Аб’яднаны пераходны кабінет працягваюць пакідаць прадстаўнікі. За няпоўныя тры месяцы з дэмакратычнага протаўраду Беларусі сышлі тры асобы, і цяпер у ім вакантныя больш як палова пасадаў. На думку шэрагу назіральнікаў, гэта сведчыць пра крызіс у дзейнасці АПК, іншыя ж, наадварот, бачаць у гэтым звычайную ратацыю кадраў, што ёсць нормай у дэмакратычных краінах.
16 верасня пасаду прадстаўніцы ў пытаннях сацыяльнай палітыкі Аб’яднанага пераходнага кабінету пакінула Вольга Гарбунова. У афіцыйным прэс-рэлізе АПК яна адзначыла, што «хацела б працягнуць сваю дзейнасць не столькі ў палітычным, колькі ў гуманітарным рэчышчы для дапамогі палітзняволеным». Гарбунова падзякавала камандзе Кабінету ды іншым структурам дэмакратычных сілаў за супрацу і выказала ўпэўненасць, што тая працягнецца.
«Вольга Гарбунова спрычынілася да таго, каб у міжнародных рэзалюцыях аб Беларусі прагучала тэма палітвязняў. Цяпер Вольга вырашыла засяродзіцца на працы не ў якасці палітыка — і я з павагаю стаўлюся да ейнага выбару», — адзначыла кіраўніца АПК Святлана Ціханоўская.
Паводле яе, ужо адбыліся «кансультацыі з патэнцыйнымі кандыдатамі на вызваленую пасаду» і неўзабаве ў Каардынацыйнай радзе маюць адбыцца слуханні адносна новай кандыдатуры.

Чаму пайшла Гарбунова
Гарбунова была прадстаўніцай АПК са снежня 2022 года. Сярод найважнейшых ейных дасягненняў ‒ правядзенне онлайн-марафону салідарнасці з палітзняволенымі «Нам не ўсё адно!» і запуск службы сацыяльнай дапамогі беларусам «Адно акно», пераклад на беларускую мову дапаможніку для вызвалення палітвязняў. Дзярждэпартамент ЗША ўзнагародзіў яе Міжнароднаю прэміяй за адвагу International «Women of Courage Awards».
У размове з радыё «Свабода» Гарбунова адзначыла, што падала ў адстаўку яшчэ 2 жніўня ў тым ліку з прычыны «ідэйнай, палітычнай нязгоды».
«Ненармальна заставацца ў такой сітуацыі, калі твой голас у меншасці, і ўсе рашэнні прымаюцца шляхам галасавання, а персанальную адказнасць за прынятае рашэнне нясеш ты», ‒ расказала яна.
Гарбунова лічыць важным «аддзяляць ад палітычнага трэку пытанне вызвалення палітвязняў» і «ўсё зрабіць, каб усе палітвязні выйшлі на свабоду». Яна адзначыла, што не мае часу і сілаў пераконваць дэмсілы, не толькі калегаў у АПК, «у каштоўнасці чалавечага жыцця, што памілаванне ‒ гэта важны і слушны крок, на які пайшоў афіцыйны Менск, што гэта сігнал».
На думку Вольгі, рэжым Аляксандра Лукашэнкі вызваленнем больш як сотні палітвязняў дэманструе, што гатовы да перамоваў у абмен на выхад з ізаляцыі і зняцце санкцыяў. Гарбунова лічыць важным пераасэнсаваць тое, «чаму голас палітвязняў ды іхных родных не такі гучны, як голас тых людзей, якія паспелі ўцячы з Беларусі яшчэ ў 2020-м».
У каментары «Белсату» палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Юрый Дракахруст адзначыў, што палітычная пазіцыя Гарбуновай «вельмі істотна адрознівалася ад пазіцыі іншых прадстаўнікоў Кабінету». У прыватнасці, яна называла вызваленне палітвяняў імкненнем да «гуманнасці», а ейны калега Павел Латушка, наадварот, казаў, што «гэта не памілаванне, дзякаваць тут няма за што».
«Лукашэнка кажа, што вы мне аддзячце, вы маю гуманнасць адзначце. І Латушка піша, што некаторыя прадстаўнікі дэмсілаў „патураюць яму“. Адрасат ‒ ясна хто, прынамсі Вольга», ‒ заявіў Дракахруст, дадаўшы, што пасля гэтага, відаць, былі зробленыя пэўныя «арганізацыйныя высновы» ‒ ці то самой Гарбуновай, ці то кіраўніцтвам АПК.

Людзі адыходзяць: тры вакансіі на восем пасадаў
Аб’яднаны пераходны кабінет быў створаны крыху больш як два гады таму ‒ 9 жніўня 2022 года. Першапачаткова ў яго ўвайшлі чатыры асобы: Павел Латушка (адказны за транзіт улады), Аляксандр Азараў (аднаўленне правапарадку), Валер Кавалеўскі (замежныя справы) і Валер Сахашчык (абарона і нацыянальная бяспека). У верасні да яго далучыліся Таццяна Зарэцкая (фінансы і эканоміка) і Аліна Коўшык (нацыянальнае адраджэнне). І ў снежні ў склад АПК у якасці адказнай за сацыяльныя пытанні ўвайшла Вольга Гарбунова.
Аднак на гэты момант у складзе Кабінету засталіся толькі дзве асобы ‒ Латушка і Коўшык. Першай яшчэ ў лістападзе 2022 года пасля скандалу пайшла Зарэцкая. Пасля расколу «BELPOL» са складу АПК у 2023 годзе быў выключаны Азараў. А сёлета ў адстаўку падалі яшчэ тры прадстаўнікі: Кавалеўскі, Сахашчык і цяпер Гарбунова.
Праўда, у Кабінеце з’явілася новая пасады: прадстаўніцай у моладзевых пытаннях стала Марго Ворыхава. Дый месцы Кавалеўскага і Сахашчыка вакантнымі доўга не былі: іх занялі адпаведна былы дыпламат Уладзімір Астапенка і прадстаўнік палка Каліноўскага Вадзім Кабанчук.
Тым не менш тры з васьмі пасадаў у АПК цяпер пустуюць: з лістапада 2022 года няма адказнага за фінансы і эканоміку, са жніўня 2023-га ‒ за аднаўленне правапарадку, а цяпер стала вакантнай і пасада прадстаўніка ў сацыяльных пытаннях.
Сябра Каардынацыйнай рады з «апазіцыйнага» Блоку Ягорава ‒ Пракоп’ева Святлана Мацкевіч заявіла, што выхад Гарбуновай «услед за Кавалеўскім і Сахашчыкам ‒ гэта ўжо не знак бяды, а поўная безнадзея, крыж на ўсім АПК пры ўсіх прыгожых словах Ціханоўскай».
,,«Калі ўсе рытуалы адкласці ўбок, то ў аснове гэтых выхадаў, думаю, поўная і прынцыповая нязгода з палітыкай і генеральнай лініяй. Яны выходзяць, а прызадумацца трэба ўсім нам», ‒ лічыць яна.
У сваю чаргу кіраўнік фонду «BYSOL» Андрэй Стрыжак, які раней крытыкаваў Гарбунову за словы пра «гуманізм» уладаў, наадварот, заявіў:
«Калі мы з вамі насамрэч спрабуем будаваць сапраўдную мадэль дзяржавы, то сыход чыноўнікаў з пасады ‒ добрая практыка».
Патэнцыял у Кабінету ёсць, але...
«Канцэнтраваны выхад» з Кабінету пракаментаваў «Белсату» былы яго сябра Валер Кавалеўскі, які пакінуў сваю пасаду 26 чэрвеня. Паводле яго, АПК ствараўся як месца, «дзе можна больш эфектыўна вызначаць праблемы, прымаць рашэнні і выконваць іх». Аднак замест «падтрымання і паразумення» атрымалася «палітызаванасць працэсу, перакосы ў выстаўленні прыярытэтаў, у выпрацоўванні пазіцыяў, у прыняцці рашэнняў».
«У пэўным сэнсе выбудаваная даволі жорсткая вертыкаль у прыняцці рашэнняў, дзе вельмі няпроста паўплываць на тое, якое рашэнне атрымліваецца на выхадзе», ‒ сказаў Кавалеўскі.
Паводле палітыка, пытанне не ў стомленасці, як некаторыя спрабуюць патлумачыць нядаўнія адстаўкі:
,,«Людзі перагараюць не ад аб’ёму працы, а ад таго, што немагчыма рухацца ў кірунку мэтаў, вельмі важных для нашых справаў».
Але чальцы АПК пакідаюць яго і ствараюць новыя спецыялізаваныя структуры ў межах агульнага дэмакратычнага руху, што «ўсталёўваюць гарызантальныя сувязі, выбудоўваюцца партнёрскія стасункі паміж рознымі арганізацыямі і сектарамі». Гэтак, Кавалеўскі стварыў агенцтва ў пытаннях замежнай палітыкі, а Гарбунова працягне сваю дзейнасць у справах вызвалення палітычных вязняў.
«У гэтым сэнсе неабавязкова ўсе чаканні перакладаць на палітычныя структуры, што зараз яны возьмуць і зробяць гэтую працу. Сама Святлана Ціханоўская неаднаразова казала, што беларусам трэба браць большую адказнасць на сябе за тыя задачы, якія паставіў перад сабою беларускі дэмакратычны рух», — падкрэсліў Кавалеўскі, заклікаўшы не чакаць вынікаў працы іншых, а дзеяць больш аўтаномна, «без парасона палітычнага лідара».
На ягоную думку, дэмакратычны рух эвалюцыянуе і развіваецца, у цэлым гэтая аптымізацыя мае прывесці да большай эфектыўнасці ў выкананні некаторых заданняў, а таксама забяспечыць устойлівасць дэмакратычнага руху незалежна ад вонкавага кантэксту.
«Паглядзім, якая тактыка будзе абраная Офісам Святланы Ціханоўскай, як яна будзе ставіцца да партнёрства з усімі, бо часам я чую, што „мы гатовыя супрацоўнічаць з усімі, мы ні з кім не сварымся“, а як гэта пацвердзіцца на практыцы, трэба будзе яшчэ паглядзець», ‒ дадаў Кавалеўскі.
Таксама палітык бачыць агульную кадравую праблему ў дэмакратычных сілах:
,,«Калі ў першыя месяцы ці нават год сярод людзей можна было досыць лёгка шукаць кадры і спецыялістаў, гатовых далучацца да руху, то цяпер людзі ўсё ж перайшлі ў іншы эмацыйны стан. Тыя, хто вымушана выехаў з Беларусі, знаходзяць сабе іншыя прафесіі, рухаюцца па нейкім сваім трэку. І не так проста памяняць месца працы, у тым ліку праз легалізацыйныя пытанні.
Гэта таксама трэба ўлічваць і, вядома, таксама нельга не сказаць пра тое, што рэйтынгі палітычных сілаў не растуць, калі не казаць наадварот».
Паводле Кавалеўскага, у сітуацыі памылак, крытыкі і расчаравання вынікамі працы палітычных структураў «рашэнне пра далучэнне ўжо прымаецца па-іншаму». Тым не менш ён мяркуе, што «Кабінет не губляе сваёй вартасці і значэння».
«Думаю, у Кабінета ёсць патэнцыял. Думаю, ёсць пэўныя рэчы, якія варта было б паляпшаць у дзейнасці Кабінету, у яго аўтаномнасці, у тым, як вызначаюцца прыярытэты і прымаюцца рашэнні, як яны імплементуюцца. Думаю, ёсць прастора для паляпшэння ў гэтых пытаннях, а ў цэлым Кабінет як ідэя захоўвае свой патэнцыял», — заключыў Кавалеўскі.

Костка ў горле рэжыму
У сваю чаргу Павел Латушка, намеснік старшыні АПК, наадварот, заявіў «Белсату», што ў Кабінеце «апошнім часам склалася вельмі працоўная і канструктыўная атмасфера ўзаемадзеяння». Замест канкуравання павышаецца разуменне прасоўвання яго перадусім як інстытуту, хоць і нельга сказаць, што выконваюцца «ўсе функцыі, якія ёсць».
«Шмат у чым мы працуем сапраўды як урад. Мы займаемся як праблемамі канкрэтнага грамадзяніна, якія трэба вырашыць, так і стратэгічнымі пытаннямі. Гэта рэальная праца, часта, магчыма, нябачная», ‒ адзначыў Латушка.
Паводле яго, Кабінет дэманструе «ўстойлівасць і аднаўляльнасць як інстытут» і, нягледзячы на змены асобаў, функцыянуе «як орган для адстойвання інтарэсаў Беларусі і беларусаў». Гэтак, палітык адзначыў, што АПК бярэ ўдзел у стратэгічным дыялогу ЗША, NATO, у кансультатыўнай групе Беларусь ‒ Еўразвяз.

«Нашыя прапановы прымаюць у пытаннях санкцыйнай палітыкі, у пытаннях нацыянальных вонкавапалітычных рашэнняў, агульнаеўрапейскіх рашэнняў. Так, не ўсе, але нас успрымаюць як партнёраў», — сказаў ён.
Паводле суразмоўцы, хуткія прызначэнні сёлета ў Кабінет пасля адставак Кавалеўскага і Сахашчыка не толькі паказваюць аднаўляльнасць інстытуту, але і адказваюць на запыт грамадства пра больш шчыльную супрацу з беларускімі добраахвотнікамі ва Украіне. Таксама сёлета ў АПК створаны новы, моладзевы кірунак, прызначаны намеснік прадстаўніка Кабінету ў пытаннях транзіту.
Латушка адзначыў, што найбліжэйшым часам мае адбыцца прызначэнне наступніка Гарбуновай, таксама рыхтуюцца прызначэнні прадстаўнікоў у пытаннях аховы правапарадку і эканомікі: «ужо ёсць канкрэтныя прозвішчы». Адстаўка ж чальцоў АПК ‒ «гэта класіка дэмакратыі, нармальны працэс, людзі сыходзяць і прыходзяць новыя».
,,«Мы павінны быць крытычнымі адносна сваёй працы, але з другога боку, мы павінны быць рэалістычнымі. У нас няма таго рэсурсу, які мае класічны ўрад. Але мы працуем сістэмна», ‒ сказаў Латушка.
Паводле яго, арганізаванасць і структураванасць беларускіх дэмакратычных сілаў спрашчаюць і робяць больш эфектыўнай камунікацыю з іншымі краінамі і арганізацыямі.
Пры гэтым палітык заявіў, што «рэжым вельмі зацікаўлены» ў знішчэнні як абранай прэзідэнткі Святланы Ціханоўскай, гэтак і Аб’яднанага пераходнага кабінету ды Каардынацыйнай рады, «бо яны ствараюць альтэрнатыву».
«Па-рознаму можна ацэньваць уплыў, але мы чуем і бачым, як рэагуе рэжым на нашыя дзеянні. Як публічна і непублічна ён гэта робіць.
,,Значыцца, пакуль мы ёсць, мы костка ў горле гэтага рэжыму. Мы тая альтэрнатыва, якая стварае перспектыву для ўплыву на транзіт, на змены ў Беларусі», ‒ падкрэсліў палітык.
«Кампетэнтныя людзі, а не абы-каго на хуткую руку»
Каментуючы кадравыя пытанні ў АПК, каардынатар «Нашай візіі» Вадзім Мажэйка адзначыў супярэчнасць, што крытыку выклікаюць як незмяняемасць пэўных асобаў на пасадах у дэмакратычных сілах, гэтак і іхная змяняльнасць:
«Вечна ўсё дрэнна. І застаюцца ‒ дрэнна, і сыходзяць ‒ дрэнна».
У цэлым, на ягоную думку, змяняльнасць асобаў у АПК ‒ гэта нармальны працэс, як і розныя погляды, бо Кабінет ‒ «не войска, дзе ўсе падначаленыя генералу». Пры гэтым эксперт не разумее сутнасці прэтэнзіяў да працы АПК з боку Гарбуновай у тым, што яго рашэнні прымаюцца большасцю галасоў, нават калі ты супраць гэтага:
«А як яна сабе гэта інакш уяўляе? Іншы варыянт, калі не большасць, то гэта liberum veto, як у соймах Рэчы Паспалітай, калі кожны можа ўсё заблакаваць. Але гэтае liberum veto і давяло Рэч Паспалітую да знікнення».
Калі ж чалавек настолькі моцна не згодны з рашэннем большасці, то сапраўды можа быць варта сыходзіць, адзначыў Мажэйка.
Эксперт не думае, што змены ў складзе Кабінету неяк уплываюць на яго ўспрыманне сярод беларускага грамадства, акрамя моцна палітызаванай часткі, бо людзі «больш цікавяцца дзеяннямі». Мала гэта цікавіць і замежных партнёраў, якія «прызвычаіліся, што мяняюцца палітыкі, чыноўнікі, міністры».
Пры гэтым эксперт прызнаў складанасць у тым, каб запоўніць вакантныя пасады, бо для гэтага трэба знайсці «кампетэнтных людзей, а не абы-каго на хуткую руку». Прыкладам апошняга прызначэння называе Зарэцкаю, прадстаўніцу ў фінансах і эканоміцы. На думку суразмоўцы, шмат кваліфікаваных экспертаў проста не хоча ісці ў Кабінет, «бо ты атрымліваеш шмат увагі, шмат крытыкі, але не атрымліваеш суперуплыву і рэсурсаў».
,,«Кожны з нас можа задумацца: каго б мы хацелі на гэтых пасадах бачаць? І ці гэтыя людзі хацелі б самі туды пайсці? І калі гэтыя два адказы не сыходзяцца, то і людзей там няма», ‒ падкрэсліў Мажэйка.
У цэлым эксперт падтрымлівае далейшую дзейнасць Кабінету. Пытанне толькі ў тым, як яго перафарматаваць, якія прынцыпы ўвесці для большай эфектыўнасці ў адвакацыі беларускіх справаў.
Макар Мыш, Арсен Рудэнка, Віталь Бабін belsat.eu