навіны

«Лукашэнка – класічны прыклад каланізаванага». Мікола Рабчук – пра каланіяльную палітыку Расеі

Прапагандысцкі банер у Херсоне
Людзі праходзяць побач з расейскім прапагандысцкім банерам у Херсоне, пасля вызвалення гораду. Херсон, Украіна. 13 лістапада 2022 года. Фота: Raphael Lafargue / Abaca Press / Forum
podpis źródła zdjęcia

Што такое каланіялізм, хто і навошта прыдумаў міф пра непаўнавартасць украінцаў ды іншых народаў былога СССР? Пра гэта мы пагутарым з украінскім публіцыстам, палітычным аналітыкам, экспертам у галіне посткаланіяльных даследаванняў, доктарам палітычных навук Міколам Рабчуком.

«Нашая чорная скура – гэта ўкраінская мова»

– Ва Украіне вас ведаюць як эсэіста і публіцыста, але 15 гадоў таму вы заняліся каланіяльнымі даследаваннямі. Што гэта такое і чаму менавіта гэтая тэматыка вас зацікавіла?

– Каланіялізм – гэта не толькі пра заморскія тэрыторыі, не толькі пра расавае адрозненне, хоць яно вельмі істотнае. Я гэта падкрэсліваю, бо для класічнага каланіялізму ўсе каляровыя народы непаўнавартыя апрыёры. Яны расава іншыя, і нават калі б хацелі, не могуць інтэгравацца ў панавальную групу.

У нашай сітуацыі працуе іншы механізм. Нас таксама ўспрымаюць як непаўнавартых і лічаць горшаю разнавіднасцю славянаў: у нас, маўляў, мова больш непаўнавартая, больш прымітыўная культура. Аднак мы можам засвоіць высокую расейскую культуру, прыняць высокую, «сапраўдную» мову. Гэта значыць, мы можам быць уключаныя ў панавальную групу. Гэта прынцыповая розніца. Мы маем шанец інтэгравацца ў групу каланізатараў.

У нашым выпадку ідэалогія перавагі мае культурную, культурна-моўную аснову. Нашая чорная скура – гэта мова, з якой можна здзекавацца, падсмейвацца. 

,,

«Галоўная задача такой ідэалогіі – пераканаць абарыгенаў, што яны непаўнавартыя. Яны павінныя прыняць гэтую ідэалогію, яны павінныя навучыцца глядзець на саміх сябе вачыма каланізатара. Вось гэта галоўнае».


– Калі гаворка ідзе пра Савецкі Саюз, то згадваюць, што Расея будавала заводы, універсітэты, уключала ўскраінныя народы ў дамінуючую групу, гэта значыць, давала ўладу. Украінцы (Леанід Брэжнеў, напрыклад) кіравалі Савецкім Саюзам. Заяўляецца, што Масква мардавала голадам і расстрэльвала сваіх сялянаў дакладна гэтак жа, як сялянаў Казахстану ці Украіны. У сувязі з гэтым, на вашую думку, Савецкі Саюз – гэта быў каланіялізм?

 

– Каланіялізм – гэта пра панаванне адной групы над іншай. Ён заключаецца ў пазбаўленні заваяванай, падпарадкаванай групы суб'ектнасці. Гэта значыць, гэтая група нічога не можа вызначаць самастойна. Усё вызначаюць у імперскім цэнтры. Імперскі цэнтр ведае значна лепш, што добра, а што дрэнна, і кім гэтая група ёсць.

Напрыклад, Масква лепш за нас ведае, што ўкраінцаў не існуе. На яе думку, мы наогул расейцы, якія папросту забыліся, што яны расейцы. Гэта значыць, мы не ведаем. Гэта тыповы каланіялізм. Імперыя валодае веданнем сапраўдным, а мы проста ідыёты, якія не разумеюць, малыя неразумныя дзеці.

Вядома ж, усякая імперыя прыносіць пэўныя мадэрнізацыйныя элементы. Але хто пануе, хто кіруе, хто рэпрэзентуе ўсе гэтыя краіны на міжнароднай арэне, на культурнай арэне і гэтак далей – вось гэта важна.

Тое, што нейкія там этнічныя ўкраінцы займалі высокія пасады, нічога не значыць. Яны сёння таксама займаюць высокія пасады пры пуцінскім рэжыме. Але ці ўкраінцы яны? Гэта не аргумент. Гэта ўсё роўна як успамінаць, што Дзяржынскі быў палякам, Сталін – грузінам, а шмат габрэяў служыла ў ЧК. Гэта не робіць савецкай «ахранкі» габрэйскай. Гэта не робіць Савецкага Саюзу грузінскім або польскім. Усе гэтыя людзі працавалі на імперыю, яны інтэграваліся ў імперыю, рабілі кар'еру ў імперыі, і яны пераставалі быць украінцамі, грузінамі або палякамі. Яны будавалі імперыю не грузінскую, не габрэйскую, не ўкраінскую. Яны рабіліся нармальнымі імперскімі «русскими людьми» і будавалі Расейскую імперыю. Вось яна дагэтуль існуе і даволі-такі крыважэрная.

Мікола Рабчук падчас інтэрв'ю. Скрыншот з відэа: Белсат
Мікола Рабчук падчас інтэрв'ю. Скрыншот з відэа: Белсат

«Лукашэнка – класічны прыклад каланізаванага»

– Якая мэта каланіяльных даследаванняў?

– Самае галоўнае – гэта вызваленне. У нашым выпадку гэта вызваленне ўва ўсіх сэнсах: і ваеннае, і палітычнае. Але гэта таксама вызваленне разумовае, культурна-цывілізацыйнае. Сапраўды, вельмі шмат людзей засвоіла гэтую імперскую веду, гэтую ідэю перавагі. Каланізаваныя прымаюць пункт гледжання каланізатара, і ў гэтым самая вялікая трагедыя.

Дзеля гэтага і патрэбныя посткаланіяльныя даследаванні – каб растлумачыць механізмы панавання, якія вельмі часта схаваныя. Здаецца, што ўсё як бы само сабой ідзе. «Ніхто вас не прымушае размаўляць па-расейску». Я з дзяцінства чуў гэтую фразу. Ніхто не прымушае, так, ніхто не стаіць з пісталетам. Вось неяк само сабой усё адбываецца.

– На мой погляд, самы яркі і вядомы ўсім прыклад такога мыслення – Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Ён завёў русіфікацыю ў Беларусі яшчэ далей, чым яна была ў Савецкім Саюзе. Лукашэнка шмат разоў казаў, што «беларуская мова – гэта бедная мова», а беларусы ад расейцаў нічым не адрозніваюцца, проста гэта «расейцы са знакам якасці». Ці бачыце вы тут праяву вось гэтай непаўнавартасці, калі каланізаваны глядзіць на «белага гаспадара» ягонымі вачыма?

– Так, вядома, Лукашэнка – класічны прыклад каланізаванага, які глядзіць на сябе вачыма каланізатара. Хоць я да канца не ведаю, колькі ў гэтым сапраўды непаўнавартасці, а колькі хітрасці, гэткай простай сялянскай хітрасці чалавека, які выконвае пэўную ролю. Для мяне гэта крыху загадка, але ва ўсякім разе ягоныя паводзіны зневажальныя. Усё, што ён кажа, проста ганебна. Мне проста сорамна гэта слухаць і глядзець.


Савецкі манумент «Дружбы народаў» падчас яго зносу ў цэнтры Кіева. Украіна актыўна праводзіць дэкамунізацыю з 2014 года, адмаўляючыся ад назваў, сімвалаў і ідэалогіі савецкага часу ва ўсіх сферах жыцця. Кіеў, Украіна. 26 красавіка 2022 года. Фота: Oleksii Chumachenko / Zuma Press / Forum
Савецкі манумент «Дружбы народаў» падчас яго зносу ў цэнтры Кіева. Украіна актыўна праводзіць дэкамунізацыю з 2014 года, адмаўляючыся ад назваў, сімвалаў і ідэалогіі савецкага часу ва ўсіх сферах жыцця. Кіеў, Украіна. 26 красавіка 2022 года. Фота: Oleksii Chumachenko / Zuma Press / Forum

– Як пазбавіцца ад каланіяльнага мыслення?

– Перш за ўсё трэба зразумець гэтыя механізмы, зразумець, што ўва ўсіх выпадках хаваецца гвалт. Панаванне адной групы над іншай заснаванае на гвалце. У некаторых выпадках гэта гвалт беспасярэдні. Ён звязаны з заваяваннем, генацыдам, знішчэннем абарыгенаў, як гэта адбывалася ў Сібіры, скажам, ці на далёкай Поўначы. Расея не проста так далучала гэтыя тэрыторыі – яна знішчала мясцовае насельніцтва.

Але ёсць больш гібрыдныя метады, калі часткова ўжываецца гвалт, але вельмі часта ўжываюцца подкуп мясцовых элітаў, кааптацыя і свайго роду аўтсорсінг. Гэта значыць, заваяванне здзяйсняецца рукамі мясцовай кампрадорскай эліты. Але ўва ўсіх выпадках мы маем дачыненне з гвалтам.

– Хто і навошта прыдумаў ідэю пра тое, што Украіны не існуе, што гэта непаўнаварты народ і ён павінен абавязкова быць пад парасонам больш «паўнавартага» расейскага?

– Паміж украінцамі, або рутэнцамі (бо ўкраінцы і беларусы доўгі час былі адной не надта падзеленай этнічнай групай), і маскавітамі была велізарная розніца. Яны належалі да розных светаў, да розных цывілізацыяў недзе да XVII стагоддзя. Калі Масковія ператварылася ў Расейскую імперыю – гэта быў галоўны момант стварэння гэтай імперскай веды. Момант, калі цалкам была прыватызаваная ўся гісторыя Русі. Гэтая прыватызацыя мела трагічныя наступствы. Не толькі ў тым сэнсе, што яна легітымізавала прэтэнзіі Маскоўскага царства на ўсе гэтыя землі і гісторыю Русі. Яна пазбаўляла ўкраінцаў і беларусаў ідэнтычнасці. Гэта значыць, у гэтай карціне свету не заставалася месца ні для якіх украінцаў і беларусаў.

Трэба было нейкім чынам растлумачыць, што іх не існуе, што яны проста нейкі падвід маскавітаў. Маскавіты перайменавалі сябе ў расейцаў, гэта значыць, яны як бы скралі гэтае імя. У тыя гады цяжка было ўявіць маскавітаў як украінцаў і беларусаў. Яны былі занадта розныя.

Украінка Ала Яценцюк абдымае свайго 14-гадовага сына Данііла, які быў дэпартаваны з падкантрольных ўкраінскіх тэрыторый у Расею, пасля вяртання дадому праз беларуска-ўкранскую мяжу ў Валынскай вобласці, Украіна. 7 красавіка 2023 года. Фота: Valentyn Ogirenko / Reuters / Forum
Украінка Ала Яценцюк абдымае свайго 14-гадовага сына Данііла, які быў дэпартаваны з падкантрольных ўкраінскіх тэрыторый у Расею, пасля вяртання дадому праз беларуска-ўкранскую мяжу ў Валынскай вобласці, Украіна. 7 красавіка 2023 года. Фота: Valentyn Ogirenko / Reuters / Forum

– Навошта сучаснай Расеі кантроль над Кіевам?

– Так, гэта добрае пытанне. Шмат каго здзіўляе: чаму большасць народаў неяк жыве будучыняй, а Расея ўпарта чапляецца за мінуўшчыну і шукае нейкі залаты век?

Я мяркую, што паколькі яны стварылі міф пра паходжанне з Кіева і паставілі Украіну і Кіеў у цэнтр расейскай імперскай ідэнтычнасці, то без Украіны, без Кіева гэтая ідэнтычнасць руйнуецца. Яна сыплецца, бо цэнтральны камень гэтай канструкцыі выпадае, і ў іх узнікае тое, што псіхолагі называюць анталагічнай трывогай: яны губляюць стабільнасць сваёй ідэнтычнасці.

Я мяркую, што рэвізія ідэнтычнасці – гэта якраз шлях выратавання для Расеі. Я разумею, што гэта вельмі балючы працэс. Калі параза ў гэтай ганебнай вайне вымусіць іх перагледзець імперскую ідэнтычнасць, яны павінныя будуць выпрацаваць новую расейскую нацыянальную ідэнтычнасць, гэта значыць, зрабіцца нармальнаю дзяржаваю, як усе дзяржавы ў свеце. Гэта шанец, я мяркую, гэта вельмі цяжкі шанец, можа быць, нават няздзейсны. Але гэта, мне здаецца, адзіны шанец для нармалізацыі.

Расея зазнала паразу ў цывілізацыйным спаборніцтве

– Дзесяцігоддзямі казахі, армяне, беларусы ехалі ў Маскву, станавіліся расейцамі, адкідалі свае сялянскія, «калгасныя» карані. Аднак у пэўны момант гэтая ідэя, мабыць, перастала быць прывабнай. Чаму?

– Імперская ідэя наогул усюды прывабная, асабліва калі гэтая імперыя інклюзіўная, калі яна дазваляе інтэгравацца. Савецкая імперыя дазваляла інтэгравацца. Трэба было толькі прыняць панавальную ідэалогію і культуру. Натуральна, гэта прыцягвала мноства людзей, якія рабілі кар'еру. Але мне здаецца, што Расея як імперыя зазнала паразу ў цывілізацыйным спаборніцтве. Аказалася, што яе мяккая сіла слабейшая, чым у Захаду. Заходнія дзяржавы здолелі стварыць больш прывабны вобраз. Натуральна, уся міграцыя ідзе не ў Расею, не ў Кітай, але менавіта ў Амерыку, Англію і гэтак далей. Гэтыя дзяржавы больш прывабныя не толькі ў сэнсе ўзроўню жыцця, але і ў сэнсе павагі да чалавека, чалавечай годнасці, да правоў чалавека.

,,

Расея зазнала паразу ў цывілізацыйным спаборніцтве і вымушаная была звярнуцца да жорсткай сілы. Я думаю, што гэтыя імперскія канвульсіі, вось гэтая вайна – яна невыпадковая. Гэта прызнанне паразы ў спаборніцтве з Захадам. Мяккай сілы аказалася недастаткова. Трэба выкарыстоўваць жорсткую.


– «Мы ратуем гэтых дзяцей ад нацыстаў», – кажуць расейскія чыноўнікі, якія вывозяць украінскіх дзяцей. Адкуль гэтая ідэя пра ўкраінскі нацызм і хто такія нацысты ў іхным разуменні?

Гэта поўная лухта, зусім беспадстаўнае сцверджанне. Няма ніякіх доказаў пра які-небудзь украінскі нацызм. Для іх нацысты – гэта ўсе, хто супраць іх. Усе, хто не з Пуціным, хто не згодны, хто супраціўляецца, – гэта нацысты. То бок яны вызначаюць, хто нацыст, а хто – не. Ніхто сур'ёзна не ўспрымае гэтай лухты, але яна чамусьці функцыянуе ў Расеі. Я разумею чаму – бо працуюць масмедыя. Гэтая магутная прапаганда пераконвае людзей, накручвае, і яны вераць у нейкіх міфічных нацыстаў. Ды няма ніякіх нацыстаў! Ва Украіне нават умераныя правыя не трапляюць у парламент (у адрозненне ад Еўропы, дарэчы).

Вельмі шмат людзей у Расеі, мне падаецца, мяркуе, што нясуць суседзям дабро. Як адкрыць ім вочы? Калі і пры якіх умовах знікне гэтая ідэя?

– Як гэта змяніць, я не ведаю. Я не псіхолаг, я не псіхатэрапеўт. Пакуль я не бачу такой магчымасці. Адзіная магчымасць – гэта нейкі шок, сур'ёзны шок. Расея павінна перажыць гэты шок, а такім шокам можа быць толькі параза ў гэтай ганебнай вайне.

Тэлеверсію размовы можна паглядзець тут.



Аляксандр Папко / АБ, МВ Belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10