Самымі запатрабаванымі напрамкамі для адпачынку ў беларусаў сталі не толькі Турцыя, ААЭ і Егіпет, але і больш незвычайныя варыянты.
Рэспубліканскі саюз турыстычнай індустрыі расказаў, куды летам 2024 года ездзілі адпачываць беларусы. Адзначаецца, што Турцыя зноў апынулася на першым месцы, нягледзячы на рост коштаў на 20% – продажы тураў туды пабілі леташнія рэкорды (плюс 5 тысяч турыстаў).
На другім месцы ААЭ, які стаў альтэрнатывай Егіпту і Турцыі, дзе кошты зраўняліся, але ўзровень сэрвісу ўсё роўна вышэй у ААЭ.
Усё гэтак жа папулярная ў беларусаў і Грузія. Аператары адзначаюць, што попыт на Батумі быў настолькі высокі, што знайсці білеты ў сезон было вельмі складана, нягледзячы на штодзённыя рэйсы. Пры гэтым у Турцыю білеты былі заўсёды, нават у разгар сезона.
У якасці альтэрнатывы тураператары сталі прапаноўваць пакетны турызм у Азербайджан.
«Экскурсійныя туры на 5-6 дзён з адпачынкам на мора сталі папулярныя дзякуючы выгадным коштам і цікавым праграмам. Тур на дваіх на тыдзень можна было абраць ад $1500 даляраў», – гаворыцца ў паведамленні.
Азія ў гэтым годзе дэманстравала значны рост цікавасці, нягледзячы на тое, што гэта абыдзецца куды даражэй Турцыі, Егіпта або ААЭ. У топе – Кітай, Тайланд, Шры-Ланка, Інданезія.
«У гэтым сезоне продаж тураў у Кітай, Паўднёва-Усходнюю Азію, на Мальдывы, у Інданезію і Тайланд вырас больш чым у 2 разы, – гаворыцца ў паведамленні. Напрыклад, у Кітаі пабыло больш за 1,5 тысячы беларусаў. 60% паездак туды складаюць пляжныя туры, 30-40% – экскурсійныя».
30 чалавек нават з'ездзілі ў круіз вакол Японіі, што аказалася танней стандартнага тура ў Егіпет.
Для тых, у каго бюджэт абмежаваны, выбар застаецца невялікі: з суседніх краінаў гэта толькі Расея. Продажы пуцёвак туды ў некаторых тураператараў выраслі ў пяць разоў, сярод лідэраў – Абхазія, Дагестан, Карэлія, Санкт-Пецярбург, Масква, Байкал і Калінінград.
Рэспубліканскі саюз турыстычнай індустрыі зазначае, што прыкметна стала расці папулярнасць Дагестана пасля таго, як запусцілі рэйсы з Менска. Калі яны былі з Масквы, беларусы гэтым напрамкам увогуле не цікавіліся. Пра тое, што рэгіён з'яўляецца небяспечным для турыстаў, тураператары, відаць, вырашылі змаўчаць.
Тэса Анэйда belsat.eu