навіны

Яўген Красулін: Прыезд паслоў – стварэнне ілюзіі легітымнасці

Паслы дзевяці краінаў падчас уручэння даверчых граматаў. Фота: БелТА
Паслы дзевяці краінаў падчас уручэння даверчых граматаў. Фота: БелТА
podpis źródła zdjęcia

1 кастрычніка паслы дзевяці краінаў уручылі Аляксандру Лукашэнку даверчыя граматы. Разам з гісторыкам Яўгенам Красуліным «Белсат» паглядзеў, адкуль прыбылі дыпламаты, і паразважаў, што гэта значыць для беларускіх уладаў.

Дэманстрацыя неізаляцыі

У спісе краінаў, якія адправілі сваіх паслоў на працу ў Менск, – Кітай, Казахстан, Сербія, Алжыр, Маўрытанія, Бурундзі, Кувейт, Дамініканская Рэспубліка і Уругвай. Першае, што кідаецца ў вочы, – значная частка дыпламатаў прыбылі з краінаў Афрыкі.

На думку Яўгена Красуліна, асноўны інтарэс з гэтымі краінамі заключаецца ў тым, каб паказаць актыўнасць на міжнароднай арэне і стварыць ілюзію легітымнасці рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

,,

«Вось, маўляў, да нас накіроўваюць сваіх амбасадараў, і такім чынам мы прызнаныя на міжнароднай арэне. Няхай Захад нас не прызнае, затое такія незалежныя рэгіёны, як Афрыка, Лацінская Амерыка, Азія, жадаюць з намі сябраваць – а значыць, мы не знаходзімся ў ізаляцыі. Вось у такім ключы гэта ўсё і варта разглядаць», – адзначыў Яўген Красулін. 


Суразмоўца «Белсата» звянуў увагу, што многія з тых краінаў, паслы якіх уручалі даверчыя граматы Аляксандру Лукашэнку, не так даўно перажылі візіты расейскіх чыноўнікаў (напрыклад, таго ж міністра замежных справаў РФ Сяргея Лаўрова) ці маюць супольныя інтарэсы з Расейскай Федэрацыяй. Таму, на думку Яўгена Красуліна, беларускі рэжым зноў ідзе па слядах Расеі.

Суразмоўца падкрэсліў, што менавіта Расея будуе ў краінах Афрыкі свой блок, яна робіць гэта найперш для таго, каб адабраць рэсурс у сваіх праціўнікаў – краінаў Еўропы і ЗША – і прыдбаць яго для сябе. Прычым рэсурс гэты не столькі цікавы агулам для расейскай эканомікі, колькі для нейкіх прыватных інтарэсаў.

А па-другое, лічыць Яўген Красулін, у Расеі ёсць мара калі-небудзь стварыць моцны блок, па аналогіі з колішнім сацыялістычным лагерам, каб назапасіць рэсурсы для эфектыўнага супрацьстаяння краінам дэмакратыі, краінам Захаду.

,,

«Як бы нам ні тлумачылі, што Расея перайшла на ваенныя рэйкі і ў яе ўсё добра, прагнозы эканамістаў усё ж такі кажуць пра тое, што 2025 год будзе вельмі цяжкім для расейскай эканомікі, і пры эканамічных праблемах яшчэ больш істотнай робіцца дыпламатычная міжнародная падтрымка», – адзначае Яўген Красулін.


Менавіта таму, калі паглядзець на спіс краін, з якіх прыбылі амбасадары, то можна пабачыць, што пры галасаванні ў ААН яны калі не падтрымліваюць Расею, то прынамсі ўстрымліваюцца падчас галасавання па праблемных для Расеі рэзалюцыях.

Пастаяць побач з Кітаем

Падчас кароткай размовы з паслом Кітайскай Народнай Рэспублікі Аляксандр Лукашэнка перадаў праз яго запрашэнне лідару кітайскай кампартыі Сі Цзін Піну, прадэманстраваўшы тым самым важнасць прыезду кітайскага лідара ў нашу краіну. Мы спыталі ў эксперта, чаму для Лукашэнкі прыезд Сі ў Беларусь мае такое вялікае значэнне.

«Гэта зноў жа дэманструе высокі міжнародны ўзровень актыўнасці для афіцыйнага Менску. Кітай афіцыйна ўспрымаецца шмат кім адным з нефармальных лідараў цяперашняга свету, а то і фармальных. І канечне, быць побач з такім лідарам – гэта быццам бы адразу ўздымае прэстыж, калі нават пастаіш побач. Таму [Лукашэнку] хочацца быць побач, адчуваць гэтае моцнае плячо, на якое ты разлічваеш, што ў цяжкі момант яно будзе табе падстаўлена, і ўсе гэтыя дэмакраты нічога не змогуць зрабіць і адабраць у цябе настолькі ўлюбёную табой уладу», – адзначае Яўген Красулін.

Аляксандр Лукашэнка з новым паслом КНР у Рэспубліцы Беларусь. Фота: president.gov.by
Аляксандр Лукашэнка з новым паслом КНР у Рэспубліцы Беларусь. Фота: president.gov.by

Наколькі гэтыя мары адпавядаюць рэчаіснасці, казаць цяжка, адзначае суразмоўца. Але на практыцы стаўленне Кітаю да падзеяў у іншых дзяржавах паказвае, што ён яшчэ ніводнага разу асабліва актыўна не дапамагаў захаваць уладу рэжымам, падобным да беларускага.

«Усё ж такі ў Кітаі пакуль сапраўды пануе канцэпцыя, што ўнутраныя справы – гэта ўнутраныя справы, і туды лезці не трэба, нават калі ты ў выніку нейкіх палітычных пертурбацыяў згубіш папярэдні ўплыў», – кажа Красулін.

Стасункі Кітая з Беларуссю добра кладуцца ў канцэпцыю паўсюднай прысутнасці гэтай краіны, заўважае суразмоўца. Кітай цяпер хоча прадэманстраваць, што ён ёсць паўсюль – у Азіі, у Афрыцы, у Лацінскай Амерыцы і нават непасрэдна на памежжы з Еўропай, дзе праводзіць сумесныя вучэнні з вайскоўцамі Рэспублікі Беларусь у непасрэднай блізкасці да межаў дзяржаваў NATO. 

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10