навіны

Затрыманні ў рэгіёнах і кантроль памілаваных. Рэпрэсіі 19 верасня

калонія
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Сілавікі затрымліваюць групы людзей у невялікіх гарадах Беларусі, а мемы і культурніцкія праекты прызнаюць экстрэмісцкімі. Пра гэта і іншыя рэпрэсіі ў штодзённым аглядзе «Белсату».

Прапагандысты выпусцілі фільм з палітвязнем, юрыстам Юрыем Зянковічам, у якім ён вымушаны расказваць пра «замах» на Аляксандра Лукашэнку. Прапаганда не саромеецца звяртаць увагу на змены ў выглядзе палітвязня, які ў зняволенні схуднеў да нездаровага стану.


«Заняткі спортам, харчаванне, лад жыцця іншы, таму фігура змянілася», – адказвае Юрый Зянковіч.


Юрыя Зянковіча затрымалі 12 красавіка 2021 года і пакаралі 11 гадамі зняволення паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку за «заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь».

У Глыбокім «хапун». Паводле «Віцебскай вясны», затрымана 12 чалавек. Усіх абвінавачваюць ва ўдзеле ў паслявыбарчых акцыях пратэсту. На відэа сілавікоў паказана, як аднаго з затрыманых са зламанай рукой паклалі тварам на падлогу.

Частку затрыманых адразу адвезлі ў Віцебскі следчы ізалятар. Ім інкрымінуюць арт. 342 КК (арганізацыя, падрыхтоўка або ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

А ў Століне затрымалі як мінімум 5 асобаў. Праўладныя тэлеграм-каналы пішуць, што гэтыя людзі «займаліся экстрэмісцкай дзейнасцю». Паводле праваабаронцаў, адзін з затрыманых у сацсетках падпісаны як Вадзім Вяткоўскі.

Актывістку з Рэчыцы Бажэну Жолудзь будуць завочна судзіць у Магілёве 2 кастрычніка.

Працэс у закрытым рэжыме прызначаны весці суддзя Сяргей Мазураў.

Бажэну вінавацяць у «незаконных дзеяннях у дачыненні інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных звестках» (арт. 203-1 КК), «закліках да санкцыяў» (ч. 3 арт. 361 КК), а таксама ў «знявазе суддзі» (арт. 391 КК).

Бажэна – сяброўка загінулага кіраўніка «Беларускага дому ва Украіне» Віталя Шышова, якога знайшлі павешаным у Кіеве ў 2021 годзе. Падчас выбарчай кампаніі 2020 года яна была ўдзельніцай ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай.

Сцэнарыста Кірыла Вевелю з Барысава будуць судзіць за «заклікі да санкцыяў» 23 верасня. Мужчыну 40 гадоў. Ён скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, піша музыку і сцэнары да фільмаў.

Кірыла затрымалі ў студзені 2024 года. Спачатку яму далі содні за «дробнае хуліганства». Пасля, падобна, яго не выпусцілі і завялі крымінальную справу, піша «Наша Ніва».

Мужчыну абвінавачваюць у «закліках да санкцыяў» (арт. 361 КК). Справу Вевеля будзе разглядаць Святлана Чарапанава.

Старонка з беларускімі мемамі ў Instagram «БелМемы» прызнаная «экстрэмісцкай». Спіс таксама папоўнілі сацсеткі праекту былога працаўніка Нацыянальнага мастацкага музею Беларусі Мікіты Моніча «Около культуры», Instagram-старонкі «Андрей Стрижак», «Libereco PHR», «INeedHelpBY», Telegram-канал, чат, старонкі ў Youtube, Instagram, TikTok «Оля Токарчук», TikTok-старонкі «nikmen131», «Не Избранные»

Памілаваны, але не вольны

Памілаванне ў Беларусі яшчэ не азначае, што ціск на чалавека скончаны. Пра гэта распавёў «Вясне» распавёў адзін з памілаваных палітвязняў.

«Пасля памілавання зняволеным трэба стаць на ўлік у крымінальна-выканаўчай інспекцыі (КВІ) і хадзіць адзначацца раз на тыдзень. Пры гэтым вусна ім паведамляюць, што ў выпадку, калі яны не працуюць, то раз на тыдзень мусяць адпрацаваць восем гадзінаў на грамадскіх працах. Судзімасць пасля памілавання палітвязню не знялі. Акрамя гэтага, яму забаранілі выезд з Беларусі на тэрмін, роўны неадбытаму тэрміну пакарання.

З моманту вызвалення да мужчыны адзін раз прыехалі працаўнікі міліцыі, праверылі тэлефон на наяўнасць «экстрэмізму». Сказалі, каб ён «не лез нікуды». Пры гэтым, кажа суразмоўца, былі карэктныя і ветлівыя», – перадае «Вясна» словы былога палітвязня.


Арсен Рудэнка belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10