навіны

Каб працаваць таксістам у Беларусі, трэба будзе прайсці навучанне

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: euroradio.fm
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: euroradio.fm
podpis źródła zdjęcia

У Беларусі, каб працаваць таксістам, трэба будзе прайсці навучанне. Адмысловую праграму для гэтага падрыхтаваў «Мінстранс». 

Міністэрства транспарту і камунікацыяў апублікавала прыкладную праграму навучання таксістаў для арганізацыяў, якія плануюць праводзіць такое навучанне. 

З апублікаванай праграмы вынікае, што кіроўцы мусяць прайсці навучанне, якое ўключае ў сябе як мінімум 19 гадзін тэарэтычных і 7 гадзін практычных заняткаў. 

Так, у праграме прадугледжана навучанне па заканадаўстве, якое рэгулюе пытанні аўтаперавозак пасажыраў аўтамабілямі-таксі, асвятленне пытанняў этыкету кіроўцы (напрыклад, аказанне дапамогі пасажыру пры пасадцы, стасункаў кіроўцы і пасажыра), навучанне асаблівасцям абслугоўвання іншаземцаў (тыповыя англамоўныя фразы і адпрацоўка навыкаў камунікацыі з іншаземнымі пасажырамі). 

Таксама падчас навучання таксістам будуць тлумачыць пытанні працы касавага апарата, расказваць аб працы неабходных электронных інфармацыйных сістэмаў. Частка гадзін будзе вылучаная на пытанні бяспекі пры перавозках пасажыраў: таксістам раскажуць аб правілах паводзінаў у аварыйнай сітуацыі, будуць разбіраць тыповыя дарожныя сітуацыі, тлумачыць дзеянні пры ДТЗ, раскажуць пра працоўны час і час адпачынку кіроўцаў таксі.  

Акрамя таго, у праграме прадугледжаны разгляд прынцыпаў здаровага збалансаванага харчавання, наступстваў ужывання алкаголю і наркотыкаў, а таксама пра прычыны і наступствы стрэсу. 

Нагадаем, што з 1 жніўня ў Беларусі ўведзены спецыяльны рэестр аўтаперавознікаў, а з 1 лістапада перавозкамі таксі змогуць займацца толькі тыя арганізацыі і кіроўцы, хто быў уключаны ў рэестр. Для таго каб патрапіць у рэестр, таксістам неабходна будзе прайсці курсы, для якіх і была распрацаваная «Мінстрансам» праграма. 

Раман Шавель, «Белсат»

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10