Сілавікі ў Беларусі тэстуюць новую форму прызыву вайсковаабавязаных: выклікаюць на адна-двухдзённыя зборы без абвяшчэння мабілізацыі. Як сцвярджае сакратар Савету бяспекі Аляксандр Вальфовіч, людзі на такія зборы едуць з вялікаю ахвотаю. Але ці сапраўды гэта так і навошта чарговыя вучэнні рэжыму, нашаму тэлеканалу распавялі прадстаўнік «BELPOL» Уладзімір Жыгар і каардынатар «Нашай візіі» Вадзім Мажэйка.
У Беларусі з 8 па 11 кастрычніка праходзяць штогадовыя заняткі па мабілізацыйнай гатоўнасці. Заняткі маюць павысіць узровень кіравання тэрытарыяльнай абаронай на месцах і закрануць усе рэгіёны краіны.
У межах заняткаў вайскоўцы таксама будуць прызываць беларусаў на аднадзённыя вайсковыя зборы.
Суразмоўца «Белсату» Уладзімір Жыгар упэўнены, што большасці ўдзельнікаў такія зборы не патрэбныя, але і адмовіцца ад іх мала хто можа:
«Адмова ад удзелу ў такіх мерапрыемствах значыць, што цябе бяруць на аловак. Хутчэй за ўсё ты нейкі неблаганадзейны. Хутчэй за ўсё ты нешта там задумаў. Таму тут некаторыя, хочаш ня хочаш, ідуць. Ёсць людзі, якія знаходзяцца на сувязі, ідуць і глядзяць, слухаюць і бачаць, што там адбываецца. Потым гэтую інфармацыю даносяць да нас», - тлумачыць гэткую масавасць на вучэннях прадстаўнік «BELPOL» Уладзімір Жыгар.
Прадстаўнік «BELPOL» мяркуюе, што галоўная мэта такіх мерапрыемстваў і іх актыўнага піяру прапагандаю – паказаць нібыта згуртаванасць сілавых ведамстваў, іх усебаковую гатовасць да вонкавых і ўнутраных пагрозаў, а таксама даць новыя навыкі. Але…
«Яны могуць распавядаць усё, што заўгодна. Але ніводзін участковы ці супрацоўнік аддзелу па грамадзянстве і міграцыі ніколі ў жыцці не дакранецца да гэтага дрону і ніколі не будзе вучыцца на гэтым дроне. Гэта ўсё робіцца, каб была вельмі прыгожая карцінка і распазсюджвалася на ўсю Беларусь», - падкрэслівае Жыгар.

Важна, што на такіх вучэннях не толькі імітуюць баявыя дзеянні, але і нагадваюць былым сілавікам, як затрымліваць людзей у краіне. Паводле каардынатара «Нашай візіі» Вадзіма Мажэйкі, рэжым такім чынам хоча запалохаць насельніцтва Беларусі. Маўляў, каб зноў не выйшлі на пратэсты, няхай сабе і мірныя.
«Адразу бачна, яны так сябе трохі выдаюць. Калі рэжым Лукашэнкі бачыць сабе пагрозу, то ў першую чаргу бачыць пагрозу знутры. Зрэшты ён не ўнікальны. Расея, якая цяпер актыўна ваюе, нясе страты, падвышае расходы не толькі на войска, але і на ўнутраную бяспеку», - кажа каардынатар «Нашай візіі».
Мажэйка падкрэслівае: вельмі характэрна і каларытна, што ад пачатку поўнамаштбнага ўторгнення ва Украіну, рэжым калі і пераймае нейкія вайсковыя практыкі, то толькі ўкраінскія, а не расейскія:
,,«Украінская тэрабарона моцна сябе праявіла ў першыя тыдні вайны, таму пачалася спроба капіяваць такія практыкі. Вядома, спроба марная, бо зусім іншы грамадска-палітычны кантэкст».
Між тым кіраўнікі сілавых ведамстваў сцвярджаюць, што залучэнне так званых добраахвотнікаў узмоцніць баявы патэнцыял дзейных спецпадраздзяленняў удвая-ўтрая. Праўда, збольшага вучэнні адбываюцца толькі для самых моцных падраздзяленняў. На думку Мажэйкі, гэта не звязана з недаверам Лукашэнкі да абсалютнай большасці, а хутчэй з тым, каб пасля самыя моцныя дзяліліся сваім вопытам з астатнімі.
Паводле кіраўніка МУС Івана Кубракова, у Беларусі ўжо створаныя дваццаць два атрады так званых добраахвотнікаў, іх колькасць усцяж расце. Маўляў, гэткім чынам беларускі сілавы блок развіваецца і пераймае досвед суседзяў. Што праўда, кіраўнік МУС не ўдакладніў, якіх менавіта суседзяў.
Падрабязней глядзіце ў «Аб'ектыве»:
Уладзіслаў Корсак, Марыя Голдстэйн, «Белсат»