У Беларусь залятаюць не толькі «Шагэды» – з візітам прыляцеў сакратар Найвышэйшай рады нацыянальнай бяспекі Ірану Алі Акбар Ахмадыян. Пра што з ім дамаўляўся Лукашэнка? І ці не дала «вось зла» расколіну, пасля таго, як да ўлады ў Іране прыйшоў прэзідэнт-рэфарматар Масуд Пэзэшкіян?
Іран сябруе з тымі, хто супраць Захаду. У гэтым спісе Аляксандр Лукашэнка займае не апошняе месца. Лукашэнка не проста не любіць Захад, але, як і Іран, дапамагае Расеі ваяваць супраць Украіны. Пасля «абрання» новага прэзідэнта ў Іране Лукашэнка прымаў у сваім палацы, як ён сказаў, «генсека Ірану».
«Ваш візіт яшчэ важны таму, што воляй лёсу – можа быць, як вы кажаце, воляй Алаха, – мы апынуліся ў адной лодцы і абсалютна не шкадуем пра гэта. Нас намагаюцца абылгаць у сродках масавай інфармацыі. Мы гэта разумеем, мы людзі дасведчаныя – ідзе інфармацыйнае супрацьборства. Можа, нават з элементамі інфармацыйных войнаў. Тым не менш і санкцыі, і іншы ціск мы пакуль вытрымліваем», – такімі словамі дыктатар прывітаў іранскага госця.
Санкцыі, як пятля на шыі, ціснуць і на рэжым ў Іране, і на рэжым у Беларусі. Як кажуць, браты ў няшчасці. Дык што Лукашэнку гэтым разам спатрэбілася ад Ірану?
,,«Калі казаць пра эканамічныя дачыненні, то яны не вельмі вялікія. За апошнія дзесяць гадоў аб’ём у гандлі паміж краінамі ўпаў у дзесяць разоў, – каментуе палітолаг Валер Карбалевіч. – Шмат пішуць пра магчымасць супрацы вайскова-прамысловых комплексаў, але гэтая тэма закрытая. Абодва бакі не афішуюць».
Менавіта такія закулісныя рэчы цяпер найважнейшыя. Калі беларускія прадпрыемствы напоўніцу працуюць на расейскіх вайскоўцаў, дык чаму не папрацаваць яшчэ і з Іранам? Тым больш, сам Лукашэнка шукае для гэтага геапалітычны падмурак:
«Падчас вострых ваенна-палітычных абставінаў на Блізкім Усходзе (а вы сур’ёзна ўцягнутыя ў канфлікт на Блізкім Усходзе), ля межаў Беларусі, у гэтым еўрапейскім рэгіёне, нам не проста кансультацыі патрэбныя, нам патрэбныя супольныя дзеянні з вашай краінай».
Падобна, што і іранскі бок разглядае Беларусь як партнёра менавіта ў сферы ваеннай прамысловасці і, магчыма, падрыхтоўкі кадраў. Пры такім раскладзе Тэгеран – удзельнік «восі зла» разам з Пуціным і Лукашэнкам.
,,«Фактычна можам сказаць, што саюзнікам Расеі ў яе канфлікце з Захадам ёсць Беларусь, Іран, Паўночная Карэя і з нейкай нацяжкай Кітай. Хоць Кітай спрабуе дыстанцыявацца і гуляе ў нейтральную гульню», – мяркуе Валер Карбалевіч.
Ёсць у Ірану яшчэ і адна вось – вось супрацьстаяння, як акрэслівае яе Іран. Яна ахоплівае тыя краіны, дзе Іран мае ўплыў і стратэгічныя інтарэсы. У межах вялікай угоды можна ўявіць наступны сцэнар.
,,«Узамен на паслабленне санкцыяў Іран паслабіць свой уплыў у такіх дзяржавах, як Емен, Сірыя, Ліван. Хусіты перастануць атакаваць судны на Чырвоным моры, і будзе неяк развязаны канфлікт у сектары Газа, то бок не будзе эскалацыі гэтага канфлікту ў цэлым рэгіёне», – кажа эксперт у пытаннях Блізкага Усходу Вітальд Рэпэтовіч.
Каб загарэўся увесь Блізкі Усход, зацікаўленая ў першую чаргу Расея, бо гэта адцягне ўвагу Захаду ад Украіны і ўсходняга флангу. А Крэмль акурат і марыў бы пра канфлікт паміж Захадам і Іранам. У такім выпадку Расея развяжа сабе рукі на Каўказе. Больш трывожная інфармацыя, што нядаўна Іран мог паставіць Расеі балістычныя ракеты. Пра гэта напісалі адразу некалькі ўплывовых замежных медыяў. На думку Валера Карбалевіча, тут ёсць супраца і з Беларуссю. Магчыма, для вытворчасці зброі Іран атрымлівае з Беларусі некаторыя ваенныя кампаненты.
,,«Калі б Іран перадаў балістычныя ракеты Расеі – гэта было б неразумна. Іран рашуча адмаўляе перадачу. Гэта стане зразумела, калі Расея выкарыстае гэтыя ракеты. Іран даўно прасіў у Расеі Су-35 і С-400, і пакуль нічога з гэтага не атрымаў», – мяркуе Вітальд Рэпэтовіч.
Пасля абрання новага прэзідэнта Ірану з блоку рэфарматараў, а не кансерватараў, магло б падацца, што нейкія змены ў палітыцы Ірану, калі не замежнай, то прынамсі ўнутранай, могуць быць. Але Іранам кіруе не прэзідэнт, а духоўны лідар Алі Хамэйні, якому Лукашэнка перадаў гарачыя вітанні.
Падобна, Лукашэнку іранскі палітычны расклад блізкі. Ды і ракетныя тэхналогіі адтуль ягоным планам не перашкодзілі б. Сустрэчы з іранскімі калегамі могуць быць зусім не простай фармальнасцю.
Глядзіце іншыя тэмы выдання «ПраСвет»:
- Грузія выштурхоўвае беларусаў
- Па чым ударыць Украіна заходнімі ракетамі?
- Наймацнейшая паводка ў Цэнтральнай Еўропе