навіны

МЗС Беларусі заявіла пра поспехі ў пераадольванні міграцыйнага крызісу

МЗС Беларусі.
МЗС Беларусі. Фота: mfa.gov.by
podpis źródła zdjęcia

Улады Беларусі заявілі, што ім удалося знізіць колькасць нерэгулярных мігрантаў, якія аказваюцца на тэрыторыі краінаў Еўразвязу, да ўзроўню 2020 года і ніжэй.

Як паведамляе БелТА, адпаведную заяву зрабіў дарадца сталага прадстаўніцтва Беларусі пры арганізацыях ААН у Вене Вадзім Пахомчык на 12-й сесіі Канферэнцыі дзяржаваў удзельніц Канвенцыі ААН супраць транснацыянальнай арганізаванай злачыннасці.


«На заходняй мяжы Беларусі з 2021 года, калі Беларусь сутыкнулася з ростам некантраляванага прытоку мігрантаў, складваецца няпростая сітуацыя», адзначыў дарадца.


Пахомчык заявіў, што Беларусь нібыта зрабіла неабходныя захады для мінімізацыі негатыўных наступстваў, у тым ліку былі арганізаваныя рэйсы ў межах праграмаў на вяртанне. «Кампетэнтныя органы» на сталай аснове праводзяць «аператыўна-прафілактычныя ды іншыя захады, скіраваныя на ўстанаўленне і ліквідацыю каналаў незаконнай міграцыі».


«Гэтыя ды іншыя зробленыя захады дазволілі на гэтым кірунку знізіць колькасць нелегальных мігрантаў, якія аказваюцца на тэрыторыі краінаў ЕЗ, да ўзроўню 2020 года і ніжэй, заявіў дыпламат. Такім чынам, нашыя дзеянні вельмі дзейсныя і прыносяць вялікі эфект, перш за ўсё для краінаў ЕЗ. Але ў той жа час у цяперашнім кантэксце з улікам згорнутага памежнага ўзаемадзеяння сумежных краінаў Беларусь не можа ў поўным аб'ёме дапамагаць краінам Еўразвязу ў абароне ад плыні мігрантаў, як гэта было раней. Развязваць гэтую праблему можна толькі комплекснымі намаганнямі і толькі шляхам супрацы ўсіх уцягнутых суб'ектаў».


Нагадаем: міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і Еўразвязу быў штучна справакаваны рэжымам Аляксандра Лукашэнкі ў 2021 годзе. Адпраўным пунктам крызісу стаўся скандал з пасадкаю самалёта «Ryanair» у траўні 2021 года, які пацягнуў за сабою маштабныя абмежавальныя захады з боку ЕЗ і ў тым ліку ўвядзенне сектаральных санкцыяў. У гэтай сітуацыі рэжым Лукашэнкі даў зразумець, што разглядае міграцыйнае пытанне ў якасці механізму шантажу Еўразвязу і помсты за санкцыі. Спачатку галоўным кірункам мігранцкіх плыняў была Літва, потым – Польшча.


Найбольш вострая фаза крызісу прыпала на восень 2021 года, потым напружанасць на мяжы пайшла на спад. Аднак з вясны 2024-га Польшча зноў пачала фіксаваць рост спробаў нелегальна мінуць мяжу з боку Беларусі. Пры гэтым расла не толькі колькасць мігрантаў, але і іхная агрэсіўнасць. У траўні і пачатку чэрвеня паведамлялася пра шэраг выпадкаў, калі польскія жаўнеры атрымлівалі сур’ёзныя раненні ў выніку нападу мігрантаў. 28 траўня сталася вядома, што мігрант, які спрабаваў нелегальна трапіць з Беларусі ў Польшчу, ударыў нажом польскага жаўнера. Раненне аказалася смяротным: 6 чэрвеня 21-гадовы Матэўш Сітэк памёр у шпіталі.


Пасля гэтай трагедыі напружанасць на мяжы Беларусі і ЕЗ істотна знізілася. У пачатку кастрычніка колькасць спробаў незаконна мінуць мяжу з ЕЗ упала да мінімуму з канца лютага 2024-га.

Падрабязней глядзіце ў сюжэце:


Глеб Нержын belsat.eu


больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10