Пуцін згодны з прапановамі спыніць баявыя дзеянні ў вайне супраць Украіны. Пры гэтым ён назваў даволі недакладныя ўмовы з боку Расеі. Гэта было агучана падчас супольнай прэс-канферэнцыі Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі.
Адказваючы на пытанне журналіста пра спыненне баявых дзеянняў, Уладзімір Пуцін пачаў з падзякі прэзідэнту ЗША Доналду Трампу «за тое, што ён надае ўрэгуляванню ва Украіне так шмат увагі». І дадаў, што Кітай ды Індыя таксама займаюцца гэтым пытаннем.
Спыненне баявых дзеянняў кіраўнік дзяржавы, што развязала вайну на ягоны ж загад, назваў «высакароднаю місіяй»:
«Мы згодныя з прапановамі спыніць баявыя дзеянні, але зыходзім з таго, што гэтае спыненне мусіць быць такім, што прывяло б да доўгатэрміновага міру і зліквідавала б першапачатковыя прычыны гэтага крызісу».
У пачатку поўнамаштабнай вайны Пуцін тлумачыў агрэсію Расеі супраць Украіны тым, што NATO збіраецца пашырацца на ўсход, а Украіна павінна быць «дэмілітарызаваная» і «дэнацыфікаваная».
Цяпер ён дадаў, што «саму ідэю скончыць гэты канфлікт мірнымі сродкамі мы падтрымліваем».
Арсен Рудэнка belsat.eu