навіны

«Адчуваеш сябе кінутай і нікому не патрэбнай». Як беларусы чакаюць прытулку ў Нарвегіі

Лагер для ўцекачоў, у якім жыве Аляксандра Гаўрусік.
Лагер для ўцекачоў, у якім жыве Аляксандра Гаўрусік. Фота: асабісты архіў Аляксандры Гаўрусік
podpis źródła zdjęcia

Краіна ф’ёрдаў і палярнага ззяння можа быць прыгожаю турмою, кажуць беларусы, якія гадамі чакаюць разгляду прашэнняў аб прытулку, не маюць ніякай дапамогі і магчымасці працаваць. Мы пагутарылі з дзвюма ўцякачкамі з Беларусі, якія падаліся ў Нарвегіі на міжнародную абарону і дасюль не атрымалі адказу, а таксама запыталіся ў Франка Вячоркі, старэйшага дарадцы Святланы Ціханоўскай, што робяць дэмакратычныя сілы для паляпшэння сітуацыі.


«Далі картку просьбіта прытулку і далей на мяне забыліся»


Беларуска Настасся (імя змененае з меркаванняў бяспекі) прыехала ў Нарвегію ўвесну 2022 года, праз месяц пасля пачатку вайны ва Украіне. Да гэтага жыла ў Кіеве, куды ўцякла ад палітычнага пераследу ў Беларусі. Ратавацца ад вайны пастанавіла ў Нарвегіі , бо там жыў сябар, які прапанаваў дапамогу.


Праз некаторы час перабывання ў краіне ф’ёрдаў і вікінгаў стала ясна, што вайна скончыцца не так хутка, як таго хацелася б, і вярнуцца ва Украіну пакуль не ўдасца. У Беларусі ж Настассі пагражае турма. Звычайных падставаў для легалізацыі ў Нарвегіі, як працоўная віза, шлюб з грамадзянінам краіны, у нашай суразмоўцы не было. Нягледзячы на дзейны ўкраінскі ВНЖ, з якім беларуска прыехала ў Нарвегію, калектыўнай абароны, пад якую траплялі ўкраінцы, ёй не далі. Тады жанчына папрасіла міжнароднай абароны:


«Са мною правялі папярэдняе інтэрв’ю ў міграцыйнай паліцыі і сказалі чакаць. А вось як доўга, не паведамілі. Мой сябар прапанаваў жыць у ягоным доме, а не ў лагеры для ўцекачоў. І я дасюль у яго, ужо больш за два гады. І ўвесь гэты час чакаю ды не атрымліваю ніякай дапамогі, не бяру ўдзелу ў інтэграцыйнай праграме. Усё, што мне далі, – картку просьбіта прытулку, а далей на мяне забыліся».


Настасся спачатку думала, што ўсё будзе хутка, і нават не сумнявалася, што ў Нарвегіі ведаюць пра сітуацыю ў Беларусі, што з кожным днём пагаршаецца. Але ўсё аказалася не такім простым:


«Нарвежцы вельмі прыязныя, яны табе ўсміхаюцца, спачуваюць, калі ты дзелішся з імі сваёй бядой, здзіўляюцца, бо мала ведаюць пра Беларусь. Але потым яны гэтак жа проста на цябе забываюцца».



Лагер для ўцекачоў, у якім жыве Аляксандра Гаўрусік. Фота: асабісты архіў Аляксандры Гаўрусік
Лагер для ўцекачоў, у якім жыве Аляксандра Гаўрусік. Фота: асабісты архіў Аляксандры Гаўрусік

«Уся гэтая прыгожасць становіцца табе нецікаваю»


Два гады Настасся жыве з адчуваннем, што на яе забыліся. Ёй была патрэбная праца, бо апынулася на ўтрыманні сябра. Працаваць нелегальна, без афармлення ў Нарвегіі, немагчыма, таму беларуска пісала прашэнне ў міграцыйную службу з адпаведнаю просьбаю. Заява была адпраўленая ў студзені 2023 года – адказу няма дасюль.


Праблемы ўзнікаюць з медыцынаю, карыстацца якою можна толькі за грошы.


«Я жыву ў заўсёдным стрэсе, што адлюстроўваецца на здароўі. Але кожны візіт да сямейнага доктара каштуе 200–250 кронаў (17–18 еўраў). У спецыялістаў – 350 кронаў (каля 30 еўраў). Калі зуб забаліць – там увогуле фантастычныя сумы. У крамах таксама ўсё вельмі дорага, і ты не можаш зарабіць сабе на жыццё. Адчуваеш сябе цалкам кінутым», – апавядае нашая суразмоўца.


У Настассі пыталіся, чаму яна не з’ехала туды, дзе атрымаць абарону будзе прасцей:


«Шмат хто так і робіць – не вытрымліваюць чакання. І мне падаецца, гэта нават мэта такой маруднай палітыкі – прымусіць чалавека з’ехаць. У маёй сітуацыі мне не сказалі, як доўга чакаць. Калі тэлефануеш у міграцыйную службу, табе кажуць, маўляў, вы стаіце ў чарзе на інтэрв’ю, мы ўсё разумеем, але неўзабаве ўсё будзе. І ты зноў спадзяешся, што сапраўды праз месяц – два цябе запросяць, думаеш – столькі ўжо чакаеш, навошта кідаць на апошнім этапе. І зноў чакаеш».


Настасся параўноўвае такую сітуацыю з перабываннем у прыгожай турме:


«Я часам чую, маўляў, ты жывеш у такой файнай краіне – ф’ёрды, вадаспады. Напэўна, яны думаюць, што я тут як сыр у масле. Але гэта не так. І калі цябе ўвогуле не радуюць твае дні, то і ўся гэтая прыгажосць табе становіцца нецікаваю».


Настасся звярталася са сваёй сітуацыяй у мясцовыя НДА: яны нічым не здолелі дапамагчы, таксама адказвалі, што трэба чакаць. Тады жанчына звярнулася ў групу падтрымання дэмакратычнай Беларусі ў нарвежскім парламенце – адказу на свой ліст увогуле не атрымала. Беларуска пайшла ў медыі – ніхто не захацеў публікаваць ейнай гісторыі. Агулам у Нарвегіі мала ведаюць пра Беларусь, у выданнях вельмі мала згадак пра нашую краіну.



Лагер для ўцекачоў, у якім жыве Аляксандра Гаўрусік. Фота: асабісты архіў Аляксандры Гаўрусік
Лагер для ўцекачоў, у якім жыве Аляксандра Гаўрусік. Фота: асабісты архіў Аляксандры Гаўрусік

«Я тут як пустое месца»


У канцы зімы 2024 года беларуска надумала звярнуцца да адваката ў міграцыйных справах. За ягоныя паслугі давялося нямала заплаціць – каля 1400 еўраў:


«Ён адразу быў шакаваны тым, што маёй справы гэтак доўга не разглядалі. Сказаў, тое, што мне не адказалі на маю просьбу дазволіць працаваць і што не інфармавалі пра стан разгляду справы, – гэта парушэнні. На жаль, у большасці ўцекачоў няма грошай на адваката. Дый я была вымушаная звяртацца да сяброў па дапамогу».


Адвакат напісаў скаргу омбудсману, і толькі калі той далучыўся, справа зварухнулася – Настассю запрасілі на інтэрв’ю:


«Але і тут было не без праблемаў. Мне патэлефанавалі а 13:00 і сказалі, што на заўтра мяне чакаюць а 9:00 у Осла. А мне ехаць з майго мястэчка туды 8 гадзінаў, добра, што знайшоўся чалавек, які падвёз. Гэта вельмі не падобна да нарвежцаў з іхным распланаваным на некалькі месяцаў наперад жыццём».


Пасля інтэрв’ю, якое цягнулася ўвесь дзень, беларусцы зноў сказалі чакаць адказу.


Нашая суразмоўца спрабавала шукаць дапамогі і ў беларускіх дэмакратычных сілаў – звярталася да Святланы Ціханоўскай, калі тая прыязджала ў Нарвегію:


«Я запыталася ў яе, ці можа мне дапамагчы. Яна сказала, маўляў не, як вы сабе гэта ўяўляеце: што я пайду да нейкага міністра і скажу – там у вас сядзіць нашая беларуска, дайце ёй абарону? Я не магу гэтага зрабіць, сказала. Пазней на мяне выходзілі з Кабінету і абяцалі дапамагчы, каб нарвежскія медыі пра мяне напісалі».


Настасся адчувае сябе, нібыта нікому не патрэбная са сваймі праблемамі:




,,

«Узяць хаця б украінцаў – тут камуна збірае іх на той жа Новы год, робіць для іх свята, дорыць падарункі, пакеты з прадуктамі. Мяне як беларуску нікуды не клічуць. Я тут як пустое месца. Мне проста дазволілі тут быць і забыліся на мяне».


«Я тут адна беларуска, большасць – украінцы»


26-гадовая беларуска Аляксандра Гаўрусік прыехала ў Нарвегію ў 2021 годзе паводле студэнцкай візы. Пасля сканчэння навучання (магістратура грамадскага кіравання) дзяўчына не здолела знайсці працы, каб легалізавацца паводле працоўнай візы, а ў Беларусь вяртацца таксама не магла – было небяспечна праз ейную актыўнасць: раней дзяўчыну арыштоўвалі за ўдзел у мітынгу. Акрамя таго, Аляксандра валанцёрыла ў арганізацыях, прызнаных у Беларусі экстрэмісцкімі, брала ўдзел у акцыях беларусаў у Нарвегіі, апавядала ў медыях, што адбываецца ў нашай краіне, была прэс-сакратаркай арганізацыі, што дапамагала беларусам, якія ваююць ва Украіне.


Праз усе гэтыя абставіны Аляксандра пастанавіла падавацца на міжнародную абарону, што і зрабіла ў студзені бягучага года. Ужо 8 месяцаў чакае адказу ў сваёй справе:



«Але ў мяне ёсць сябры, якія тут чакаюць ужо па два гады і больш. Так, ёсць афіцыйная інфармацыя на сайтах, колькі што цягнецца, што патрэбна, аднак у рэчаіснасці шмат што працуе інакш».


Каб папрасіць абарону, Аляксандра прыехала ў лагер для ўцекачоў у Осла. Там пасля першаснага апытання і рэгістрацыі беларуска жыла ў адмысловым намёце для ўцекачоў:


«Лагер выглядае так: вялізны будынак, усярэдзіне – зялёныя намёты, штук 20. Яны дзеляцца на мужчынскія і жаночыя. Там жа адміністрацыя, паліцыя, валанцёрскія арганізацыі, міграцыйная служба. Побач «McDonald’s». Пасля размовы мяне адправілі чакаць у адзін з гэтых намётаў, я там правяла 23 дні».


Потым Аляксандру перавялі ў «asul mottak«» – інтэрнат для ўцекачоў:


«Тут каля 150 чалавек жывуць, два корпусы, мужчынскі і сямейны. Я жыву ў сямейным. Тут і жанчыны, і дзеці, і сямейныя пары. Я тут адна беларуска. Большасць – украінцы».



Дапамогі стае на ежу і вопратку з сэканд-хэнду


Аляксандра атрымлівае дапамогу – 4000 кронаў, ці каля 400 еўраў на месяц. Паколькі яна падавалася на абарону са студэнцкаю візаю, то мае тыя ж правы, якія дае гэтая віза: можа працаваць 20 % часу ў працоўныя дні і цалкам у выходныя і вакацыі.



«Але лагер – у мястэчку, дзе працы няма. Ісці прыбіральніцаю ці на рыбны завод не хачу. Я спрабавала ўладкавацца ў дзіцячы садок, але сказалі, што ў мяне яшчэ недастатковы ўзровень нарвежскай мовы. Таму пакуль я без працы. А ў тых, хто толькі прыехаў, звычайна няма права на працу», – кажа дзяўчына.


Дапамогі стае, каб пакрыць базавыя патрэбы. Амаль уся сума ідзе на ежу і крыху застаецца на адзенне з сэканд-хэнду:


«Тут ёсць спецыяльны сэканд, кшталту гуманітарнага – там бясплатнае адзенне, але не заўсёды добрыя рэчы, якія можна насіць. Агулам даводзіцца лічыць кожную капейчыну, каб хапіла на жыццё».


Аляксандра, як і Настасся, зазначае, што нарвежцы вельмі мала ведаюць пра Беларусь:


«Нас тут вельмі мала, таму яны не лічаць патрэбным штосьці спецыяльнае для нас рабіць і ўваходзіць у нашую сітуацыю. За гэтыя два гады я ведаю толькі пра два выпадкі, калі беларусы ў Нарвегіі атрымалі прытулак: жанчына з дзецьмі і яшчэ жонка Бяляцкага».


Аляксандра не хоча з’язджаць у іншую краіну, напрыклад, у Польшчу, дзе беларусам прасцей легалізавацца, бо прызвычаілася да Нарвегіі яшчэ падчас навучання і хоча тут застацца. Да таго, што разгляд прашэння пра абарону можа быць доўгі, дзяўчына рыхтавалася, таму пакуль адчувае сябе спакойна і прымае, што нарвежская бюракратыя гэтак павольна працуе. У той жа час Аляксандра спадзяецца, што ўсё не будзе цягнуцца больш за год, бо ў лагеры не найлепшыя санітарныя ўмовы, шмат людзей, пастаянна засяляюцца новыя: усе часта хварэюць на рэспіратарныя захворванні – Аляксандра толькі за зіму хварэла 3 ці 4 разы.




Лагер для ўцекачоў, у якім жыве Аляксандра Гаўрусік. Фота: асабісты архіў Аляксандры Гаўрусік
Лагер для ўцекачоў, у якім жыве Аляксандра Гаўрусік. Фота: асабісты архіў Аляксандры Гаўрусік

Парушэнне нарвежскага заканадаўства


Датычна часу разгляду справаў, парламенцкі омбудсман Нарвегіі вельмі крытычна паставіўся да таго, на які тэрмін расцягнуўся разгляд прашэння Настасіі і шмат каго яшчэ, апавёў адвакат Настассі.



«Асноўная праблема – нястача рэсурсаў, а тыя, што ёсць, ідуць на вялікую колькасць украінцаў, – зазначыў адвакат у каментары «Белсату». – Аднак доўгі час, праведзены перад наданнем правоў, гарантаваных Канвенцыяй аб уцекачах, – праблема выканання заканадаўства. І омбудсман ясна заявіў, што такое зацягванне разгляду справы, як у выпадку Настассі, – гэта парушэнне нарвежскага заканадаўства. Рашэнне ж праблемы, хутчэй за ўсё, можна знайсці ў размеркаванні рэсурсаў і прыярытэтаў».


Паводле нарвежскага дырэктарату па іміграцыі (UDI), які адказвае за апрацоўку заяваў ад замежных грамадзянаў, што шукаюць прытулку, у краіне цяпер пражываюць каля 750 грамадзянаў Беларусі. 14 асобаў просяць аб прытулку ў Нарвегіі і чакаюць разгляду сваіх справаў.


«Мы ўважліва сочым за сітуацыяй у Беларусі і выкарыстоўваем у тым ліку інфармацыю з Нарвежскага інфармацыйнага цэнтру па краіне паходжання (Landinfo)», - пракаментаваў «Белсату» Рунар Педэрсан, дарадца па абароне ў UDI.


Датычна часу чакання, у UDI кажуць, што цяпер на разглядзе знаходзяцца каля 750 заяваў яшчэ з 2022 года.


«Ёсць шмат заяўнікаў, якія ўжо доўга чакаюць адказу па абароне. Мы ведаем, што чакаць складана, таму да канца года мы надамо прыярытэт найбольш раннім заявам – будзем працаваць з прашэннямі тых, хто прыбыў у 2022 годзе ці раней. <…> Не ўсе заяўкі будуць апрацаваныя да новага году. Найперш мы будзем апрацоўваць старэйшыя кейсы. Мы працуем над тым, каб скараціць час чакання», - распавялі ў дырэктараце па іміграцыі. 


Сітуацыя з прытулкамі для беларусаў у Нарвегіі драматычна складаная, зазначае Франак Вячорка, старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай:


«Нарвегія ўвогуле не самая адкрытая краіна для ўцекачоў, а з беларусамі не было вялікага досведу – няма традыцыі і праграмаў падтрымання. Таму, калі ёсць магчымасць выбраць краіну для прытулку, лепш ехаць у Польшчу, дзе створаныя ўсе ўмовы».



Дарадца Ціханоўскай сцвярджае, што Офіс падымаў пытанне беларусаў у Нарвегіі з міністрам замежных справаў, і таксама ў гэтым кірунку прыкладалі намаганні парламентары ды чыноўнікі, аднак наданне прытулку – у кампетэнцыі міграцыйнай службы, урад не мае права ўмешвацца ў яе працу ў індывідуальных выпадках, а дакладныя тэрміны разгляду не прапісаныя.


«Таму некаторыя могуць чакаць паўгода, а іншыя – некалькі гадоў. Мы перадалі ўсю неабходную інфармацыю пра справу беларускі і спадзяёмся, што ўсё развяжацца», – падкрэслівае прадстаўнік Офісу.



Лагер для ўцекачоў, у якім жыве Аляксандра Гаўрусік. Фота: асабісты архіў Аляксандры Гаўрусік
Лагер для ўцекачоў, у якім жыве Аляксандра Гаўрусік. Фота: асабісты архіў Аляксандры Гаўрусік

«Вынік палітыкі Лукашэнкі»


Франак Вячорка зазначае: у такіх краінах, як Швецыя і Нарвегія, вельмі важную ролю адыгрываюць медыі, і часта, пакуль праблема не трапіла тады, яна не развязваецца. А калі сітуацыя апублічваецца, палітыкам, чыноўнікам, міграцыйнай службе даводзіцца адказваць.



«У Нарвегіі моцная дыяспара, якая робіць шмат акцыяў, каб прыцягнуць увагу, гэта таксама працуе. Важна пісаць дэпутатам. Мы будзем падымаць пытанне такіх беларусаў на ўзроўні ўраду. Хаця ў дэмакратычных краінах нават урад не ўсё можа ў справах міграцыі. Мы ж бачым, як Нарвегія шмат робіць для Беларусі і колькі дапамогі вылучае для незалежных медыяў ці палітвязняў. І ўсё роўна з'яўляюцца такія кейсы», – адзначае Вячорка.


Палітык прыводзіць прыклад Швецыі, дзе беларускія дэмакратычныя сілы дамагліся прызнання пратэрмінаваных беларускіх пашпартоў і выдачы пашпарта замежніка. Аднак у той жа час у розных краінах узнікаюць цяжкасці з легалізацыяй беларусаў:


«І тут некалькі прычынаў. Гэта бяспека. Асабліва суседзі Беларусі пра гэта думаюць у першую чаргу. Па-другое, гэта агульныя антыміграцыйныя настроі ў грамадствах. І гэта не мае нічога супольнага з беларусамі. Але ёсць і сітуацыі, калі нас прыраўноўваюць да расейцаў. Гэта вынік палітыкі Лукашэнкі, якога лічаць суагрэсарам, і праз яго ў выніку цярпяць беларусы».


Тым не менш толькі цягам апошняга года дэмакратычная сілы Беларусі правялі дзясяткі сустрэчаў на тэму легалізацыі беларусаў за мяжою, падкрэслівае Вячорка:


«Мы дамагліся ўключэння ў заключэнні ЕЗ пункту пра мабільнасць беларусаў. Прынятая рэзалюцыя ПАРЕ, з заклікам спрыяць легалізацыі. У больш як 10 краінах было змененае заканадаўства пад беларусаў, і ўсё роўна яшчэ застаецца столькі нявырашаных праблемаў, і ўсё гэта беларусам, якія і так у цяжкім становішчы, падае на плечы. Але мы будзем змагацца за кожнага і кожную. І просім дыяспары дапамагаць, падтрымліваць увагу да Беларусі, а таксама не злоўжываць гасціннасцю іншых краінаў і не парушаць заканадаўства. Ад нас усіх залежыць, як будуць успрымаць нас у свеце».


Ганна Ганчар belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10