навіны

Суды за сарваны сцяг, удзел у пратэстах, «экстрэмізм»: рэпрэсіі 20 верасня

СІЗА № 7 у Берасці
СІЗА № 7 у Берасці, Беларусь. 14 лютага 2021 года. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

У пятніцу, 20 верасня, праваабаронцам стала вядома пра шэраг затрыманняў і судоў за пратэсты 2020 года, а таксама за распаўсюд «экстрэмізму», абразы, хуліганства. Акрамя таго, прапагандысты адсправаздачыліся пра колькасць «экстрэмісцкіх матэрыялаў» у Беларусі. Падрабязней – у нашым аглядзе рэпрэсіяў. 

41-гадовага дызайнера-ілюстратара з Менску Сяргея Скібінскага будуць судзіць за «садзейнічанне экстрэмізму» і ўдзел у пратэстах. Імаверна, мужчыну затрымалі яшчэ 19 студзеня, прынамсі, тады ён быў онлайн апошні раз. 


Разгляд справы пачнецца 14 кастрычніка ў Менскім гарадскім судзе. Сяргея абвінавачваюць у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4) і «удзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК).


Блогер Bulbanews. Крыніца: Праваабарончы цэнтр «Вясна»
Блогер Bulbanews. Крыніца: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

У Віцебску, верагодна, затрымалі вядомага менскага блогера Bulbanews. Ягонае імя – Віталь Аляксандравіч Храмцоў – з’явілася 19 верасня ў раскладзе суду Чыгуначнага раёну. Судзіць будуць за распаўсюд экстрэмізму і дробнае хуліганства. У сацсетках блогер быў апошні раз у сераду, 18 верасня, увечары. 


За ўдзел у акцыях пратэсту затрымалі як мінімум траіх жыхароў Глыбокага. Адзін з затрыманых паказаны на «пакаяльным відэа» са слядамі збіцця. Па звестках @vicspring былі затрыманыя 12 чалавек, у тым ліку краязнаўца і даўні грамадскі актывіст Павел Лаўрыновіч. Частку затрыманых адразу адвезлі ў Віцебскі следчы ізалятар. Ім інкрымінуюць арт. 342 КК («Арганізацыя, падрыхтоўка або ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).


У Пінску 26 верасня будуць судзіць былога журналіста «Медыя-Палессе» Яўгена Нікалаевіча, які быў моцна збіты падчас пратэстаў. Яго абвінавачваюць паводле арт.342 КК РБ. 


19 верасня ў Вушацкім раённым судзе судзілі Сяргея Чарткова, Генадзя Арлоўскага і Дзмітрыя Федуковіча паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Усе яны - супрацоўнікі Вушацкага філіялу «Белтэлекаму». 


20 верасня Вушацкі суд разбіраў справу Алены Федуковіч, жонкі Дзмітрыя Федуковіча. Жанчына таксама працуе ў мясцовым філіяле «Белтэлекаму», і судзяць яе таксама за «распаўсюд экстрэмізму».


Больш за 5 тысяч інтэрнэт-рэсурсаў у Беларусі прызнаныя «экстрэмісцкімі», заявіў міністр інфармацыі Марат Маркаў. Міністэрствам інфармацыі на 1 верасня 2024 года прынятыя пастановы аб абмежаванні доступу амаль да 14 тысяч інтэрнэт-рэсурсаў, з якіх больш за 5 тысяч былі прызнаныя «экстрэмісцкімі».


Двух жыхароў Слаўгараду затрымалі за сарваны дзяржаўны сцяг — яго паклалі ў клумбу. Праўладныя тэлеграм-каналы сцвярджаюць, што супраць мужчын распачалі крымінальную справу за глумленне з дзяржаўных сімвалаў (арт. 370 КК), зараз яны знаходзяцца ў ІЧУ.


Дзіяна Нараеўская. Крыніца: Праваабарончы цэнтр «Вясна»
Дзіяна Нараеўская. Крыніца: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

19 верасня ў судзе Рэчыцкага раёну разглядалі адміністратыўную справу ў дачыненні настаўніцы біялогіі і хіміі школы №7 г.Рэчыцы Дзіяны Нараеўскай. Жанчыне была інкрымінаваная ч. 2 арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Вынік судовага пасяджэння пакуль невядомы.


Жыхара Кіраўску Юрыя Аверкава яшчэ ўлетку асудзілі за «абразу прадстаўніка ўлады», а цяпер мужчыну чакае суд за «распальванне варожасці» і «масавыя беспарадкі». Справу 30 верасня пачне ў закрытым рэжыме разглядаць Магілёўскі абласны суд. 


Марыя Міхалевіч belsat.eu


больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10