Шуфлядка

Сям’я беларусаў трапіла ў эпіцэнтр урагану і паводкі ў ЗША

Наступствы ўрагану Гэлен\‎ у Эшвіле, штат Паўночная Караліна, ЗША. 28 верасня 2024 года. Фота: Sean Rayford / Getty Images
Наступствы ўрагану Гэлен‎ у Эшвіле, штат Паўночная Караліна, ЗША. 28 верасня 2024 года. Фота: Sean Rayford / Getty Images
podpis źródła zdjęcia

У ЗША ліквідуюць наступствы ўрагану Гэлен, што абрынуўся на паўднёва-усходняе ўзбярэжжа ў ноч на 27 верасня. Станам на 3 кастрычніка ад стыхіі загінулі не менш за 190 асобаў. Ад бедства сур’ёзна пацярпелі штат Паўночная Караліна і горад Эшвіл, у якім загінулі як мінімум 30 чалавек. Тут жыве сям’я беларусаў – былых журналістаў «Белсату» Вольгі Чайчыц і Андруся Козела. Андрусь распавёў нам, што цяпер адбываецца ў горадзе і ваколіцах.

«За гадзіну-паўтары ад лесу засталося 50 % дрэваў»

Размаўляем з Андрусём, пакуль ён за стырном, на трасе за горадам – ездзіў набыць бензапілу. Старая не вытрымыла нагрузкі за апошнія дні – настолькі шмат дрэваў давялося распілавіць, каб расчысціць дарогі. Нам пашчасціла злавіць Андруся ў дарозе, бо ў горадзе сувязі няма.

Наш былы калега адразу кажа, што цяперашняя паводка ў Паўночнай Караліне – рэкордная:

,,

«Мы жывём у гарах, ураганы, тарнада да нас не даходзяць. Вятры бываюць, але агулам усё больш-менш у норме. Моцныя паводкі мы бачылі на свае вочы яшчэ тры гады таму, але не настолькі. Цяпер два дні была залева. Выпала ад 40 да 88 сантыметраў ападкаў. Улічваючы што гэта горная мясцовасць, уся вада з гораў мусіла недзе сабрацца. І лагічна, што сабралася яна ў рэках».


Дождж распачаўся яшчэ ў мінулы чацвер, 26 верасня. Першыя содні сітуацыя была спакойнай, а на другую ноч залева стала бесперапыннай.

«Раніцай, калі мы прачнуліся, быў моцны вецер, а праз паўгадзіны мы пачулі моцны хрумст. За нашым вакном лес – і там пачалі падаць дрэвы, адно за другім. За гадзіну-паўтары ад лесу засталося, мо, 50 % дрэваў. У нас адкрыліся неймаверныя відарысы на горы. Потым да нас прыбеглі суседзі і сказалі, што яны не могуць выехаць, бо абваліліся правады і перакрылі дарогі», – згадвае Андрусь.

Мужчына пайшоў разам з суседзямі ўручную расчышчаць завалы на дарогах.

«Маштабаў праблемы мы тады яшчэ не ўяўлялі. Паехалі па бензапілу. Перасоўванні па горадзе нагадвалі праход праз лабірынт, бо паўсюль сустракаліся завалы, якія сякерай ці ручной бензапілой было не перарэзаць. Мы з сябрам узяліся расчышчаць дзве буйныя дарогі, што вялі з гораду на поўдзень. За дзень разабралі каля 10-15 завалаў».

Вялізны рэгіён апынуўся ў ізаляцыі

Чысціць дарогі Андрусь працягнуў і наступным днём. «Не было ні электрычнасці, ні інтэрнэту, ніякай сувязі – нічога не працавала. У мяне скончылася паліва для бензапілы, і я з 4-й да 7-й раніцы ездзіў шукаў, дзе яго набыць. На мяжы з іншым штатам знайшоў запраўку. Побач са мной запаркаваўся паліцэйскі, ягоная картка не праходзіла, я даў яму сваю, каб ён заправіўся. Шмат у каго карткі не працавалі, бо не было інтэрнэту. Дзівам было, што на той запраўцы была электрычнасць. Потым мне трэба было набыць алівы для бензапілы. Я паехаў у будаўнічую краму, там вокны гарэлі, у той час як у горадзе былі цёмныя вуліцы. Пад’язджаю, а краму ахоўваюць людзі са зброяй ад марадзёраў», – распавядае беларус.

Людзі чакаюць сваей чаргі з каністрамі на аўтазапраўцы ў Флэтчэры, Паўночная Караліна, ЗША. 29 верасня 2024 года. Фота: Sean Rayford / Getty Images
Людзі чакаюць сваей чаргі з каністрамі на аўтазапраўцы ў Флэтчэры, Паўночная Караліна, ЗША. 29 верасня 2024 года. Фота: Sean Rayford / Getty Images

Андрусь з жонкай перавезлі сваіх траіх дзяцей да сяброў, якія жывуць у даліне – крыху далей ад эпіцэнтру, бо ўдома не было ні электрычнасці, ні вады. У доме сяброў не знікла святло, але таксама не працуюць тэлефоны і інтэрнэт.

«Наш горад і ўся Заходняя Караліна звязаная з іншымі штатамі дзвюма аўтастрадамі, што праходзяць праз Эшвіл. Адну аўтастраду размыла ракой. Рака праходзіць каньёнам, і яна ўвогуле увесь ландшафт перакраіла. На поўначы рака таксама выйшла з берагоў і размыла масты. На ўсходзе сышлі апоўзні і перакрылі дарогу. Адзіная дарога жыцця, як людзі жартуюць, – на поўдзень, ёй можна выязджаць. Фактычна, вялізны рэгіён, дзе пражываюць каля 1 мільёна 200 тысяч чалавек, апынуўся ў ізаляцыі. Цяпер лётаюць верталёты, вайсковыя ў тым ліку, шмат нацгвардыі прыляцела – яны дапамагаюць расчышчаць і кантралююць сітуацыю», – распавяде далей Андрусь.

Рэкі, што выйшлі з берагоў, пазмывалі дамы, машыны, зазначае наш суразмоўца: «Ёсць такія сітуацыі, калі дом змыла, ён плыў па рацэ і сеў на мель на дарозе. І гэты дом распілавалі на дзве часткі – адна вісіць на дарозе, а другую перамясцілі на ўзбочча, каб людзі маглі праехаць. У нас адбылася надзвычайная павадка. Маленькая рэчка, што была па костку, паднялася на 9 метраў. Папярэдні рэкорд, у 1916 годзе, быў 6 метраў».

«Ледзь не страляніна пачалася ў краме – людзі не падзялілі пачак макаронаў»

Маштаб бедства даўно перайшоў гарадскі і нават федэральны ўзровень, кажа Андрусь. У горад едуць калоны машынаў хуткай дапамогі, аўтобусы, спецтэхніка, вязуць прадукты і ваду.

У Эшвіле ў крамах амаль нічога не засталося.

«Знаёмы распавядаў, што ледзь не страляніна была ў краме, бо людзі не падзялілі пачак макаронаў. У вялікія супермаркеты пускаюць па 7 чалавек цяпер. Яшчэ адзін сябар распавёў, што была спроба абрабаваць краму зброі. У сяброў, дзе мы цяпер часова, у крамах пустыя паліцы. У мясцовым чаце сёння пішуць: О, я знайшоў малако! О, а я – кефір і сметану. Нашая сяброўка ўчора хадзіла ў краму і ўзяла дзве апошнія пачкі спагеці. Людзі бяруць пра запас, калі штосьці недзе знаходзяць».

Пашкоджаныя дарожныя знакі пасля ўрагану Гэлен‎ у Лэнсінгу, Паўночная Караліна, ЗША. 30 верасня 2024. Фота: Bryan Olin Dozier / NurPhoto / AFP / East News
Пашкоджаныя дарожныя знакі пасля ўрагану Гэлен‎ у Лэнсінгу, Паўночная Караліна, ЗША. 30 верасня 2024. Фота: Bryan Olin Dozier / NurPhoto / AFP / East News

У горадзе таксама вялізная праблема з вадой – людзі ездзяць у спецыяльна створаныя пункты, куды ваду прывозяць цяжкавікі ў цыстэрнах ці раздаюць ужо ў бутэльках.

«Для туалету цяпер суседзі набіраюць ваду ў басейне, – распавядае Андрусь. – А нават калі ваду зноў уключаць, першыя два тыдні не рэкамендуюць выкарыстоўваць яе нават для чысткі зубоў, бо могуць быць бактэрыі, што трапілі туды праз паводку. Такую ваду трэба ці кіпяціць, ці выкарыстоўваць, каб памыцца, для прыбірання».

У Эшвіле і ваколіцах не працуюць школы.

«Нават не ў гарах да канца гэтага тыдня адмянілі заняткі, а ў нас – невядома на які тэрмін, але баюся, што яшчэ тыдзень-два дзеці будуць удома. Калі я расчышчаў дарогі, я бачыў аб’ёмы пашкодажных кабеляў і думаю, вяртанне электрычнасці ў рэгіён можа заняць некаторы час, бо ўсё развалена, шмат мастоў разбураныя, сюды даехаць не так проста. Мы калі ездзілі, навігацыі не было, едзеш як памятаеш, то тут, то там упіраешся ў тое, што дарога сканчаецца – няма мосту», – распавядае мужчына.

Сям’я Андруся пачуваецца добра. «Дачка баялася за мяне, калі ўсё навокал падала, а я пайшоў чысціць дарогі. А так агулам у нас усё добра. Дзеці збольшага пакутуюць, што няма інтэрнэту і школы. У Беларусі сын не любіў школу, а тут гэта самае любімае месца. Але яны цяпер у сяброў, таму ўсё больш-менш добра. Мне дык увогуле цікава – новы жыццёвы досвед», – кажа наш суразмоўца.


Дом Андруся і Вольгі не пацярпеў – сям'я плануе вярнуцца дамоў ужо неўзабаве, калі будуць адноўленыя падача электрычнасці і вады.




Паваленыя дрэвы пасля ўрагану Гэлен‎ у Эшвіле, Паўночная Караліна, ЗША. 28 верасня 2024 года. Фота: Sean Rayford / Getty Images
Паваленыя дрэвы пасля ўрагану Гэлен‎ у Эшвіле, Паўночная Караліна, ЗША. 28 верасня 2024 года. Фота: Sean Rayford / Getty Images

Ураган Гэлен стаў адным з самых смяротных у ЗША за апошнія 50 гадоў. Поўныя маштабы трагедыі дагэтуль невядомыя, бо ратаўнічыя службы пакуль не дабраліся да ўсіх ізаляваных паводкай раёнаў. Відаць, цяперашняя лічба загінулых – не менш за 190 асобаў – будзе расці. Невядомы лёс каля тысячы жыхароў, якія не выходзяць на сувязь з сябрамі і сваякамі.  

Ганна Ганчар belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10