Гісторыкі НАН даказалі расейскі характар Вялікага Княства Літоўскага, транзіт дзяржаўнасці з ВКЛ у Расейскую імперыю, а таксама адсутнасць грунту ў БНР. Пра гэта на Міжнародным кангрэсе гісторыкаў Беларусі распавёў дэкан гістарычнага факультэту Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту Віктар Белазаровіч.
Што падштурхнула беларускіх даследчыкаў да такіх заяваў і наколькі ім можна давяраць, - пра гэта нашаму тэлеканалу распавялі палітычны аналітык Вадзім Мажэйка і гісторык Аляксандр Пашкевіч.
Агулам, у пытаннях так званай гістарычнай праўды Беларусь і Расея цяпер салідарныя, прынамсі, такі асноўны пасыл транслюе прапаганда рэжыму. Менавіта ў часы Расейскай імперыі склаліся ўмовы для фармавання беларускае нацыі, даводзіць у сваім дакладзе Белазаровіч:
«У сучаснай канцэпцыі гісторыі Беларусі няма вобразу ворага, няма месца міжэтнічным нацыянальным канфліктам. Гэтая канцэпцыя пабудавана ў інтарэсах супольнага цывілізацыйнага развіцця Расіі і Беларусі».
Паводле палітычнага аналітыка Вадзіма Мажэйкі, такая рыторыка цалкам адпавядае палітычным і эканамічным рэаліям, у якіх апынуўся рэжым Лукашэнкі.
,,«Безумоўна, калі максімальна спрашчаць, то, канешне, наратывы - давайце нам газ па коштах Смаленска, таму што мы самі такія ж рускія. Вось глядзіце і погляд на гісторыю у нас супольны. Канферэнцыя існуе не ў вакууме, а ў кантэксце агульнага наратыва на сяброўства з Расеяй, дзе і ордэн за вернасць Лукашэнку ўручаюць. Ну, то не дзіва і канферэнцыі такія».
Сярод заяўленых на канферэнцыі дакладаў на гістарычную тэматыку няма ніводнага, які рэпрэзентаваў бы падыход, альтэрнатыўны расейскацэнтрычнаму.
Паводле Вадзіма Мажэйкі, праблема не ў тым, што існуе адзін ці іншы падыход, а ў тым, ці могуць існаваць альтэрнатыўныя думкі, ці могуць быць гісторыкі ў дзяржаве, якія не пагаджаюцца з гэтым наратывам, ці могуць яны быць супольна на такіх канферэнцыях, весці дыскусіі.

Навукоўцы Беларусі і Расеі на сёлетнім кангрэсе гісторыкаў нібыта выступаюць лакаматывамі супрацьдзеяння фальсіфікацыі гісторыі: неабходна ўзмацніць патрыятычна-вайсковае выхаванне школьнікаў, заблакаваць доступ да рэсурсаў і літаратуры, якія, маўляў, супярэчаць інтарэсам дзяржавы. Гісторык Аляксандр Пашкевіч лічыць, што гэта ўжо цалкам ціск расейскай прапаганды:
,,«Небяспеку стварае не так сама лукашэнкаўская прапаганда, як тое, што гэта сапраўды вельмі звязана з Расеяй, яе прапагандай, улічваючы таксама нашу моўную сітуацыю, нашу ўключанасць у гэтую агульную культурную прастору. Гэта, на мой погляд, найбольшая небяспека для свядомасці нашай моладзі».
Супрацьстаяць гэтае небяспецы, паводле нашых суразмоўцаў, можна праз папулярызацыю правераных гістарычных крыніцаў, стварэнне і развіццё нацыянальна арыентаваных прадуктаў і каналаў.
Падрабязней глядзіце ў сюжэце:
Уладзіслаў Корсак, Марыя Голдстэйн, «Белсат»