навіны

Лукашэнка шукае падтрымання сярод блогераў

Першы форум блогераў Беларусі «БлогБай. Нам ёсць што сказаць!» стартаваў у Менску, Беларусь. 27 верасня 2024 года. Фота: sb.by
Першы форум блогераў Беларусі «БлогБай. Нам ёсць што сказаць!» стартаваў у Менску, Беларусь. 27 верасня 2024 года. Фота: sb.by
podpis źródła zdjęcia

Незалежныя блогеры ў 2020-м сталі для рэжыму Лукашэнкі аднымі з галоўных ворагаў. Праз чатыры гады, напярэдадні новых прэзідэнцкіх выбараў, урад вырашыў перацягнуць блогераў на свой бок ды зрабіць рупарам прапаганды. Пра магчымасць існавання блогерства пад прыгнётам рэжыму ў нашым матэрыяле.

Форум, у якім узялі ўдзел больш за сто пяцьдзясят чалавек з Беларусі, Расеі і Латвіі, у Менску арганізавала Міністэрства інфармацыі. У першы дзень зоркі інтэрнэту распрацоўвалі ўласныя праекты і вучыліся ствараць кантэнт пад кіраўніцтвам прапагандыстаў і сілавікоў.

Прапагандыст
Грыгорый Азаронак паспрабаваў апраўдаць гэткі кантроль неабходнасцю:

«Нельга жыць у грамадстве і быць вольным ад дзяржавы, вольным мастаком, у вольным палёце».

Кіраўнік «Белтэлерадыёкампаніі» Іван Эйсмант нават паабяцаў даваць эфірны час тым, хто гатовы супрацоўнічаць.

Першы форум блогераў Беларусі «БлогБай. Нам ёсць што сказаць!» стартаваў у Менску, Беларусь. 27 верасня 2024 года. Фота: sb.by
Першы форум блогераў Беларусі «БлогБай. Нам ёсць што сказаць!» стартаваў у Менску, Беларусь. 27 верасня 2024 года. Фота: sb.by

Каму патрэбны гэты форум і якія ў яго мэты?

«Да іх прыйшло разуменне, што без блогераў не дацягнешся да аўдыторыі, да маладой аўдыторыі», – тлумачыць мэту форуму галоўны рэдактар «Еўрарадыё»
Павел Свярдлоў.

Паводле намесніка старшыні БАЖ
Барыса Гарэцкага, улада вельмі хоча авалодаць грамадскай думкай і нейкім чынам паставіць кропку ў падзеях 2020 года.

«Безумоўна, гэта звязана з прэзідэнцкімі выбарамі, безумоўна, гэта рыхтаванне да 2025 года», – кажа ён.


Пра свае рэальныя намеры прыхільнікі рэжыму заяўляюць адкрыта: маўляў, нават сабраныя на форуме сто пяцьдзясят асобаў маюць дваццаць сем мільёнаў агульнай аўдыторыі, якую варта скарыстаць у «правільных мэтах». Прапаганда ж нават падобнай колькасці гледачоў не мае, таксама паўстала праблема і ў ступені даверу.

,,

«Азаронак, напрыклад, непрыемная асоба, Маркаў – непрыемная асоба. Гэта ўсё прапаганда. Яна не падабаецца людзям… А блогеры сярод людзей карыстаюцца большай папулярнасцю, ім больш давяраюць», – кажа блогер Андрэй Павук.


Ці атрымаецца ў рэжыму папулярызаваць сябе сярод моладзі?

Паводле Барыса Гарэцкага, намаганні ўраду перацягнуць блогераў ды іхную аўдыторыю на свой бок скончацца фіяска.


«Чакаць таго, што блогеры сёння раптам перакуюць нармальных беларусаў на чырвона-зялёных бээрэсэмаўцаў, абсалютна не выпадае. Хаця, магчыма, у найбліжэйшай распакоўцы мы пабачым распакоўванне беларускага айфона ці беларускага пэйджара», – адзначае ён.


Нагадаем, што ў гэты ж час працягваецца зачыстка нелаяльных рэжыму блогераў. Некаторыя з іх, як
Сяргей Ціханоўскі ці Ігар Лосік, застаюцца за кратамі з 2020-га. Іншыя – як Вольга Такарчук ці Vadimati – ужо адсядзелі турэмныя тэрміны. Пры гэтым рэпрэсіі закранулі не толькі палітычных інфлюэнсераў. Гэтак, у Віцебску за дробнае хуліганства і распаўсюд экстрэмізму судзілі Віталя Храмцова – аўтара забаўляльнага інстаграм-кантэнту.

,,

«Любы чалавек, які робіць відэакантэнт, унутры сябе разумее, я думаю, што раней ці пазней можа стаць ахвярай рэпрэсіяў. Нават калі ты робіш абсалютна непалітычныя матэрыялы, дзесьці ты можаш раптам перайсці чырвоную лінію і заўтра апынуцца ў турме», – дадае эксперт.


З гэтага ліпеня ўрад стаў кантраляваць не толькі змест кантэнту, але і заробкі блогераў. Цяпер, каб рэкламаваць паслугі ці прадукты, інфлюэнсеры мусяць быць у дзяржаўным рэестры.

Наста Печанькова, Марыя Голдстэйн, «Белсат»

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10