навіны

Вольга Гарбунова пакідае Аб’яднаны пераходны кабінет

Вольга Гарбунова
Вольга Гарбунова. Фота: Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі / Telegram
podpis źródła zdjęcia

Вольга Гарбунова пакідае пасаду прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы АПКБ. Яе адстаўку прыняла Святлана Ціханоўская.

Аб гэтым паведаміла прэс-служба Аб’яднанага пераходнага кабінету.

Вольга Гарбунова адзначыла, што гэта было няпростым рашэннем, якое яна абдумвала некаторы час.

,,

«Я прыйшла да высновы, што хацела б працягнуць сваю дзейнасць не столькі ў палітычным, колькі ў гуманітарным рэчышчы для дапамогі палітзняволеным», – адзначыла экс-прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы АПКБ.


Яна падзякавала камандзе кабінету і іншым структурам дэмакратычных сіл за супрацоўніцтва і выказала ўпэўненасць, што яно працягнецца і надалей.

У сваю чаргу кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету Святлана Ціханоўская выказала падзяку Вользе Гарбуновай.

,,

«Хачу падзякаваць Вользе за яе актыўную працу ў Кабінеце, за арганізацыю марафону “Нам не ўсё адно!”, службы “Адно акно”, пераклад дапаможніка па вызваленні палітзняволеных на беларускую мову. Вольга Гарбунова спрычынілася да таго, каб у міжнародных рэзалюцыях па Беларусі прагучала тэма палітвязняў. Цяпер Вольга вырашыла засяродзіцца на працы не ў якасці палітыка – і я з павагай стаўлюся да яе выбару», – адзначыла Святлана Ціханоўская.


У той жа час беларуская дэмакратычная лідарка падкрэсліла, што сыход Вольгі Гарбуновай не стаў нечаканасцю, бо яна пасвячала прадстаўнікоў кабінету ў свае планы. У сувязі з гэтым у кабінеце ўжо адбыліся «кансультацыі з патэнцыйнымі кандыдатамі на вызваленую пасаду». Неўзабаве ў Каардынацыйнай радзе адбудуцца слуханні па новай кандыдатуры, адзначыла Ціханоўская.

Вольга Гарбунова з’яўлялася прадстаўніцай па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага пераходнага кабінета са снежня 2022 года. Сярод найважнейшых яе дасягненняў – правядзенне анлайн-марафону салідарнасці з палітзняволенымі «Нам не ўсё адно!» і запуск службы па сацыяльнай дапамозе беларусам і беларускам «Адно акно».

Акрамя таго, АПКБ нагадвае, што Дзярждэпартамент ЗША ўзнагародзіў Вольгу Гарбунову прэстыжнай Міжнароднай прэміяй за адвагу – International Women of Courage (IWOC) Awards – як праваабаронцу, «якая прысвяціла сваё жыццё абароне правоў жанчын, дзяцей, ЛГБТКІ+ і іншых маргіналізаваных груп у Беларусі».

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10