Гэтую і шмат якія іншыя тэзы выдаў Аляксандр Лукашэнка падчас урачыстага святкавання Дня народнага адзінства, які ўлады прызначылі ў 2021 годзе.
Падчас выступлення на патрыятычным форуме, які адбываўся ў «Мінск-арэне» Аляксандр Лукашэнка зноў расказваў пра тое, як Захад і «беглыя» збіраюцца падарваць стабільнасць у краіне.
Так, Лукашэнка заявіў, што заходнія спецслужбы кажуць, што Беларусь можа стаць верагодным месцам эскалацыі. Ён сказаў, што нібыта амерыканцы «ўказалі Кіеву» атакаваць інфраструктуру на поўдні Беларусі, бо над тэрыторыяй Беларусі лётаюць расейскія беспілотнікі. Такім чынам, Лукашэнка праз доўгі час маўчання нарэшце закрануў тэму дронаў, якія пралятаюць над краінай і якія збівае беларуская СПА. Але тлумачэнне, якое ён даў, было сапраўды вельмі дзіўным.
,,«Павінны вам адкрыта заявіць: мы дамовіліся па каналах з украінцамі, што мы не будзем у СМІ падсвечваць факты залёту беспілотнікаў, і расейскіх і ўкраінскіх, на нашую тэрыторыю», – адзначыў Лукашэнка.
Лукашэнка абвінаваціў Амерыку ў тым, што яна «штурхае» Украіну да эскалацыі. Але пры гэтым ён «папярэдзіў» супернікаў і праціўнікаў, што «не трэба гэтага рабіць», бо Беларусь знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, і гэта «не пойдзе на карысць не толькі ўсяму рэгіёну, але і ўсёй планеце».
«Нападзенне на Беларусь, запомніце гэта, гэта трэцяя сусветная вайна», – сказаў Лукашэнка.
Раман Шавель belsat.eu