навіны

Звяры і чырвоная кнопка. Навошта Лукашэнка зноў нагнятае абстаноўку на мяжы з Украінай?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Telegram
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Telegram
podpis źródła zdjęcia

15 жніўня Аляксандр Лукашэнка даў вялікае інтэрв’ю тэлеканалу «Россия 1», у якім разважаў пра ўмовы нанясення ядравага ўдару і распавёў пра адпраўку беларускіх войскаў у памежныя з Украінай раёны. На наступны дзень, 16 жніўня, ён сабраў нараду па вайсковай бяспецы, дзе міністр абароны Віктар Хрэнін заявіў пра «высокую імавернасць узброеных правакацыяў» на ўкраінскай мяжы. Пра што сведчаць апошнія заявы Лукашэнкі і ягоных генералаў?

Прамая дарога на Кіеў

Фармальнай нагодай для інтэрв’ю тэлеканалу «Россия 1» стала абвастрэнне сітуацыі на беларуска-ўкраінскай мяжы: раней, 10 жніўня, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што каля дзясятку ўкраінскіх ударных беспілотнікаў нібыта парушылі паветраную прастору Беларусі. Пасля гэтага ён загадаў узмацніць групоўку Узброеных сілаў на мяжы з Украінай «з мэтай рэагавання на любыя магчымыя правакацыі». У тым ліку на поўдзень перакінулі РСЗА «Паланэз» і ракетныя комплексы «Іскандэр».

Перад тым як запісаць інтэрв’ю з Лукашэнкам, прапагандысты «Россия 1» з’ездзілі на поўдзень Беларусі і паказалі, што адбываецца на мяжы з Украінай. Сярод іншага сцвярджалася, што ў найбліжэйшую памежную зону цяпер цалкам забаронены доступ цывільнага насельніцтва.

«А вось гэта прамая дарога на Кіеў – роўна 103 км», – двухсэнсоўна зазначае ў сюжэце прапагандыст Яўген Папоў.

Поўная версія інтэрв’ю Лукашэнкі ў эфір яшчэ не выйшла. Пакуль «Россия 1» і прэс-служба самаабвешчанага кіраўніка Беларусі паказала толькі некалькі ўрыўкаў, агульная даўжынёй менш за дзесяць хвілінаў (прытым, што ўся размова заняла каля дзвюх гадзінаў). Па логіцы ў кароткую нарэзку мусілі ўвайсці як раз самыя важныя заявы Лукашэнкі, але насамрэч гэты топ выглядае малазмястоўным.

Момант «Ч»

У тых фрагментах, што былі паказаныя, ніякіх дэталяў інцыдэнту з беспілотнікамі Лукашэнкі не распавядае. Ён таксама не дае ацэнак імавернасці сутыкненняў на мяжы, а толькі зазначае, што з’яўляецца прыхільнікам таго, каб «прадугледзіць усё».

«Калі раптам момант ці час "Ч", кожнае падраздзяленне, рота, батальён павінны выйсці і стаць на сваю пазіцыю», – заявіў ён.

Паводле самаабвешчанага кіраўніка Беларусі, у краіне вызначаныя брыгады і батальёна-тактычныя групы для дзеянняў у раёне беларуска-ўкраінскай мяжы у момант «Ч» – іх нібыта больш як 20.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Telegram
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Telegram

Разам з тым, ніякіх наўпроставых пагрозаў на адрас Кіева не прагучала. Расейскі прапагандыст спрабаваў вывесці Лукашэнку на жорсткія выказванні на адрас кіраўніцтва Украіны, назваўшы паводзіны ўкраінскага МЗС «хамскімі» (насамрэч у МЗС Украіны проста зазначылі, што не бачаць сэнсу рэагаваць на заявы ўладаў Беларусі наконт дронаў). Лукашэнка нібыта паддакнуў суразмоўцу, але потым дадаў, што дыпламаты звычайна кажуць не тое, што думаюць. Таксама ён згадаў пра тое, што з украінскага боку адначасова атрымаў сігналы ад адказных палітыкаў і вайскоўцаў: «Яны заклапаціліся: а што, а як…» То бок Лукашэнка фактычна даў зразумець, што лічыць рэакцыю Кіева адэкватнай.

Прапагандыст «Россия 1» таксама запытаў пра гатовасць Лукашэнкі ў выпадку ўмяшання НАТО націснуць на чырвоную кнопку – то бок выкарыстаць тактычную ядравую зброю. Сама пастаноўка пытання была абсалютна маніпулятыўнай: насамрэч Яўген Папоў цудоўна ведае, што ў Лукашэнкі ніякай чырвонай кнопкі проста няма. Год таму самаабвешчаны кіраўнік Беларусі ў інтэрв’ю жонцы Папова Вользе Скабеевай прызнаў, што ён самастойна не можа прымаць такія рашэнні – яму трэба ўзгадняць пытанне з Уладзімірам Пуціным. Цяпер Лукашэнка амаль аджартаваўся: маўляў, усе вакол ужо націснулі чырвоныя кнопкі і засталося націснуць толькі «самую чырвоную». Цяпер ім з Пуціным «нават ужо неяк і няёмка пра гэта гаварыць».

Потым Лукашэнка ўсе-ткі даў больш сур’ёзны адказ: ён падкрэсліў, што не збіраецца ніякай зброі ўжываць, пакуль ворагі не пяройдуць дзяржаўную мяжу.

«Яна ж – мяжа нашай Саюзнай дзяржавы»,
– удакладніў ён.

Лукашэнка дадаў, што ў выпадку агрэсіі ў дачыненні Беларусі Расея перакіне ў краіну свае падраздзяленні, каб сумесна адбіць ўварванне.

«Расея, паводле нашай дамовы, уводзіць свае падраздзяленні (яны вызначаныя, якія арміі) у Беларусь. Мы прымаем першы ўдар, а далей у рэзерве нас падстрахоўвае Расея. Гэта агульная – Беларусі і Расеі – вайна супраць гэтых звяроў», – заявіў Лукашэнка..

Абодва тэзісы выглядаюць не надта пераканаўчымі. Насамрэч баявыя дзеянні на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы ўжо вядуцца: ЗСУ другі тыдзень паспяхова наступае ў Курскай вобласці, захапілі райцэнтр Суджа і ўзяла пад кантроль 1150 кв. км расейскай тэрыторыі. Свабодных рэзерваў, каб вызваліць Курскую вобласць, у Расеі няма, пра выкарыстанне ядравай зброі размоваў не вядзецца. Наўрад ці Расея будзе абараняць тэрыторыю Беларусі больш актыўна і эфектыўна за сваю ўласную.

Курскі прарыў прымусіў задумацца

На наступны дзень Лукашэнка правёў нараду ў пытаннях ваеннай бяспекі: ён зноў загаварыў пра сітуацыю на мяжы з Украінай, куды прыйшлося перакідваць «частку нашай арміі».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія памежнікі стаяць на мяжы Украіны і Беларусі ў Валынскай вобласці, Украіна, 20 лютага 2024 года. Фота: Roman Pilipey / AFP / East News
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія памежнікі стаяць на мяжы Украіны і Беларусі ў Валынскай вобласці, Украіна, 20 лютага 2024 года. Фота: Roman Pilipey / AFP / East News

Міністр абароны Віктар Хрэнін на нарадзе заявіў, што «захоўваецца высокая імавернасць узброеных правакацыяў» на мяжы з Украінай, а таксама «рэзанансных акцыяў, у тым ліку з задзейнічаннем беларускіх нацыяналістычных фармаванняў».

«Становішча на паўднёвым аперацыйным напрамку застаецца напружаным», – падкрэсліў ён.

Цікава, што міністр выкарыстоўваў словы «захоўваецца» і «застаецца», хаця месяц таму сам распавядаў пра «зніжэнне напружанасці» на мяжы з Украінай. З якога моманту «захоўваецца» новая напружанасць і ў чым яна выяўляецца, ён не патлумачыў. Хрэнін толькі зазначыў, што ўкраінцы «працягваюць удасканаленне сістэмы аховы мяжы і элементаў эшаланаванай абароны». То бок ён прызнаў, што ЗСУ рыхтуюцца менавіта да абароны.

Начальнік Генштаба Беларусі Павел Муравейка заявіў, што на мяжы з Украінай засяроджана больш беларускіх сілаў, чым у першай палове лета, падчас папярэдняга абвастрэння сітуацыі. Таксама Муравейка распавёў, што рашэнні прымаюцца з улікам досведу Курскай аперацыі ЗСУ, якая «прымусіла нас задумацца».

«Мы стварылі неабходныя ўмовы для разгортвання груповак з цяжкай тэхнікай, мы адэкватна гатовы адрэагаваць на падобныя правакацыі, якія адбыліся ў Курску», – паабяцаў ён.

Лукашэнка пры гэтым быў на здзіўленне нешматслоўным. Фактычна ён ухіліўся ад любых ацэнак дзеянняў Украіны і сітуацыі на мяжы. Ён проста папрасіў генералаў распавесці, што там адбываецца і што будзе далей. Пры гэтым Лукашэнка даў зразумець, што хвалявацца няма падставаў:

,,

«Мы гатовыя, поўнасцю гатовыя, каб супрацьдзейнічаць любым пагрозам, якія існуюць супраць Беларусі. Я так разумею, для адбіцця верагодных паскудстваў (я не хачу сказаць нападаў, удараў) у дачыненні да Беларусі ў нас ёсць усё».


Ужо не да Ла-Маншу

Імаверна, апошнія падзеі і заявы ўладаў Беларусі сапраўды з’яўляюцца наступствам прарыву ЗСУ ў Курскай вобласці. Сярод Z-супольнасці ў бок Лукашэнкі апошнім часам гучала шмат абвінавачванняў: нібыта праз тое, што ён у ліпені адвёў войскі ад мяжы з Украінай, ЗСУ здолелі вызваліць рэзервы і накіраваць іх у наступленне ў Курскай вобласці. Цяпер Лукашэнка зноў штучна нагнятае напружанасць на мяжы з Украінай, каб адцягнуць увагу ЗСУ.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскі танк праязджае міма палаючага аўтамабіля каля расейска-ўкраінскай мяжы ў Сумскай вобласці, Украіна. 14 жніўня 2024 года. Фота: Evgeniy Maloletka / Associated Press / East News
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскі танк праязджае міма палаючага аўтамабіля каля расейска-ўкраінскай мяжы ў Сумскай вобласці, Украіна. 14 жніўня 2024 года. Фота: Evgeniy Maloletka / Associated Press / East News

Цяжка сказаць, ці было накіраванне дадатковых сілаў на поўдзень ідэяй Лукашэнкі або ён проста выконваў просьбу Крамля. У любым выпадку Лукашэнка тым самым дэманструе вернасць Расеі і гатовасць падтрымаць свайго саюзніка ў цяжкай сітуацыі. Заявы пра тое, што яны з Пуціным стаяць спіна да спіны і «адстрэльваюцца», пра «агульную вайна са звярамі», пра ядравую зброю і супольную абарону межаў Саюзнай дзяржавы – адрасатам усіх гэтых мэсіджаў быў Крэмль.

Аднак самае цікавае, што вернасць Крамлю Лукашэнка цяпер дэманструе без энтузіязму. Заяву пра ўварванне ўкраінскіх беспілотнікаў была зроблена падчас руціннага наведвання аграпрадпрыемстваў, на мяжу ён праз гэта не паехаў, а генералаў сабраў абмеркаваць сітуацыю толькі праз тыдзень пасля інцыдэнту.

Цяперашняя рыторыка самаабвешчанага кіраўніка Беларусі зусім не падобная на тую, мілітарысцкую істэрыю, якую ён асабіста разганяў напярэдадні поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну ў лютым 2022 году. Тады ён казаў пра тое, што Украіна капітулюе за 3-4 дні, беларускае войска гатова дзейнічаць разам з расейскім, а ў выпадку ўмяшання НАТО, яны з Пуціным дойдуць да Ла-Манша. Цяпер у інтэрв’ю Папову Лукашэнка паўтараў, што не хоча эскалацыі, што ні Беларусі, ні Расеі не патрэбнае пашырэнне фронту, бо закрыць яго проста няма чым.

«Мы гатовы 1,2 тыс. км закрыць? Не. І Курск гэта паказаў», – заўважыў ён. Лукашэнка ўхіляўся ад асабістых нападак на кіраўніцтва Украіны, заўважыў там «адказных» палітыкаў і вайскоўцаў, а таксама прызнаў, што Украіне вайна з Беларуссю не патрэбная.

Нарэшце ён выступіў з заклікам сесці за стол перамоваў і завершыць вайну, якая нібыта выгадная толькі Захаду. Прычым калі раней аналагічныя заклікі здаваліся падыгрываннем Крамлю, то цяпер, ва ўмовах частковай акупацыі Курскай вобласці, выглядаюць двухсэнсоўна. Больш за тое, гэта наўпрост супярэчыць словам Пуціна, які некалькі дзён таму заявіў пра бесперспектыўнасць перамоваў з Украінай.

Здаецца, што цяпер Лукашэнка наўмысна дзейнічае такім чынам, каб ягонае бразганне зброяй ніхто не ўспрыняў усур’ёз. Чым Беларусі пагражае рэальнае ўступленне ў канфлікт, ён мог у чарговы раз пераканацца на прыкладзе курскага прарыву ЗСУ.

Чытайце таксама: Як аперацыя ЗСУ ў Курскай вобласці паўплывае на ход вайны?

Глеб Нержын, «Белсат»

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10