навіны

Экспертка ў ядравай бяспецы зняпраўдзіла словы Лукашэнкі: Не бачыла такіх заяваў у СМІ

Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніком МАгАтЭ Рафаэлем Гросі. 1 кастрычніка, Менск
Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніком МАгАтЭ Рафаэлем Гросі. 1 кастрычніка, Менск. Фота: president.gov.by
podpis źródła zdjęcia

1 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з кіраўніком місіі МАгАтЭ Рафаэлем Гросі. Як паведамляе БелТА, Лукашэнка абмяркоўваў з ім сітуацыю ў рэгіёне, а пасля раптоўна згадаў, што ўкраінскія медыі распускаюць чуткі, нібыта ён хоча захапіць Чарнобыльскую станцыю. Спыталі ў эксперткі ў ядравай бяспецы, што адбываецца.

Запарожская АЭС. (Фота: AA/ABACA / Abaca Press / Forum)

Запуск Запарожскай АЭС нясе вялікую пагрозу

навіны

Заяваў пра захоп ЧАЭС не было

Апошнім часам, адзначыў Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы, «нашыя ўкраінскія таварышы і сябры» ў сродках масавай інфармацыі «вельмі шмат» удзяляюць увагі таму, што быццам бы Лукашэнка хоча захапіць Чарнобыльскую станцыю.

Ён падкрэсліў, што гэта «глупства поўнае, якое нават яго здзівіла».

,,

«Мы ў страшным сне не маглі ўявіць, што нам давядзецца захапіць Чарнобыльскую станцыю і за яе потым адказваць. Няма такой неабходнасці з боку Беларусі, – сказаў Аляксандр Лукашэнка, а пасля дадаў: І, паверце мне, з боку Расеі таксама: не было, няма і ніколі не будзе». 


«Белсат» звярнуўся да эксперткі ў ядравай энергетыцы Вольгі Кашарнай з просьбаю пракаментаваць гэтыя выказванні Лукашэнкі.

Вольга Кашарная падкрэсліла, што яна ўважліва адсочвае ўсе заявы ўкраінскага боку і ні разу не бачыла такой заявы.

Больш за тое, Вольга дадала, што гэта ўжо і не ўдасца зрабіць: у зоне адчужэння цяпер выбудаваная «зусім іншая абарона».

У той жа час экспертка шчыра прызналася, што не разумее, навошта Лукашэнка агучваў гэта перад кіраўніком місіі МАгАтЭ, бо не можа ведаць, што ў галовах у «напалову ашалелых старых людзей і маньякаў»: «Я не магу гэтага прагназаваць».

Сітуацыя ў рэгіёне

Другім момантам, на які звярнула ўвагу БелТА, сталася абмеркаванне Аляксандрам Лукашэнкам і Рафаэлем Гросі сітуацыі ў рэгіёне. У прыватнасці шмат гаварылі «пра Расею і Украіну». Адбывалася гэтае абмеркаванне за зачыненымі дзвярыма, адзначалася ў паведамленні.

Таму пра тое, як насамрэч складваецца сітуацыя ў рэгіёне, «Белсат» спытаў у Вольгі Кашарнай.

Экспертка адзначыла, што апошнім часам Расея наносіць мэтанакіраваныя ўдары па аб’ектах энергетыкі, у прыватнасці па атамных станцыях Украіны. Прычым у планах Расеі – атакаваць не самыя рэактарныя аддзяленні атамных станцыяў, а крытычную энергетычную інфраструктуру для выдачы магутнасці працоўных АЭС.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: dialog.ua
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: dialog.ua

Напрыклад, 26 жніўня 2024 года адбылася масаваная атака на энергетычную інфраструктуру Украіны – у прыватнасці на вузлавыя трансфарматарныя падстанцыі, звязаныя з адкрытымі размеркавальнымі прыстасаваннямі атамных станцыяў. У выніку з энергасістэмы Украіны «выпалі» пяць блокаў, і яна зноў апынулася на мяжы класічнага блэкаўту (упершыню блэкаўт здарыўся ва Украіне ў лістападзе 2022 года, таксама пасля магутнага ракетнага абстрэлу з боку Расеі). Гэтая сітуацыя прыводзіць да распаду энергасістэмы і ставіць на мяжу радыяцыйнай катастрофы не толькі Украіну, але і суседнія краіны, кажа экспертка.

Сістэмны аператар «Укренерго», адзначае Кашарная, пабудаваў больш за 80 укрыццяў ад дронаў «Shahed», каб гарантаваць радыяцыйную бяспеку. Аднак гэтыя ўкрыцці не дапамогуць у выпадку атакі ракетамі.

Нягледзячы на гэта, за 2,5 года акупацыі і атак на ядравыя сістэмы Украіны Расея не зазнала ніякай адказнасці, заўважае экспертка: напрыклад, паводле 2-га артыкулу Міжнароднай канвенцыі аб барацьбе з актамі ядравага тэрарызму. Больш за тое, Еўразвяз не прыняў ніводнай санкцыі супраць Расеі з гэтай нагоды (санкцыі супраць «Росатома» і яго функцыянераў увялі толькі Вялікая Брытанія, ЗША і Украіна). Наадварот, Францыя стварыла супольнае прадпрыемства на тэрыторыі Нямеччыны для вытворчасці ядравага паліва паводле ліцэнзіі расейскай кампаніі, Балгарыя зрабіла выключэнне для паставак тавараў і паслуг з Расеі для сваёй атамнай станцыі, а Вугоршчына будуе за расейскія крэдытныя грошы і паводле расейскай ліцэнзіі атамную станцыю. Усё гэта, на думку суразмоўніцы, дае падставы казаць пра падвойныя стандарты некаторых еўрапейскіх краінаў.

Агулам жа візіт Гросі на Беларускую АЭС, падкрэсліла Вольга Кашарная, носіць пэўны палітычны характар, бо стаіць у чарадзе ягоных наведванняў дзвюх іншых станцыяў у рэгіёне – акупаванай Запарожскай АЭС і Курскай АЭС, непадалёк якой ідуць баявыя дзеянні:

«Я на месцы Гросі патрабавала б, каб спынілі адзіны працоўны блок на Курскай АЭС, бо канструкцыя рэактара там вельмі небяспечная».

Гарант ядравай бяспекі ў рэгіёне

У канцы сустрэчы з Рафаэлем Гросі Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што зробіць усё, «каб гарантаваць рэгіянальную ядравую бяспеку».

«У гэтым можаце не сумнявацца», – рэзюмаваў Лукашэнка.

Нагадаем, што 24 лютага 2022 года расейскія войскі зайшлі на тэрыторыю Украіны з тэрыторыі Беларусі. Адным з першых аб’ектаў атакі сталася менавіта Чарнобыльская АЭС. Каля трохсот чалавек персаналу станцыі і вайскоўцы, якія былі на яе тэрыторыі, сталі фактычнымі закладнікамі расейскіх войскаў. Агулам станцыя была ў руках расейцаў 36 дзён.

3 сакавіка 2022 года расейскія войскі захапілі Запарожскую АЭС, якая адразу ж сталася прадметам шантажу з боку Расеі.

На сёння ўсе шэсць блокаў станцыі застаюцца ў стадыі «халоднага спынення», гэта бяспечны стан рэактара, калі ён заглушаны пры нізкім ціску і нізкай тэмпературы ахаладжальнай вады. Расейскія ўлады спрабуюць замяніць украінскі персанал станцыі, які цяпер фактычна ў іх у закладніках, на некваліфікаваны персанал з расейскіх станцыяў. Апошнім часам усё часцей агучваюцца жаданні расейскіх акупантаў запусціць адзін з рэактараў ЗАЭС. Але памылкі і парушэнні, вельмі імаверныя падчас запуску рэактара, могуць прывесці для катастрафічных наступстваў, якія адчуе цэлы рэгіён.

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10