навіны

Ці пойдзе Крэмль на саступкі ў вайне? Палітолагі пра адказ Пуціна на прапанову замірэння

Уладзімір Пуцін падчас наведвання пункту кіравання курскаю групоўкай. Адметна, што ён быў у вайсковай уніформе. Фота: Kremlin.ru
Уладзімір Пуцін падчас наведвання пункту кіравання курскаю групоўкай. Адметна, што ён быў у вайсковай уніформе. Фота: Kremlin.ru
podpis źródła zdjęcia

«Мяч на баку Расеі», – кажуць у амерыканскай адміністрацыі, чакаючы адказу Пуціна што да 30-дзённага замірэння. Але якім можа быць гэты адказ? Ці можна чакаць ад яго крокаў насустрач спыненню вайны? А можа, ён захоча ісці да канца? Пра гэта ў эфіры «Вот Так» разважалі палітолаг Аляксандр Марозаў і палітолаг-амерыканіст Аляксандра Філіпенка. 

Пуцін наведаў Курск: што гэта значыць?


Паводле меркавання Аляксандра Марозава, з'яўленне Пуціна ў Курскай вобласці ў поўнай вайсковай уніформе – гэта «дэманстрацыя таго, што Крэмль збіраецца настойваць на тых жа патрабаваннях, сфармуляваных у так званым ультыматуме Пуціна ў снежні 2021 года». Гэтыя патрабаванні залучаюць спыненне пашырэння NATO і адмову краінаў рэгіёну ад вайсковай супрацы з альянсам.

Аляксандр Марозаў падкрэслівае, што гэты візіт адбываецца напярэдадні сустрэчы прадстаўніка ЗША ў Маскве Стыва Ўіткафа, і чакае, што Крэмль прэзентуе сваю пазіцыю падчас супольнай прэс-канферэнцыі, на якой будзе прысутнічаць і Аляксандр Лукашэнка, які якраз цяпер у Маскве з афіцыйным візітам. «Мы да вечара, відаць, даведаемся пра канцэптуальныя кірункі адказу Крамля на ініцыятыву Трампа», – адзначае палітолаг.

Марозаў думае, што Уладзімір Пуцін не прыме ўмоваў, што ўраўноўваюць яго з Уладзімірам Зяленскім, не сядзе за адзін стол разам з прэзідэнтам Украіны.

,,

«Ягоная нянавісць да Зяленскага надзвычай высокая і вызначае палітычныя дзеянні Пуціна. Так што тут Пуцін будзе манеўраваць, але ўхіляцца ад канчатковага рашэння, аднак пры гэтым не будзе ісці на беспасярэдні канфлікт з Доналдам Трампам і будзе старацца яго пазбягаць», – адзначае палітолаг. 


Аляксандр Марозаў звяртае ўвагу і на стратэгію Крамля ва ўмовах магчымых ціскаў з боку ЗША. Пуцін будзе імкнуцца перавесці фокус перамоваў з вайсковага пытання на эканамічную супрацу. «Калі гэта пачнецца, гэта будзе дрэнны сцэнар, бо ён разбурыць рэжым санкцыяў супраць Масквы», – разважае ён.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Zelenskiy / Official / Telegram
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Zelenskiy / Official / Telegram
Украінская і амерыканская дэлегацыі падчас перамоваў у Джыдзе, Саудаўская Аравія, 11 сакавіка 2025 года. Фота: Andrii Sybiha / Х

30 дзён на мір: што прынеслі перамовы ў Саудаўскай Аравіі?

навіны

Інструменты ціску на Крэмль ёсць, але…



Адначасова Марозаў адзначае, што нават у выпадку жорсткіх эканамічных санкцыяў Крэмль не адмовіцца ад сваіх ваенных мэтаў: «Інструменты ціску ёсць, яны будуць дзеяць разбуральна для расейскай эканомікі і для Крамля, але гэта не будзе пытаннем завяршэння вайны ў 2025 годзе».


Паводле палітолага, згода Украіны на 30-дзённае перамір'е ёсць палітычна выгадным крокам, які перакладае адказнасць за працяг вайны на Крэмль. «Цяпер адказнасць за вайну пераносіцца на Пуціна, і ён павінен зрабіць крокі ў адказ», – кажа Марозаў.


Што датычыць унутранай сітуацыі ў Расеі, палітолаг мяркуе, што ў атачэнні Пуціна існуюць дзве групы: адны выступаюць за мінімізацыю ваенных дзеянняў дзеля эканамічнай супрацы, іншыя падтрымліваюць працяг вайны дзеля перамогі над Захадам. Аднак, на думку Марозава, абедзве групы будуць падпарадкоўвацца пастанове Пуціна, незалежна ад яе характару.


Падсумоўваючы, Марозаў падкрэслівае: Крэмль будзе працягваць манеўраваць і ўхіляцца ад канчатковых рашэнняў, не рызыкуючы пайсці на беспасярэдні канфлікт з Доналдам Трампам. Сённяшнія заявы Пуціна на супольнай прэс-канферэнцыі з Лукашэнкам могуць прадэманстраваць новы этап ультыматуму Крамля. Што да прысутнасці кіраўніка Беларусі на прэс-канферэнцыі, то, паводле Аляксандра Марозава, Пуцін тут надае некаторае падтрыманне Аляксандру Лукашэнку.


«Для Лукашэнкі, безумоўна, выгадна, што ён будзе ў гістарычны момант, калі Пуцін абвяшчае свой новы ультыматум, побач з Пуціным», – адзначыў палітолаг. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Zelenskiy / Official / Telegram
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Zelenskiy / Official / Telegram

Трамп хоча быць галоўным міратворцам


Палітолаг-амерыканістка Аляксандра Філіпенка ў сваім каментары для «Вот Так» падкрэслівае, што галоўная мэта Доналда Трампа – дэманстрацыя здольнасці дасягнуць міру і прыпыніць вайну ва Украіне. Яна адзначае, што «Трамп лічыць сябе вартым Нобэлеўскай прэміі міру і ўсіх іншых прэміяў за спыненне войнаў». Цяперашнія ж перамовы паміж ЗША, Украінай і Расеяй сведчаць пра жаданне Трампа паказаць сябе галоўным міратворцам.

Філіпенка звяртае ўвагу на тое, што супольная заява Украіны і ЗША пасля перамоваў у Джыдзе сігналізуе пра поўнае ўзаемаразуменне паміж бакамі: «Такое адбываецца вельмі нячаста падчас перамоваў, і гэта асаблівы сігнал пра поўную згоду [паміж Вашынгтонам і Кіевам. – Заўв. рэд. «Белсату»]», – падкрэслівае палітолаг.

Асноўная праблема, паводле Філіпенкі, – небяспека зацягвання працэсу з боку Крамля. Яна падкрэслівае: «Доналд Трамп вельмі спяшаецца» і баіцца, што Расея будзе марудзіць з адказам на прапановы. Згодна з паведамленнямі амерыканскіх медыяў, Крэмль дэманструе непахісную пазіцыю і працягвае падкрэсліваць статус «спецыяльнай вайсковай аперацыі».

Асаблівую ўвагу палітолаг надае магчымасці ўвядзення новых санкцыяў супраць Расеі з боку ЗША, калі яна адмовіцца ад прапанаваных умоваў. Філіпенка пры гэтым цытуе сенатара Ліндсі Грэма: «Калі Расея адмовіцца, нам трэба ўчыніць ёй пекла з санкцыяў». Аднак канкрэтныя механізмы ціску пакуль не агучаныя. Філіпенка мяркуе, што пад санкцыйны ціск могуць трапіць нават найбліжэйшыя хаўруснікі ЗША, у тым ліку краіны Еўразвязу, якія працягваюць гандляваць з Расеяй.

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10