навіны

«Ты канвеер». Менскі актывіст папрацаваў у польскім «McDonald’s» і напісаў пра гэта кнігу

Значок Міхаіла Волчака з «McDonsld’s»
Значок Міхаіла Волчака з «McDonsld’s». Фота: Міхаіл Волчак
podpis źródła zdjęcia

Міхаіл Волчак пайшоў у варшаўскі «McDonald’s», каб «разгрузіць галаву», а праз тры месяцы працы вярнуўся з кнігай пра «дно капіталізму». Ён не заклікае змагацца з сеткай рэстарацыяў, але лічыць, што патэнцыйным працаўнікам трэба быць гатовымі да эксплуатацыйнага стаўлення.

Міхаіл Волчак лічыць, што ягоны досвед можна экстрапаляваць на шмат якія нізкакваліфікаваныя заняткі як у Польшчы, так і ў іншых краінах. Але падкрэслівае, што сам меў досвед гэткай працы толькі ў варшаўскім «McDonald’s». Кажа, ад сябра, які працаваў у Польшчы ў розных сеткавых рэстарацыях і крамах, пачуў, што ў «McDonald’s» яшчэ не найгоршая сітуацыя. І ад сябра ў Беларусі чуў, што польскае «дно карпаратыўнага капіталізму» – зусім не тое, што беларускае «дно дзяржаўнага сацыялізму». Ён лічыць сваю гісторыю даволі ўніверсальнай, і спадзяецца, што кніга дапаможа «называць рэчы сваімі імёнамі» і шмат каму з беларускіх эмігрантаў дасць «паглядзець на сябе збоку».


Падтрымаць выданне кнігі і пачытаць урыўкі можна на сайце «Buy Me a Coffee».

Як дайшоў да працы ў «Макдаку»?


«Ты ж праграміст», – мэмная фраза, якая так і просіцца да аўтара кнігі пра працу ў «McDonald’s». Міхаіл Волчак каля 20 гадоў займаўся развіццём супольнасцяў «на мяжы гуманітарных і лічбавых тэхналогіяў», ад дваровага футболу да моладзевай арганізацыі «Фаланстэр». Апошняя сярод іншага займалася папулярызацыяй свабоднага праграмнага забеспячэння: «Linux», «Drupal», усё вакол «Creative Commons»…


Волчак адказвае, што не лічыць сябе айцішнікам, а лічыць хутчэй актывістам свабоднага праграмнага забеспячэння. Актывізм – гэта гуманітарная, грамадская дзейнасць, а IT у вузкім сэнсе – гэта пра эканоміку, пра стварэнне прадуктаў і сэрвісаў. Кажа, зарабляў некалі на IT, але тое было апошні раз 8–9 гадоў таму. Цяпер IT-навыкі яму патрэбныя хіба для адной ідэі з пясочнымі батарэямі і машынным навучаннем – кажа, дзякуючы такім ідэям Беларусь можа стаць «энергетычна залежнай толькі ад Бога, ветру і сонца».

Міхаіл Волчак у першы дзень працы ў «McDonsld’s». Варшава, Польшча. 4 сакавіка 2024 года. Фота: Міхаіл Волчак
Міхаіл Волчак у першы дзень працы ў «McDonsld’s». Варшава, Польшча. 4 сакавіка 2024 года. Фота: Міхаіл Волчак

У «McDonald’s» ён пайшоў не таму, што нікуды больш не бралі. Канешне, калі давялося ўцякаць з Беларусі з палітычных прычынаў, то выдаткі павялічыліся. Але калі ён пераехаў у Польшчу яшчэ ў снежні 2022 года, пэўны час зарабляў на выкладанні англійскай мовы. У «McDonald’s» пайшоў, калі прыйшлося пераехаць «з лесу» бліжэй да Варшавы і больш плаціць за арэнду жытла. 


«Я мэтанакіравана туды ішоў, я не шукаў працу дзесьці ў іншых месцах, – расказвае Волчак – Я займаюся інтэлектуальнай дзейнасцю, дык галава нагружаная. І займаюся дзейнасцю не эканамічнай, а грамадскай. Калі ты бярэш на сябе нагрузку канвеера высокамаржынальных індустрыяў, тады ты мусіш думаць удвая. А мне не хацелася думаць. Хацелася выконваць нейкую механічную працу, каб мне давалі пэўную суму грошай, якой мне б хапала аплачваць арэнду, купляць базавыя рэчы».

,,

«Проста жаданне шмат не думаць, нейкую капейку зарабляць. Ну і, вядома, досвед больш фізічнай працы».


Хацеў яшчэ папрактыкаваць польскую мову ў «палявых» умовах. Але ў спробе пазбегнуць «інтэлектуальнага канвееру» трапіў на канвеер фізічны. Або, як кажа, сам стаў канвеерам.


Як працавалася ў «McDonald’s»


Для ўладкавання ў «McDonald’s» Волчаку хапіла ягоных базавых ведаў англійскай мовы і паходжання са славянскай краіны: нават для працы на касе дастаткова пяці-шасці фразаў па-польску. Збольшага ж у «McDonald’s» – прынамсі, у варшаўскім – працуюць украінцы, людзі з бяднейшай часткі Азіі і з Афрыкі (Волчак дапускае, што працуюць там нават тыя, хто прарваўся праз беларускую мяжу і «недабег» да Нямеччыны). Палякі займаюць пераважна менеджарскія пазіцыі, ім хапае базавай англійскай, каб кіраваць падначаленымі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Працаўнікі складу. (Фота: Tiger Lily / Pexels.com)
Як з Беларусі з’ехаць працаваць у Польшчу: што трэба ведаць і колькі заплаціць навіны

Высокамаржынальныя галіны эканомікі, тлумачыць Волчак, занятыя мясцовымі жыхарамі, а сэрвісныя напоўненыя людзьмі, на якіх можна зэканоміць: або такімі, якія не маюць шмат правоў, ці сваіх правоў не ведаюць. На гэтым, перакананы ён, будуецца індустрыя абслугоўвання. У рэстарацыях «McDonald’s» ці «Burger King», у сетках крамаў кшталту польскіх «Żabka» і «Biedronka» або на складах «Amazon» працуе шмат мігрантаў, якія якраз слаба ведаюць свае правы. Туды можна набіраць мігрантаў, бо там не патрэбныя глыбокія веды мовы: праз высокую аўтаматызацыю людская праца патрэбная толькі ў вельмі «механічных» задачах, якія яшчэ не здолелі эфектыўна аўтаматызаваць. 


У «McDonald’s», кажа суразмоўца, ён «пабываў на самым дне», бо як фізічна здаровы мужчына займаўся цяжэйшай працай, рытмічнай і спякотнай: смажыў ялавічыну, курку ў паніроўцы і frytki (бульбу фры). Фізічна слабейшыя ў «McDonald’s» часцей трапляюць не на кухню, а на сэрвіс: разліваюць напоі, загортваюць бургеры ці прыбіраюць, але і іх могуць скіраваць на цяжкія задачы. 

На кухні ў «McDonsld’s». Варшава, Польшча. Фота: Міхаіл Волчак
На кухні ў «McDonsld’s». Варшава, Польшча. Фота: Міхаіл Волчак

Ён паказвае, як працаваў: ходзіць бокам улева-ўправа па пляцоўцы шырынёй у два метры, штосьці падымае-апускае рукамі, сагнутымі ў локцях. І так, кажа, амаль увесь працоўны час: можаш восем гадзін запар смажыць frytki або за дзень змяніць працу са смажання ялавічыны на смажанне куркі. Хіба зрэдку давядзецца аднесці нейкую скрыню, а рэшту часу робіш адны і тыя ж рухі – і пры гэтым глядзіш у сценку. Можаш яшчэ паглядзець на манітор са стужкай замоваў, зірнуць на калегаў. Паразмаўляць можна хіба лічаныя секунды – нават не small talk, а зусім micro talk: павітацца, спытаць, як справы, і «ісці walczyć» (змагацца). На гэтым разнастайнасць сканчаецца.


Нягледзячы на выцяжкі, на кухні спякотна. І на рукі пастаянна трапляе соль, рукі пячэ. Перапынак – 15 хвілін, калі працуеш да шасці гадзінаў, або 30 хвілін, калі працуеш даўжэй. На перапынку працаўнікі ў асноўным «заліпаюць»: сядзяць і нічога не робяць. Зрэдку размаўляюць, часам ядуць (у тым ліку ежу з самога «McDonald’s»).


Волчак працаваў толькі на палову стаўкі, тры дні на тыдзень па 9 гадзінаў. Але ўсё роўна пасля трох дзён працы адчуваў, што «нічога ў жыцці не хоча». Пасля працы на поўную стаўку, лічыць ён, сілы на нешта акрамя працы застануцца хіба ў маладзейшых, людзей 18–25 гадоў. Калі ты старэйшы – моцна стамляешся, бо ўжо не маеш юнацкага збытку энергіі. Волчак апісвае гэта адным словам, але мацерным. 

,,

«Гэтая праца патрабуе цярплівасці, вынослівасці. У пэўным сэнсе – жадання выпрабаваць гэта на сабе. Але шмат што залежыць ад менеджараў, якія могуць кіраваць працэсам, рабіць табе яго лягчэй ці цяжэй».


У «McDonald’s» у цэнтры Варшавы Волчак зарабіў каля 1500 злотых на месяц «чыстымі» за паўстаўкі – за поўную стаўку мог бы зарабіць 3000 злотых. То значыць, каля 1250 рублёў за паўстаўкі ці 2500 рублёў за поўную стаўку. Па беларускіх мерках гэта гучыць някепска, ды ў Польшчы гэта нават менш за мінімальны месячны заробак (на момант публікацыі 3261,53 злотых «чыстымі»). Працу ж аплачваюць пагадзінна, дык можна зарабіць і менш за месячны мінімум, а можна зарабіць і больш, калі працаваць больш гадзінаў.


Кар’ерны рост пры гэтым не гарантаваны. Волчак бачыў, як адзін супрацоўнік-паляк за год «вырас» да інструктара (атрымаўшы плюс злоты на гадзіну і дадатковыя абавязкі), як другі стаў «лідарам гасціннасці» (гэта супрацоўнік, які вітае наведнікаў і дапамагае ў замовах) і як трэці супрацоўнік-паляк як смажыў курку цэлы год, так і працягвае. 


Кніга не пра тое, як смажыць катлеты


Волчак пісаў зацемкі пра сваю працу падчас абеду і ў цягніку па дарозе дамоў, занатоўваў размовы. Здавалася б, пры манатоннай працы кожны дзень як «Дзень сурка», але штодня ён бачыў эмоцыі і лёсы іншых людзей. 


Атрымаліся тры дзясяткі допісаў, якія ён выкладваў у блог. Чытачам спадабалася, яму ахвяроўвалі грошы і дзяліліся сваім досведам. Цяпер Волчак лічыць, што допісы можна перафарматаваць у «Малую падарожную кнігу працаўніка ў мегаполісе», бо атрымалася рэалістычнае апісанне працы і рэфлексія ад чалавека «збоку» – у нечым вясёлая, у нечым сумная. 

Міхаіл за працай на кухні ў «McDonsld’s». Варшава, Польшча. Фота: Міхаіл Волчак
Міхаіл за працай на кухні ў «McDonsld’s». Варшава, Польшча. Фота: Міхаіл Волчак

У адной зацемцы ён пісаў:


«Свае падарожжа ў „McDonald’s“ я пачынаю як сацыятэхнік-практык. Мне цікава антрапалогія каманды. Мне цікава, як будзе змяняцца маё стаўленне да працы і людзей, а таксама самога сябе. Мне таксама цікава, як карпарацыі ўплываюць на свой персанал у фарміраванні ідэнтычнасці і светапогляду працаўніка. Мне цікава, наколькі цэніцца не спажывец, а чалавек у карпаратыўным капіталізме. Я хачу разумець, наколькі хутка магу вучыцца новай прафесіі. Таксама я хачу завесці новых знаёмых сярод простых людзей, а дакладней розных людзей».


У кнізе Волчак апісвае працу ад таго, як рэкруцёры і менеджары вядуць камунікацыю, да таго, як працуе «канвеер» у плане стаўлення да людзей. Гэта, кажа ён, зусім не тая «каманда мары» з рэкламы працы ў «McDonald’s». Маўляў, у 18–25 гадоў гэта можаш не заўважаць, але папрацаваўшы ў розных месцах, чакаеш «чалавечага» ў стаўленні да працаўнікоў.


Так, ён спачатку хацеў працаваць не ў Варшаве, бо жыве не ў сталіцы, а ў прыгарадзе. Ды менеджарка, якая прызначыла яму сумоўе ў іншым горадзе, проста не прыйшла на сустрэчу. Уладкаваўся ў Варшаву. Там яго адпраўлялі на support, калі адна рэстарацыя высылае сваіх працаўнікоў другой, дзе людзей часова не стае. Маўляў, гэта нармальная карпаратыўная салідарнасць, але яго не спыталі, ці хоча ён і ці зручна яму туды дабірацца. І не падказалі, як яму танней дабірацца да месца працы з прыгараду, і не паверылі, што на новым месцы працы ён не паспее на апошнюю электрычку дамоў. Гэткія дробязі складваюцца ва ўражанне: кампаніі ўсё роўна, як справы ў працаўнікоў.

,,

«Гэта стоадсоткавая эксплуатацыя людзей, інструменталізацыя», – кажа Волчак пра працу ў «McDonald’s».


«Вядома, хтосьці так сябе не адчувае, але такое адбываецца па факце: адзінка, якая працуе, уключаецца ў канвеер, і застаецца без магчымасці зваротнай сувязі. Гэтую зваротную сувязь магчыма культываваць, але туды збольшага трапляюць людзі, якія не ведаюць сваіх правоў ці іх не маюць. Спалучэнне невалодання правамі з гэтым канвеерам стварае сітуацыю эксплуатацыі».


Дык што рабіць, баставаць?

«Салідарнасць» (Фота: Jozef Czarnecki / Reuters / Forum)
Параза не значыць, што перамогі не будзе. Урокі польскай «Салідарнасці» для Беларусі навіны

Да забастовак Волчак не заклікае: маўляў, кніга – «не маніфест Карла Маркса», а магчымасць адрэфлексаваць досвед працы на «дне карпаратыўнага капіталізму», бо асэнсаваць гэта, калі працуеш у такіх умовах, няпроста. Можа, хтосьці прачытае, асэнсуе – і запусціць важныя для грамадства працэсы.


Ён падкрэслівае, што «McDonald’s» – далёка не рабства, як у старадаўнім Егіпце. І Польшча – дэмакратычная краіна, у якой можна ствараць прафсаюзы: у познаньскім «McDonald’s» адзін ужо стварылі. Ды цяжкія ўмовы працы – непісаная стратэгія карпарацыі. Нават калі супрацоўнікі варшаўскага «McDonald’s» задумваліся аб уласным прафсаюзе, на гэта трэба час. А на такой працы яго няма нават на простую гарызантальную камунікацыю, ды і на абедзе ці ў распранальні рэдка бывае больш за два-тры чалавекі адначасова. Праз «цякучку кадраў» мала шанцаў, што хтосьці заробіць аўтарытэт іншых працаўнікоў і пры тым будзе цікавіцца не толькі патрэбай зарабіць грошы, але і ўмовамі працы іншых.

Міхаіл Волчак у «McDonsld’s». Варшава, Польшча. Фота: Міхаіл Волчак
Міхаіл Волчак у «McDonsld’s». Варшава, Польшча. Фота: Міхаіл Волчак

Цяпер Волчак разважае так. З аднаго боку, гэта магчымасць зарабіць хоць нейкія грошы. З другога боку, падказаў знаёмай студэнтцы, што можна пайсці працаваць у «McDonald’s», дык цяпер глядзіць на ейную стомленасць і спадзяецца, што яна або звольніцца, або зменшыць нагрузку. Але ж, працягвае, людзі працуюць і на металургічных заводах, і ў шахтах, і могуць там доўга пратрымацца пры чалавечым стаўленні…


Пытанні ў яго не да польскіх уладаў і не да рэгулявання працы ў фастфудах. Цяпер, тлумачыць Волчак, такія ўмовы: поўнамаштабная вайна ва Украіне і неабвешчаная вайна ў Беларусі, міграцыя з краінаў Азіі і Афрыкі даюць пастаянную плынь працоўнай сілы. Польскае грамадства можа рэалізоўвацца на працах з лепшымі ўмовамі і заробкамі, польскія медыкі ці настаўнікі могуць дамагацца зменаў тымі ж забастоўкамі. А сеткі, падобныя да «McDonald’s», проста не дапускаюць структураванасці працаўнікоў, якая дазваляла б дамагчыся зменаў. Паляпшэння сітуацыі Волчак чакае тады, калі зменіцца кан’юктура – калі сеткі адчуюць высокую патрэбу ў кадрах.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10