Ураган быў яшчэ не наймацнейшай катэгорыі, калі дайшоў да берагоў штату Флорыда, але ўсё адно прынёс вялізныя разбурэнні.

«Упершыню за мае 27 гадоў тут абвесцілі эвакуацыю». Як Флорыда рыхтавалася да ўрагану і перажыла яго
Увечары 10 кастрычніка ўраган Мілтан пакінуў тэрыторыю Злучаных Штатаў. Але ліквідацыя наступстваў будзе трываць яшчэ доўга.
«Яшчэ не найгоршы сцэнар», – так апісаў наступствы ўрагану Мілтан губернатар штату Флорыда Рон ДэСэнтыс.
Над Мексіканскай затокай ураган дасягаў наймацнейшай, 5-й катэгорыі: шмат дзе ў Флорыдзе абвяшчалі эвакуацыю. Калі ўраган абрынуўся на сушу блізу Тампы, вецер суцішыўся да 3-й катэгорыі, далей па сушы пайшоў у 1-2-й катэгорыях.
Ды разбурэнні ўсё адно значныя. Пагатоў Мілтан прыйшоў праз два тыдні пасля Гэлен – яшчэ аднаго моцнага ўрагану, які абрынуўся на ўсход Злучаных Штатаў, у тым ліку Флорыду, і забіў больш за дзвесце чалавек. Некаторыя месцы, паруйнаваныя Гэлен, ужо былі руйнаваныя ўраганам Ен у 2022 годзе.
Як паведамілі «CBS News» улады Флорыды, увечар ў аўторак, 10 кастрычніка, было вядома аб прынамсі 16 ахвяраў урагану. Лічбы могуць яшчэ змяніцца, бо ўлады яшчэ ацэньваюць наступствы ўрагану і знаходзяць пацярпелых аж за 50 кіламетраў ад берагу. Агулам ратаваць давялося амаль тысячу чалавек. І гэта робяць не толькі ратавальнікі: здымачная група каналу «WFLA-TV» уратавала ў Лэйклэндзе маці з чатырма дзецьмі, якія сем гадзінаў не маглі выбрацца з затопленага дому.
Ураган ударыў па густанаселеным раёне – там жывуць больш за 3 млн чалавек. Без святла заставаліся больш за 3 млн будынкаў. Але мясцовыя жыхары ўжо пачынаюць вяртацца ў свае дамы – або тое, што ад іх засталося. Ацэньваць фінансавыя страты пакуль цяжка, але «Fitch Ratings» мяркуе, што страты складуць $ 30–50 млрд.
У Санкт-Пецярбурзе, штат Флорыда, Мілтан прынёс 480 мм ападкаў, а ў пратоцы Эгмант паблізу вятры дасягалі 169 км/г. Шмат дзе на паўднёвым усходзе штату ўзровень вады падымалася на чалавечы рост, а ў акрузе Саратога – на ўсе 2,5–3 м. Ураган выклікаў і масіўныя тарнада.
Ураганы як Гэлен і Мілтан будуць яшчэ горшымі праз змену клімату, засцерагаюць даследнікі. А ўжо ў цяперашніх умовах ураганы ўзроўню Гэлен могуць здарацца ў сярэднім раз на сем гадоў.
Уратаваць жыцці, як адзначае «The New York Times», дапамаглі раннія і частыя абвесткі. Ды і жыхары Флорыды вучацца спраўляцца з пагрозамі: штат увёў больш строгі будаўнічы кодэкс. Але жыць ад урагану да ўрагану падабаецца не ўсім: жыхарка Флорыды тлумачыла CNN, што «трэба будаваць крэпасць», каб перажыць такія штормы, таму яна пераязджае ў Лос-Анжэлес, на іншы край Штатаў.

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн запэўніваў, што атрымлівае прамыя звесткі ад Федэральнай службы кіравання ў надзвычайных сітуацыях (FEMA) і ад губернатара Флорыды, сустракаецца х кіраўнікамі іншых міністэрстваў і ведамстваў, сфакусаваны на экстранай дапамозе пацярпелым.
Але ўраганы могуць мець не толькі наўпроставыя наступствы, але і палітычныя: да прэзідэнцкіх выбараў у ЗША застаецца менш як месяц, а Флорыда – штат, які з невялікай перавагай аддае галасы Рэспубліканскай партыі. Некаторыя рэспубліканцы, як скандальная ўльтраправая дэпутатка-канспіролаг Марджары Тэйлар-Грын, вінавацяць Дэмакратычную партыю ў тым, што яна «кантралюе надвор’е» і насылае ўраганы на «рэспубліканскія» штаты, а таксама ў тым, што яна «не дапамагае» ахвярам ураганаў. А дэмакраты ў сваю чаргу публікуюць імёны дэпутатаў-рэспубліканцаў, якія галасавалі супраць фінансавання FEMA.
Алесь Наваборскі belsat.eu