З’явілася інфармацыя, што нямецкі дэпутат рэгулярна прыцягваў асуджаных за палітыку з лідскага ЦІПа для працы на сваёй плантацыі цыбулі пад Лідай. «Белсат» паспрабаваў высветліць акалічнасці справы і разабрацца з юрыстам, ці можна гэта лічыць прымусовай працай.
У чым справа
Згодна з расследаваннем журналістаў выдання Reform.news, нямецкі бізнесмен і дэпутат ад партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны» Ёрг Дорнаў падпісаў пагадненне з Лідскім ЦІПам, прыцягваючы беларускіх палітвязняў для працы на сваёй плантацыі цыбулі. За працу ім плацілі каля 5 еўраў у дзень, а сам Дорнаў асабіста правяраў, як зняволеныя спраўляюцца са сваімі абавязкамі. Паводле сведчанняў аднаго з былых зняволеных, умовы працы былі вельмі суровыя.
«Белсат» звязаўся з галоўным рэдактарам Reform.news Фёдарам Паўлючэнкам і спытаў яго пра некаторыя дэталі гэтай справы.
Паводле ягоных словаў, усяго журналістам выдання ўдалося знайсці і пацвердзіць некалькі такіх выпадкаў наёмнай працы зняволеных. Паразмаўляць з усіх знойдзеных асобаў пагадзіўся ўсяго адзін. У той жа час Фёдар Паўлючэнка ўпэўнены, што такіх выпадкаў нашмат больш, і спадзяецца, што пасля публікацыі людзі будуць выходзіць на сувязь з рэдакцыяй, каб дадаваць новыя факты па гэтай справе.
,,«Гэта насамрэч руцінная сітуацыя: не толькі на гэтай «Цыбулька-бел» [так называецца кампанія Ёрга Дорнаў. – Заўв. «Белсат»] палітзняволеныя і зняволеныя працуюць. Яны таксама збіралі камяні на палях, шмат якой іншай працы рабілі. Улада выкарыстоўвае іх як рабоў, яны працуюць дзе заўгодна. Калі нам гэта ўсё распавядалі, то гэта ўсё выглядала як норма – норма сучаснай Беларусі», – кажа журналіст.
Што да саміх вязняў, то, на думку Фёдара, яны ўсведамляюць, што з імі адбываецца. Але, знаходзячыся ў жудасных умовах месцаў зняволення, дзе палітычным не выдаюцца матрацы, сродкі гігіены і дзе адбываюцца пакаранні за любую правіну, яны лічаць, што лепей схадзіць папрацаваць, чым сядзець у камеры, дзе іх будуць катаваць і збіваць.
Фёдар Паўлючэнка паведаміў, што артыкул іхнага выдання ўжо перакладзены на англійскую мову і, як бачна паводле статыстыкі, актыўна чытаецца ў Нямеччыне. Таму, спадзяецца наш суразмоўца, у гэтага будуць нейкія наступствы.
«Але ж справа не толькі ў гэтым дэпутаце, – адзначае галоўны рэдактар Reform.news. – Ну добра, няма сумлення ў чалавека, ну, няхай жыве без сумлення з гэтай праблемай. Але ёсць у Нямеччыне такая партыя, якую ён прадстаўляе, і, на мой погляд, гэта цікавы выклік для ўсёй нямецкай супольнасці. Бо партыя «Альтэрнатыва для Германіі» выступае з пралукашэнкаўскіх, пракрамлёўскіх пазіцыяў. І вось калі нямецкія выбаршчыкі даведаюцца, якім чынам паводзяць сябе дэпутаты гэтай партыі, што яны робяць, то, магчыма, яны тады зменяць сваё стаўленне да гэтай партыі і яна не будзе атрымліваць такія вялікія адсоткі, якія зараз яна атрымлівае на выбарах у Нямеччыне», – адзначыў Фёдар Паўлючэнка.

Ці прымусовая гэта праца
«Белсат» таксама звярнуўся да юрыста праваабарончага цэнтру «Вясна» Алега Мацкевіча з просьбай патлумачыць нюансы з прыцягненнем зняволеных паводле адміністратыўных артыкулаў да працы.
Так, Алег Мацкевіч даў даволі адназначын адказ: згодна з працэсуальным Кодэксам аб адміністратыўных правапарушэннях, людзі, якія адбываюць адміністратыўны арышт, могуць быць прыцягнутыя да працы толькі з іхнай згоды.
Калі ж казаць пра канкрэтны выпадак працы асуджаных паводле адміністратыўных артыкулаў на ўборцы цыбулі, то тут, безумоўна, відавочна, што гэтая праца з’яўляецца прымусовай.
,,«Мне невядомы ніводзін механізм кантролю за тым, што адбываецца ў беларускіх турмах і ізалятарах часовага ўтрымання. Таму нельга казаць пра тое, што калі подпіс чалавека стаіць пад нейкай дамовай, у тым ліку працоўнай, паводле якой ён працуе на прыватнай фірме, то гэтая праца не з’яўляецца прымусовай – канечне, гэта не так», – сцвярджае юрыст.
Акрамя таго, існуюць міжнародныя канвенцыі (канвенцыя 29 і 105 Міжнароднай арганізацыі працы) па прымусовай працы, удзельніцай якіх з’яўляецца ў тым ліку і Беларусь. Згодна з імі, людзі, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі, могуць працаваць выключна, выказаўшы добраахвотную згоду на гэта.
«Пры гэтым, падкрэсліваю, калі мы гаворым пра цывілізаваныя краіны, дзе ёсць механізмы кантролю з боку незалежных органаў улады, незалежных галінаў улады, а таксама з боку грамадскасці, у тым ліку праваабаронцаў, то там гэта лёгка праверыць, лёгка кантраляваць гэты працэс: ці сапраўды волевыяўленне чалавека, які знаходзіцца ў зняволенні, з’яўляецца добраахвотным. У дачыненні да Беларусі гэта абсалютна немагчыма: няма ні незалежных органаў улады, ні незалежных механізмаў грамадскага кантролю, няма доступу праваабаронцаў, няма доступу іншых праваабарончых арганізацый на тэрыторыю турмаў. А тыя грамадскія камісіі, якія існуюць нібыта для кантролю, цалкам сфармаваныя органамі ўлады і цалкам падкантрольныя і падсправаздачныя, і яны, канечне, ніякім чынам не могуць выявіць парушэнні, якія адбываюцца ў месцах зняволення», – сказаў Алег Мацкевіч.
Таму, на думку юрыста, апрыёры ўся праца, якую зняволеныя, у тым ліку адміністратыўна арыштаваныя, у Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляюць, з’яўляецца прымусовай.
«Мне проста смешна думаць, што чалавек, які сядзіць у камеры, у якога няма матраца, падушкі, пасцельнай бялізны, якому не перадаюць перадачы і якога не водзяць на прагулкі і ў душ, добраахвотна паставіў подпіс пад працоўнай дамовай і добраахвотна паехаў працаваць на прыватную фірму, каб зарабіць нейкія капейкі», – адзначыў юрыст.
Раман Шавель belsat.eu