Намеснік Святланы Ціханоўскай і кіраўнік НАУ Павел Латушка стаў лаўрэатам прэміі «Салідарнасць» імя Леха Валэнсы. Беларускі палітык атрымаў узнагароду з рук міністра замежных справаў Польшчы Радослава Сікорскага падчас ўрачыстай цырымоніі, якая адбылася 18 верасня ў палацу Красіньскіх у Варшаве. «Белсат» пабываў на імпрэзе.
У зале, дзе адбываецца ўрачыстасць, каля 200 гасцей і журналістаў. Удзельнікі імпрэзы ўстаюць з крэслаў і гучнымі воплескамі вітаюць былога прэзідэнта Польшчы Леха Валэнсу, які адкрывае імпрэзу.
«Рашучасць народу мацнейшая за рэжым»
У сваёй 15-хвіліннай прамове Лех Валэнса гаворыць пра выклікі часу, якім вымушаныя супрацьстаяць сучасныя дзяржавы і грамадствы, звычайныя людзі. Кажа пра неабходнасць – патрэбу! – перамогі над аўтарытарызмам, інакш чалавецтва рызыкуе адкаціцца ў сваім развіцці далёка назад. Гаворыць пра неабходнасць перамогі Украіны і вольнай Беларусі.
«Польская «Салідарнасць» паказала, як мы павінны змагацца і перамагаць», – кажа Лех Валэнса.
Міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі, абвяшчаючы лаўрэата прэміі адзначае, што ўзнагарода ёсць «выразам салідарнасці з асобамі, якія прысвячаюць сваё жыццё абароне самага важнага – міру, дэмакратыі і павагі да іншых людзей». Па яго словах, Павел Латушка выбраў менавіта гэты шлях – шлях свабоды, выбраў калісьці Лех Валэнса.
У каментары «Белсату» міністр замежных спраў Польшчы адзначыў:
«Прэмія салідарнасці была ўпершыню прысуджана ў 2014 годзе ў гонар 25-годдзя першых амаль свабодных выбараў. Першым лаўрэатам стаў Мустафа Джамілеў, лідар крымскіх татараў. У 2015 годзе лаўрэатам стала дачка забітага каля Крамля былога віцэ-прэм'ера [Расеі. – Заўв. рэд.] Барыса Нямцова. Такім чынам, Украіна, Расея, і мы вырашылі, што цяпер, калі мы аднаўляем узнагароду, і калі ўвесь свет засяроджаны на вайне Украіны з Расеяй, трэба нагадаць пра беларускую справу і ўзнагародзіць вядомага палітыка беларускай дэмакратычнай апазіцыі».

«Гэтая ўзнагарода з'яўляецца таксама выразам павагі да мужнасці чалавека, які робіць усё магчымае для набліжэння дня, калі беларусы вернуцца ў еўрапейскую сям'ю свабодных народаў. І гэтай узнагародай мы дэманструем нашае падтрыманне. Жадаем вам і ўсім беларусам перамогі у барацьбе за свабоду! Рашучасць народу мацнейшая за дзеянні рэжыму», – кажа міністр замежных справаў Польшчы, уручаючы статуэтку «Салідарнасць» Паўлу Латушку.
«Польшча для нас прыклад, як салідарнасць можа змяніць хаду гісторыі»
«Атрымаць гэтую высокую ўзнагароду – вялікі гонар і вялікая адказнасць для мяне. Але я ведаю, што я не адзін, што беларусы не адны, таму што разам з адказнасцю мы адчуваем і вашае вялізнае падтрыманне», – дзякуе міністра і прысутных гасцей намеснік кіраўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінету і кіраўнік НАУ Павел Латушка.
Ён зазначае, што ўспрымае ўзнагароду як важны стратэгічны сігнал у польскай палітыцы – сігнал аб прыярытэце дэмакратычных зменаў у Беларусі.
Павел Латушка дзякуе не толькі польскаму міністру Сікорскаму, спікерцы Сенату Малгажаце Кідава-Блоньскай і міністру справядлівасці Адаму Боднару, які таксама прысутнічае на ўрачыстасці, але выказвае вялікую падзяку колішнім кандыдатам на пасаду прэзідэнта Беларусі Аляксандру Мілінкевічу і Уладзіміру Някляеву, а таксама пісьменніку Уладзіміру Арлову – яны сярод прысутных. Дзякуе усяму дэмакратычнаму грамадству Беларусі.
У зале падчас імпрэзы заўважаем таксама беларускіх актораў-купалаўцаў Зою Белахвосцік, Ігара Сігова, Алега Гарбуза, рэжысёра Аляксандра Гарцуева, спікерку Каардынацыйнай Рады Анжаліку Мельнікаву, кіраўніцу Музею вольнай Беларусі Наталлю Задзяркоўскую, дэлегатку КР і былую палітзняволеную Дар'ю Кароль.
«Польшча для нас, беларусаў, – прыклад, як салідарнасць можа змяніць хаду гісторыі. Мы чэрпаем натхненне з гісторыі «Салідарнасці» Леха Валэнсы. Для мяне гонар – атрымаць узнагароду імя такога чалавека. Бо перамога польскай «Салідарнасці» стала перамогай усёй Еўропы, часткай якой ёсць і Беларусь. І я цвёрда веру, што беларуская салідарнасць, пад'ём якой мы ўсе бачылі ў 2020 годзе, таксама будзе пераможцам. Веру ў гэта, бо маю ваш прыклад і вашае падтрыманне», – казаў Павел Латушка.
Ён яшчэ раз падкрэсліў, што Беларусь – еўрапейская краіна, а беларусы – еўрапейскі народ.
«Беларусь – гэта не Расея. Наша з вамі супольная еўрапейская гісторыя мусіць працягвацца далей», – сцвердзіў Павел Латушка.

«Дыктатар, хочаш перавярнуць старонку? Не!»
Павел Латушка таксама згадаў у сваёй прамове пра палітычных зняволеных і пра рэпрэсіі, якія працягваюцца ў Беларусі. Пералічыў злачынствы супраць чалавецтва, якія ўчыніў Лукашэнка і проста ў зале звярнўся да беларускага дыктатара.
«Дыктатар, хочаш перавярнуць старонку? Не! Няма чаго пераварочваць – твая кніжка ўжо скончылася!» – звяртаецца Латушка да саманазванага кіраўніка Беларусі.
Выступоўца выказаў упэўненасць, што рэжым Лукашэнкі – гэта «перманентная пагроза для бяспекі ўсёй Еўропы».
«На пачатку свайго выступу я казаў, што атрымаць гэтую ўзнагароду – вялікі гонар, але і вялікая адказнасць для мяне. І цяпер кажу: я ўдзячны, што ў беларусаў ёсць такі сусед, як Польшча. Гэта наша супольная гісторыя і наша супольная адказнасць», – адзначыў на заканчэнне выступу Павел Латушка.
Напрыканцы ён заявіў, што прысвячае атрыманую ўзнагароду свайму бацьку і братам, якія ўсё жыццё змагаліся за свабоду Беларусі.
,,«І я ім вінны працяг гэтага змагання і давядзенне яго да перамогі. Жыве Беларусь!» – так скончыў сваю прамову лаўрэат польскай прэміі «Салідарнасць» імя Леха Валэнсы Павел Латушка.
Трэці лаўрэат прэміі «Салідарнасць»
Узнагарода «Салідарнасць» імя Леха Валэнсы была заснаваная міністрам замежных справаў Польшчы ў 2014 годзе як знак прызнання заслугаў у справе прамавання і падтрымання дэмакратычных каштоўнасцяў. Першым лаўрэатам прэміі ў 2014 годзе стаў украінскі праваабаронца Мустафа Джамілеў, які змагаўся за правы крымскіх татараў. На наступны год ўзнагароду атрымала журналістка Жанна Нямцова – дачка расейскага апазіцыйнага палітыка Барыса Нямцова, застрэленага ў Маскве. З прыходам у 2015 годзе да ўлады ў Польшчы правых сілаў узнагароду цягам 8 гадоў нікому не ўручалі. Павел Латушка – трэці лаўрэат прэміі.
Пераможца прэміі Салідарнасці імя Леха Валэнсы вызначаецца ў працэсе двух этапаў. Напачатку сваіх кандыдатаў прапануюць 15 чалавек, сярод якіх намінанты Нобэлеўскай прэміі Міру, дзейны і былыя міністры замежных справаў Польшчы, сусветныя аўтарытэты ў галіне правоў чалавека і падтрымання дэмакратыі. Склад намінатараў штогод змяняецца на траціну. Канчатковае рашэнне прымае журы, першым старшынём якога быў экс–прэзідэнт Польшчы Лех Валэнса.
Паўлу Латушку 51 год. У 1990 гадах Латушка працаваў аташэ ў МЗС Беларусі, на пачатку 2000-х быў прэс-сакратаром МЗС, у 2002 яго прызначылі Надзвычайным і Паўнамоцным паслом Беларусі ў Польшчы, у 2009-м стаў міністрам культуры Беларусі. У 2012 годзе працаваў амбасадарам РБ у Францыі. У 2019 годзе яго прызначылі дырэктарам Купалаўскага тэатру. У жніўні 2020 года Павел Латушка асудзіў гвалт над удзельнікамі мірных пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў і далучыўся да пратэстоўцаў. У тым жа годзе ўвайшоў у склад прэзідыуму Каардынацыйнай рады і стварыў Народнае антыкрызіснае ўпраўленне (НАУ), якім кіруе дагэтуль. Каб застацца на свабодзе, быў вымушаны выехаць з Беларусі ў 2020 годзе. У сакавіку 2023 года яму завочна прысудзілі ў Беларусі 18 гадоў пазбаўлення волі.
Зміцер Міраш belsat.eu