«Белсат» падрыхтаваў агляд палітычных рэпрэсіяў, пра якія стала вядома 30 верасня.
Палітвязню Змітру Дашкевічу дадалі адзін год і тры месяцы зняволення. Гэтым разам яму інкрымінавалі «народны» арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»), а таксама ч. 1 арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі»).
ПЦ «Вясна» паведамляе, што ў Берасцейскім абласным судзе некалькі месяцаў таму асудзілі палітзняволеных мужа і жонку Дзмітрыя і Аксану Малочкаў. Іх прызналі вінаватымі паводле ч. 1 арт. 356 КК («Здрада дзяржаве»). Суд прызначыў Дзмітрыю 12 гадоў пазбаўлення волі, а Аксане — восем гадоў. На волі ў іх засталіся трое дзяцей. Паводле праваабаронцаў, Дзмітрыя і Аксану затрымалі ў лістападзе 2023 года і спачатку асудзілі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 19.11 КаАП). Пазней супраць іх распачалі крымінальную справу і перавялі ў СІЗА-7 у Берасці. Сутнасць абвінавачанняў невядомая.
У Горадні працягваецца суд па яшчэ адной справе «здрадзе дзяржаве»: на лаве падсудных апынуўся экс-дырэктар шклозавода «Нёман» Ігар Бацян. Справу разглядае Руслан Гурын.
У Менгарсудзе 14 кастрычніка распачнецца суд над Наталляй Манылай. Жанчыну будуць судзіць за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 арт. 361-4 КК) як «асобу, якая здзейсніла грамадска небяспечнае дзеянне, прадугледжанае крымінальным законам, у стане бессвядомасці або якая захварэла пасля здзяйснення злачынства на псіхічны разлад (захворванне)». Наталлі пагражае прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары.
У судзе Магілёўскай вобласці 30 верасня распачаўся суд над раней асуджаным за каментары жыхаром Кіраўска Юрыем Аверкавым. Цяпер мужчыну абвінавачваюць у «навучанні ці іншай падрыхтоўцы асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках» (ч. 3 арт. 293 КК) і «распальванні іншай сацыяльнай варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК). У прапагандысцкім сюжэце сцвярджалася, што ў снежні 2023 года мужчына «зноў зазнаў уплыў дэструктыўных каналаў, у якіх заклікалі ісці на выбарчыя ўчасткі, запомніць аднаго з чальцоў камісіі і прасачыць за ім падчас вяртання дадому».
У Менскім абласным судзе за салідарнасць з палітвязнямі пачалі судзіць Наталлю Гаўрон. 52-гадовая жанчына была затрымана 23 студзеня падчас рэйду КДБ. Жанчыне выставилиі абвінавачванне паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).
У Гомельскім абласным судзе 30 верасня распачаўся суд над праваабаронцай «Вясны» Аленай Маслюковай. Ёй інкрымінавана ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»), але сутнасць абвінавачвання невядомая нават самой праваабаронцы.
Менскага бізнесоўца Сяргея Юнчыца, які займаўся медыцынскім абсталяваннем, будуць судзіць па трох крымінальных артыкулах за данаты. Паводле «Нашай Нівы», разгляд справы пачнецца 2 кастрычніка ў Менскім абласным судзе. Яму пагражае да васьмі гадоў калоніі. Весці працэс будзе Алена Курганава.
Паводле Праваабарончага цэнтру «Вясна», як мінімум 59 замежных грамадзян з'яўляюцца фігурантамі палітычных крымінальных справаў у Беларусі. З іх 30 чалавек прызнаныя палітвязнямі і цяпер знаходзяцца ў зняволенні. Пад палітычны крымінальны пераслед у Беларусі патрапілі грамадзяне РФ, Швейцарыі, Польшчы, Украіны, Літвы, Нямеччыны, Латвіі, Швецыі, Узбекістана і Казахстана.
Глеб Нержын belsat.eu