Праз цэнтральную частку амерыканскага штату Флорыда прайшоў ураган Мілтан. Сіноптыкі прадказвалі яго выключную разбуральную сілу і спачатку надалі катэгорыю 5 з хуткасцю ветру больш за 252 км/г. Аднак пасля выхаду ўрагану на сушу яго катэгорыю панізілі да першай, вецер аслаб да 150 км/г. Напярэдадні жыхарам некаторых рэгіёнаў Флорыды загадалі абавязкова эвакуявацца. Пагутарылі з украінкай Юліяй Шаўчэнкай, чый дом стаіць якраз у такой мясцовасці, адкуль трэба было з'ехаць.
«Вас не будуць абавязаныя ратаваць»
Папярэджанне пра наймацнейшы за сто гадоў ураган і абвестка пра абавязковую эвакуацыю з’явіліся за некалькі дзён да меркаванага ўдару стыхіі. Пры гэтым пакідаць свае дамы загадалі не ўсім жыхарам Флорыды.
«У нас мясцовасць падзеленая на зоны паводле літараў: А, В, С, D. Падзел залежыць ад блізкасці да вады, а таксама ад стану ліўневай каналізацыі: ёсць старыя раёны, якім больш за сто гадоў з вельмі кепскай ліўнеўкай. А – самая небяспечная зона. Я жыву ў зоне В, і за мае 27 гадоў жыцця ў Флорыдзе нам упершыню абвесцілі пра абавязковую эвакуацыю», – распавядае Юлія, жыхарка гораду Тарпан-Спрынгс (Tarpon Spings) у Флорыдзе.
Абавязковая эвакуацыя, аднак, не значыць, што да вас прыйдуць дамоў і вывезуць вас гвалтам, кажа нашая суразмоўца:
,,«Ніхто не можа прымусіць вас з’язджаць, але ў выпадку, калі вы засталіся ў зоне абавязковай эвакуацыі, і да вас будзе немагчыма дабрацца, вас не будуць абавязаныя ратаваць».
Са словаў Юліі, у сваіх дамах засталося шмат людзей, аднак у зонах А і В больш за палову з’ехалі.
Прыватным асобам дзяржава ў эвакуацыі не дапамагае: людзі ўсё робяць самі за свой кошт. Мясцовыя ўлады эвакуююць дамы догляду старых, а таксама людзей з інваліднасцю, калі яны папрасілі дапамогі. Калі чалавеку няма куды з’ехаць, ён можа перачакаць стыхію ў адмысловых сховішчах, арганізаваных у школах, лякарнях ды іншых установах.
«Людзі кажуць, што з 1980-х такога не бачылі»

Юлія пастанавіла эвакуявацца, бо сапраўды спужалася прагнозаў, паводле якіх Мілтан мусіў быць наймацнейшым за апошнія сто гадоў ураганам у Флорыдзе.
«Вецер ідзе па коле, таму на поўнач ад цэнтру ўрагану ён будзе адганяць ваду ад берага, а на поўдні – прыганяць. Там, дзе вецер прыносіць ваду да берага, здараецца штармавы прыліў, і ён можа быць катастрафічным, і гэта самае страшнае, – тлумачыць жанчына. – Таксама баяліся паваленых дрэваў, і яшчэ непрыемна жыць без святла. А святло ў нас амаль сто адсоткаў адключаць, як часта бывае падчас ураганаў».
Мясцовасць, у якой жыве Юлія, пяць дзён заставалася без святла пасля ўрагану Гэлен, які абрынуўся на ЗША два тыдні таму.
«Хоць ураган прайшоў за дзвесце кіламетраў ад узбярэжжа, паколькі мы былі на поўдні ад яго цэнтру, калі ён падыходзіў да берага, у нас здарыўся штармавы прыліў, і ён быў найгоршым з тых, што былі ў апошнія дзесяцігоддзі. Я тут жыву дваццаць сем гадоў і такога не бачыла, а ёсць людзі, якія жывуць з 1980-х гадоў, і таксама кажуць, што такога не было. Было вельмі шмат пашкоджанняў, шмат дамоў каля вады пацярпелі, і не ўва ўсіх забралі смецце дагэтуль: людзі прыбіралі мэблю, зразалі тынк, нейкія часткі будынкаў, бо калі гэта ўсё хутка не прыбраць, яно пакрыецца цвіллю», – распавядае ўкраінка.
У выпадку, калі дом пацярпіць ад урагану, Юлія найперш будзе звяртацца ў страхавую кампанію, каб атрымаць кампенсацыю: уся нерухомасць у мясцовых жыхароў абавязкова застрахаваная. У надзвычайных сітуацыях людзям дапамагае таксама Федэральнае кіраўніцтва ў справе надзвычайных сітуацыяў, але як дакладна гэта працуе, Юлія не ведае, бо ніколі не звярталася.
Як індывідуальная прадпрымальніца нашая суразмоўца таксама можа звярнуцца па кампенсацыю страчанага даходу ў тыя дні, калі яна вымушана не працуе праз стыхію, але Юлія таксама яшчэ ні разу не прасіла такой дапамогі.
«Некаторыя нікуды не з’ехалі, упэўненыя, што іхныя дамы вытрымаюць»

Перад тым як з’ехаць у эвакуацыю, Юлія перанесла частку рэчаў на другі паверх дому, закалаціла некаторыя вокны фанерай, навокал дому паставіла мяшкі з пяском на выпадак, калі падступіць вада. З сабой жанчына забрала дакументы.
Юлія спадзяецца, што з домам усё будзе добра, як і пасля ўрагану Гэлен. Паводле жанчыны, якасць будаўніцтва ў апошнія гады ў Флорыдзе значна палепшылася.
«Раней людзі куплялі тут дамы, каб жыць у іх зімой, такія дачныя домікі. Шмат якія насамрэч былі жахліва пабудаваныя. Пасля моцнага ўрагану ў 1990-я гады былі прынятыя больш жорсткія законы адносна рэгулявання будаўніцтва, і ўсё, што было пабудавана пазней, ужо лепшай якасці. У 2004 годзе быў моцны ўраган, і законы сталіся яшчэ больш патрабавальнымі да якасці, таму сітуацыя прагрэсіўна паляпшаецца», – зазначае Юлія.

На якасць дому ўплываюць яшчэ, вядома, і сродкі яго ўласніка, і тое, якія матэрыялы ён можа сабе дазволіць. Але калі не ашчаджаць, то будуюць цяпер добра, з улікам рызыкі ўрагану, кажа Юлія.
,,«Некаторыя ўвогуле нават пасля абвяшчэння надзвычайнага становішча нікуды не з’язджаюць, бо ўпэўненыя, што іхны дом вытрымае», – зазначае жанчына.
Ураган мусіць прайсці ўсю Флорыду за дваццаць гадзінаў, і калі ў мясцовасці, дзе жыве Юлія, не будзе катастрафічных наступстваў, яна вернецца дамоў.

Ураган Мілтан дасягнуў Флорыды ў сераду а 20:30 паводле мясцовага часу побач з востравам Сіеста-Кі. На той момант хуткасць ветру складала 195 км/г. Да раніцы чацвярга хуткасць упала да 150 км/г. Ураган прынёс моцныя дажджы і разбуральныя штармавыя прылівы. Зафіксаваныя як найменш дзевятнаццаць тарнада, якія знішчылі каля ста дваццаці пяці дамоў, большасць з якіх – перасоўныя.
У некаторых мясцінах быў абвешчаны рэжым надзвычайнай сітуацыі. У горадзе Сэйнт-Пітэрсбург няма пітной вады.
Больш за тры мільёны дамоў і прадпрыемстваў у штаце засталіся без электрычнасці. Загінулі як мінімум чатыры асобы.
Ганна Ганчар belsat.eu