Святлана Ціханоўская 8‒9 кастрычніка ‒ з візітам у сталіцы Нарвегіі, горадзе Осла, на запросіны спікера Стортынгу (нарвежскага парламенту), дзе адбываецца Канферэнцыя ў справе палітычных вязняў у Еўропе. Беларуская лідарка адкрыла імпрэзу, а таксама правяла шэраг сустрэчаў з нарвежскімі чыноўнікамі і палітыкамі.
З міністрам замежных справаў Нарвегіі Эспэнам Бартам Эйдэ беларуская лідарка абмеркавала працу Міжнароднага гуманітарнага фонду дапамогі рэпрэсаваным у Беларусі, на які Нарвегія ахвяравала каля аднаго мільёна кронаў, а таксама праграмы падтрымання незалежных медыяў, грамадзянскай супольнасці, беларускіх культурніцкіх ініцыятываў.
Ціханоўская апавяла пра пазоў Літвы супраць рэжыму Лукашэнкі ў Міжнародны крымінальны суд і заклікала Нарвегію падтрымаць зварот, бо гэта дазволіць працягнуць увагу да злачынстваў рэжыму і не дапусціць беспакаранасці.
Абраная прэзідэнтка Беларусі падняла пытанні легалізацыі беларусаў у Нарвегіі, у прыватнасці што датычыць выдачы праязных дакументаў, відаў на жыхарства, а таксама міжнароднай абароны. Гаворка пра некалькі канкрэтных выпадкаў, калі беларусы сутыкнуліся з праблемамі легалізацыі ў Нарвегіі. Мы асвятлялі два з іх.
Сярод іншага Святлана Ціханоўская звярнула ўвагу на важнасць санкцыяў і адзначыла, што яны мусяць абмяжоўваць рэжым і закрываць шчыліны, але не кранаць сумленных беларусаў.
Абмяркоўвалі таксама захады для вызвалення палітычных вязняў і Алеся Бяляцкага ў прыватнасці, супрацу ў межах паўночна-балтыйскай супольнасці (NB8), арганізацыю супольных крокаў на міжнароднай арэне.
Таксама беларуская лідаркка сустрэлася з Мортэнам Волем, віцэ-прэзідэнтам Стортынгу. З ім абмяркоўвалі кампанію падтрымання Алеся Бяляцкага, спрашчэнне легалізацыі беларусаў за мяжою, спрыянне праграмам на ўмацаванне беларускай ідэнтычнасці.
У Канферэнцыі ў справе палітвязняў у Осла бяруць удзел больш за 100 удзельнікаў з шэрагу краінаў, у тым ліку дэпутаты, чыноўнікі, праваабаронцы і журналісты. Акрамя Святланы Ціханоўскай і нарвежскіх палітыкаў, запланаваныя выступы правабаронцаў з Беларусі, Сербіі, Грузіі, Украіны і Азербайджану.
Ідэя канферэнцыі з’явілася падчас сустрэчы Святланы Ціханоўскай і спікера Нарвежскага парламенту Масуда Гарахані сёлета ў красавіку. Тады размаўлялі пра тое, як падтрымаць Алеся Бяляцкага і прыцягнуць увагу да праблемы палітзняволеных у Беларусі.
Падрабязней глядзіце ў «Аб'ектыве»:
Марыя Міхалевіч belsat.eu