навіны

«Што ты ясі на абед, мая дзяржава?..» Купалаўцы паказалі ў Варшаве «Экстрэмістаў»

img
Спектакль «‎Экстрэмісты‎» ў выкананні тэатральнай групы «Вольныя купалаўцы‎». Варшава, Польшча. 15 кастрычніка 2024 года. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

15 кастрычніка купалаўцы прэзентавалі ў Варшаве прэм'ерны спектакль «Экстрэмісты», пастаўлены паводле аднайменнай п'есы вядомай беларускай паэткі Юліі Цімафеевай. Напрыканцы – слёзы на вачах актораў, слёзы на вачах гледачоў і гучныя воплескі. Уся сцэна засыпаная парванымі лістамі і паштовымі канвертамі ўперамешку з туалетнай паперай… «Белсат» пабываў на прэм'еры.

Рэжысёр «Экстрэмістаў» Аляксандр Гарцуеў стварыў у межах сцэнічнай прасторы сусвет, у якім гарадскія пейзажы аўстрыйскага гораду дзіўным чынам пераплятаюцца з задушлівай атмасферай турэмнай камеры ў Беларусі, малітва – з бруднымі рэплікамі п'янага вертухая, паэзія – з кашмарам, слёзы – са смехам… 

Гэта спектакль пра лісты, турэмныя «дарогі» і сувязь паміж людзьмі. Пра кантакт. А дакладней – пра немагчымасць кантакту. 

Гэта спектакль, у якім акторы ніводнага разу не дакрануліся адно да аднаго…


Спектакль «‎Экстрэмісты» ў выкананні тэатральнай групы «Вольныя купалаўцы‎». Варшава, Польшча. 15 кастрычніка 2024 года. Фота: Белсат
Спектакль «‎Экстрэмісты» ў выкананні тэатральнай групы «Вольныя купалаўцы‎». Варшава, Польшча. 15 кастрычніка 2024 года. Фота: Белсат

«Гэта шэкспіраўская тэма»

«Лісты і паштоўкі… Такая дэталь беларускай турэмнай сістэмы. Лісты і сувязь паміж людзьмі. Аб гэтым гаварылася многа. Але гэта сапраўды чалавечая трагедыя, калі людзі застаюцца без сувязі са сваімі каханымі, сваякамі і сябрамі – са знешнім светам. Гэта шэкспіраўская тэма», – зазначыў у размове з «Белсатам» ужо пасля прэм'еры спектаклю рэжысёр Аляксандр Гарцуеў.

Але гэтая трагедыя была добра прыпраўленая фарсам. Ці не самы смешны момант: турэмны вертухай (Аляксандр Зелянко) – ён жа цэнзар, ён жа ціхар, ён жа рэкламны агент турэмных паслугаў, «вельмі падобны да дальнабойніка», п'е гарэлку і закусвае кілбасой, якую дастае з чыёйсьці ўспоратай перадачы. Толькі праз нейкі момант заўважаеш на торбе з перадачай надпіс: «Аляксандру Лукашэнку ад Мікалая Лукашэнкі». 


Спектакль «‎Экстрэмісты» ў выкананні тэатральнай групы «Вольныя купалаўцы‎». Варшава, Польшча. 15 кастрычніка 2024 года. Фота: Белсат
Спектакль «‎Экстрэмісты» ў выкананні тэатральнай групы «Вольныя купалаўцы‎». Варшава, Польшча. 15 кастрычніка 2024 года. Фота: Белсат

Здавалася б, вось ён момант, калі глядзельная зала выбухне смехам. Але там – напружаная цішыня.

,,

«Смешнага ў спектаклі многа, але гэта такі смех – унутраны, не ад пуза», – скажа пазней рэжысёр.


Смех і боль, белае і чорнае. Шмат што працуе на кантрастах. Цікава, што адна з галоўных гераінь – Наста, якую грае непараўнальная Зоя Белахвосцік, – у чорнай сукенцы. У чорнай, хаця застаецца на волі, у бяспецы, у заходняй краіне. А вось адрасаты ейных лістоў – Саша і Ліза (Сяргей Чуб і Кацярына Яворская), якія праходзяць праз усе пякельныя колы турэмнай сістэмы РБ (Акрэсціна, Валадарка, калонія), – у белым. 

«Няхай з намі ўсё будзе добра!»

«Ліст у турму мусіць нагадваць замову або малітву: няхай з намі ўсё будзе добра!» – кажа гераіня Зоі Белахвосцік. 

Але ў турэмных цэнзараў іншыя правілы. Словы Насты гучаць пад акампанемент шрэдара – машынкі для знішчэння лістоў і дакументаў, улюбёнай забаўкі турэмнага цэнзара. Прычым лісты ён дастае з кошыка-вазка, якім у нармальным жыцці людзі карыстаюцца толькі ў супермаркетах. 

Гэты вазок будзе знікаць і з'яўляцца цягам усёй п'есы. У нейкі момант яго будуць упрыгожваць чырвона-зялёныя сцяжкі. Напрыканцы спектаклю персанаж Аляксандра Зелянка, які мае ўвасабляць ці не ўсю лукашэнкаўскую сістэму, нават правядзе аўкцыён, адной рукой прытрымліваючы вазок, а ў другой трымаючы гумовую дубінку. Гатовы прадаць усё. І, напэўна, усіх. 


Спектакль «‎Экстрэмісты» ў выкананні тэатральнай групы «Вольныя купалаўцы‎». Варшава, Польшча. 15 кастрычніка 2024 года. Фота: Белсат
Спектакль «‎Экстрэмісты» ў выкананні тэатральнай групы «Вольныя купалаўцы‎». Варшава, Польшча. 15 кастрычніка 2024 года. Фота: Белсат

«Гэтыя моманты з прыдуркаватым угарам – так было і ў рэчаіснасці»

Не сакрэт, што літаратарка Юлія Цімафеева напісала п'есу «Экстрэмісты» на падставе гісторыі затрымання і зняволення свайго брата Пятра Марчанкі і ягонай жонкі Юліі Марчанкі – музыкаў, асуджаных на паўтара года калоніі паводле «справы гурта «Irdorath». Прататыпы Сашы і Лізы падчас прэм'еры былі сярод гледачоў. 

Ужо па заканчэнні спектаклю былыя палітзняволеныя прызналіся нам, што пачулі ў п'есе шмат жывых цытатаў з сапраўдных лістоў. 

«Гэта было дзіўна, калі ты глядзіш спектакль, дзе героі гавораць тваімі словамі. Але я адразу ўспрымала ўсё так, што гэта не толькі я, а такі зборны вобраз. Гэта пра ўсіх тых, хто трапіў за краты, хто знаходзіцца там зараз, хто быў там», – гаворыць музыка і былая палітзняволеная Юлія Марчанка. 


Яна прызнаецца, што ў пастаноўцы ёй найбольш спадабалася частка пра «дарогі» (шляхі камунікацыі паміж вязнямі ў турмах), у якой акторы «плялі чырвоную вяровачку». «Гэта сапраўды было моцна!» – кажа Юлія.



Спектакль «‎Экстрэмісты» ў выкананні тэатральнай групы «Вольныя купалаўцы‎». Варшава, Польшча. 15 кастрычніка 2024 года. Фота: Белсат
Спектакль «‎Экстрэмісты» ў выкананні тэатральнай групы «Вольныя купалаўцы‎». Варшава, Польшча. 15 кастрычніка 2024 года. Фота: Белсат

«Мне было складана дыстанцавацца, калі рэальна чуеш на сцэне свае словы, – прызнаецца Пятро Марчанка. – Але я разумею, што гэта праца актораў, і гэта тое, як яны ўсё бачаць. Калі Зоя Белахвосцік, якая грае Юлю, пачала чытаць яе вершы, мне стала падабацца. І яшчэ моманты гэтыя вясёлыя, з прыдуркаватым угарам. Ведаеце, гэта ж так усё і было ў рэчаіснасці! І гэта мне таксама спадабалася».

Нагадаем, што год таму мы таксама расказвалі гісторыю Пятра і Юліі Марчанкаў: як Юлія жанглявала мандарынамі ў камеры на Валадарцы і як Пятро граў на бансуры на зонаўскай промцы ў папраўчай калоніі № 3. 

«Музыка стала нашым злачынствам»

Ад адной з апошніх сцэнаў «Экстрэмістаў» па скуры бягуць дрыжыкі: гераіня Зоі Белахвосцік уся ў чорным стаіць на ўзвышэнні – на тле экрана з кадрамі маршаў 2020 года ў Менску. Ліза і Саша – ніжэй – аблітыя халодным святлом. Наста пытаецца: «Што ты ясі на абед, мая дзяржава?» І сама ж адказвае: «Сваіх дзяцей».


Спектакль «‎Экстрэмісты» ў выкананні тэатральнай групы «Вольныя купалаўцы‎». Варшава, Польшча. 15 кастрычніка 2024 года. Фота: Белсат
Спектакль «‎Экстрэмісты» ў выкананні тэатральнай групы «Вольныя купалаўцы‎». Варшава, Польшча. 15 кастрычніка 2024 года. Фота: Белсат

«За чатыры гады дзяржаўнага тэрору пяцьдзясят тысяч чалавек прайшлі праз турмы. З палітычных прычын. Былі збітыя і катаваныя. Вы чуеце? Пяцьдзясят тысяч! Тры з паловаю тысячы былі прызнаныя палітзняволенымі, шасцёра загінулі ў турме…» – крычыць Саша.


,,

«За тое, што ўзброеныя барабанамі, гітарамі, мы гралі на дудах. За каментар, за лайк, за ўзняты сцяг! За тое, што чыталі забароненыя навіны! За тое, што спявалі песні пра перамены, якія ніяк не адбудуцца. Мы займаліся «экстрэмізмам»! Песня была нашым супрацівам. Музыка стала нашым злачынствам», – гучыць у фінале спектаклю. 



Калі купалаўцы сыходзяць са сцэны, яна застаецца пакрытая белымі шматкамі парваных і парэзаных лістоў уперамешку з туалетнай паперай…

Спектакль «‎Экстрэмісты» ў выкананні тэатральнай групы «Вольныя купалаўцы‎». Варшава, Польшча. 15 кастрычніка 2024 года. Фота: Белсат
Спектакль «‎Экстрэмісты» ў выкананні тэатральнай групы «Вольныя купалаўцы‎». Варшава, Польшча. 15 кастрычніка 2024 года. Фота: Белсат

«Я задаволены. Усё збольшага ўдалося. У мяне няма адчування недаробленасці. Я задаволены сваімі калегамі і задаволены вынікам», – падсумаваў пасля прэм'еры спектаклю рэжысёр Аляксандр Гарцуеў.

Купалаўцы пакажуць «Экстрэмістаў» у Варшаве яшчэ 16 і 17 кастрычніка. Спектаклі пройдуць на сцэне «Przodownik» (Olesińska 21) Варшаўскага драматычнага тэатру. Пачатак а 19:00. Купіць білеты можна онлайн. 

Падрабязней глядзіце ў сюжэце:


Зміцер Міраш belsat.eu   


больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10