чакае ўзмацнення спробаў нагнятання сітуацыі ў краіне ў звязку з набліжэннем прэзідэнцкіх выбараў:

«Але я думаю, што самае пекла нас чакае пасля прэзідэнцкіх выбараў, недзе з вясны наступнага года, калі будуць набліжацца парламенцкія выбары. Тады, я ўпэўнены, што і грошай нашмат больш будзе ўкідвацца. І масавы подкуп або спробы масавага подкупу выбарнікаў будуць, і шалёная дэзінфармацыя, і правакацыі, і заявы МЗС РФ».

Не выключае экспэрт правакацыяў і з боку расейскіх войскаў у Прыднястроўі. Аднак там няма жывой сілы і тэхнікі, здольных да сур'ёзнай ваеннай аперацыі. Як няма і «асабліва буйных» у астатняй частцы Малдовы, якія хочуць ісці на ўзброенае супрацьстаянне з уладамі.

Не чакаючы шырокамаштабнага супрацьстаяння, Паша ўсё ж адзначае: «у вызначальны момант» Расея можа паўплываць на настроі ў малдаўскім грамадстве, а значыць, да гэтага трэба быць гатовымі.

Макар Мыш / ЮК belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10