навіны

Як аперацыя ЗСУ ў Курскай вобласці паўплывае на ход вайны?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы ахоўваюць раён разбуранага пункта пропуску на мяжы з Расеяй у Сумскай вобласці, Украіна. 14 жніўня 2024 года. Фота: Roman Pilipey / AFP / East News
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы ахоўваюць раён разбуранага пункта пропуску на мяжы з Расеяй у Сумскай вобласці, Украіна. 14 жніўня 2024 года. Фота: Roman Pilipey / AFP / East News
podpis źródła zdjęcia

Наступленне Украіны ў Курскай вобласці пакуль не завершанае, падсумоўваць вынікі рана, але гэта аперацыя ў любым выпадку стане важнай вехай поўнамаштабнай расейска-украінскай вайны. Ці здолее прарыў ЗСУ змяніць ход канфлікту? «Белсат» распавядае, якія наступствы могуць мець падзеі ў Курскай вобласці.

Наступленне працягваецца: палонных усё больш


Наступленне ЗСУ ў Курскай вобласці распачалося 6 жніўня. Украінскія вайскоўцы, скарыстаўшыся фактарам нечаканасці, здолелі адразу прарвацца ўглыб расейскай тэрыторыі. Ужо на трэці дзень Z-супольнасць была вымушаная прызнаць, што ЗСУ амаль захапілі райцэнтр Суджа, а максімальная глыбіня прарыву ацэньвалася экспертамі ў 35 км. Пры гэтым супраціў з боку расейскіх вайскоўцаў спачатку быў мінімальны. У сеціве з’явілася шмат сведчанняў масавай здачы ў палон салдатаў тэрміновай службы - менавіта іх камандаванне накіравала абараняць мяжу РФ.


12 жніўня галоўнакамандуючы ЗСУ Аляксандр Сырскі паведаміў, што ўкраінскія вайскоўцы кантралююць каля 1000 кв. км у Курскай вобласці і працягваюць наступленне. Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі 13 жніўня заявіў, што ўсяго ЗСУ захапілі 74 паселішчаў у расейскім рэгіёне. 14 жніўня Сырскі распавёў пра завяршэнне зачысткі ў Суджы - горад цяпер цалкам кантралюецца ЗСУ.

Наступленне ЗСУ ў Курскай вобласці станам на 14 жніўня, мапа ISW. Фота: understandingwar.org
Наступленне ЗСУ ў Курскай вобласці станам на 14 жніўня, мапа ISW. Фота: understandingwar.org

Агульныя лічбы, якія агучвае ўкраінскае кіраўніцтва, імаверна, трохі завышаныя: падобна на тое, што ў іх уключаная так званая шэрая зона, дзе поўнага кантролю ні адзін з бакоў не мае. Аднак нават улады Курскай вобласці 12 жніўня прызналі страту 28 паселішчаў, прарыў на глыбіню 12 і шырыню 40 км. Выданне «Медуза» піша пра 40-45 акупаваных паселішчаў на тэрыторыі ў 500-700 км. У любым выпадку гэта каласальны поспех ЗСУ. Украінцы ў Курскай вобласці за некалькі дзён баёў захапіла амаль столькі ж тэрыторыі РФ, колькі расейская армія акупавала ўкраінскіх тэрыторыяў з пачатку 2024 года.


У апошнія некалькі дзён тэмпы прасоўвання ЗСУ запаволіліся, што тлумачыцца аб’ектыўнымі прычынамі: стратай эфекту нечаканасці, з’яўленнем расейскіх рэзерваў, неабходнасцю падцягнуць уласныя тылы і рэзервы, правесці зачыстку занятых тэрыторыяў і г.д. Аднак пра завяршэнне наступлення ЗСУ казаць не выпадае. Сырскі 14 жніўня дакладаў Зяленскаму пра прасоўванне яшчэ на 1-2 км і захоп звыш за сотню расейскіх палонных. Відэа з расейскімі палонным з’явілася ў сеціве на наступны дзень: на адным з апорных пунктаў войскаў РФ здалася цэлая рота. Агулам за час наступлення ЗСУ ў палон, паводле ацэнак некаторых украінскіх крыніцаў, былі ўзятыя да 2-2,5 тысяч расейцаў.


У Курскай вобласці цяпер няма выразнай лініі фронту: тут працягваецца манеўраваная вайна, якая ўключае ў сябе вылазкі ўкраінскіх вайскоўцаў у аддаленыя ад месца асноўных падзеяў раёны. Не выключана, што ЗСУ рыхтуюцца да другой хвалі наступлення. 

,,

«Я думаю, што неўзабаве мы ўбачым другую частку шматхадовачкі і ўдар Украіны будзе нанесены на іншым участку фронту», - зазначыў у інтэрв'ю «Белсату» вайсковы аглядальнік Міхайла Жырохаў.


Тактыка пажарных каманд


Поспехі ЗСУ ў Курскай вобласці пакуль не змянілі сітуацыю на фронце ў цэлым. Наступленне арміі РФ на Данбасе працягваецца: на пакроўскім і тарэцкім кірунках расейцы прасоўвацца наперад і за апошнія дні здолелі захапіць яшчэ некалькі ўкраінскіх сёлаў. Уладзімір Пуцін заявіў, што тэмпы прасоўвання нават выраслі ў 1,5 разы. Паводле ацэнак розных экспертаў, тэмпы засталіся ранейшымі або нават запаволіліся. Аднак факт застаецца фактам: за выключэннем Курскай вобласці, на ўсіх іншых участках фронту па-ранейшаму ініцыятывай валодае Расея.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінская вайсковая тэхніка праязджае праз пункт перасячэння мяжы з Расеяй у Сумскай вобласці, Уркіана. 13 жніўня 2024 года. Фота: Roman Pilipey / AFP / East News
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінская вайсковая тэхніка праязджае праз пункт перасячэння мяжы з Расеяй у Сумскай вобласці, Уркіана. 13 жніўня 2024 года. Фота: Roman Pilipey / AFP / East News

Разам з тым, амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) зазначае, што ўжо цяпер наступ ЗСУ аказвае сур'ёзны ўплыў на расейскую лагістыку і абарончыя намаганні РФ.

,,

«Суджа з'яўляецца важным чыгуначным вузлом, які злучае цэнтральную частку Расеі з паўднёвымі рэгіёнамі. Таму калі ЗСУ возьмуць пад кантроль чыгуначныя шляхі, расейскім войскам давядзецца моцна змяніць маршрут паставак забеспячэння ў Белгародскую вобласць», - тлумачыць незалежная аналітычная суполка Conflict Intelligence Team (CIT).


Акрамя таго, расейскаму камандаванню прыходзіцца здымаць злучэнні з фронту ва Украіне і накіроўваць іх у Курскую вобласць. Аглядальнік украінскай даследчай суполкі «Інформаційний спротив» Аляксандр Каваленка сцвярджае, што Расея ўжо перакінула ў зону прарыву 6 тысяч байцоў, а яшчэ 4 тысячы знаходзяцца ў працэсе перадыслакацыі. З кожнага кірунку расейскае камандаванне забірае патроху - батальён або максімум полк (у тым ліку з пакроўскага кірунку). То бок ні на адным з участкаў не назіраецца крытычнага аслаблення расейскіх сілаў.


З аднаго боку, гэта дазваляе расейцам захоўваць статус-кво. З іншага боку - зніжае іх шанцы на поспех у Курскай вобласці. Замест аднаго магутнага кулака Расея мае ў зоне ўкраінскага прарыву кучу пажарных камандаў, якія яшчэ трэба скаардынаваць паміж сабою. Акрамя таго, калі ўкраінцы здолеюць акапацца, то тых сілаў, што цяпер у Расеі ёсць на Курскім фронце, наўрад ці хопіць для паспяховага контрнаступу.

,,

«Задзейнічаных сілаў працягвае бракаваць нават для ўстойлівай стабілізацыі становішча, не кажучы ўжо аб разгроме групоўкі праціўніка. Бракуе іх не толькі колькасна, але і якасна. З боку праціўніка дзейнічаюць дастаткова добра ўкамплектаваныя часткі і злучэнні. З пажарных камандаў у нас пакуль атрымліваецца зборная салянка з абрэзкаў коўдры, прычым бедная па колькасці», - піша расейскі вайсковец, які вядзе папулярны Telegram-канал «Филолог в засаде».


То бок можа скласціся сітуацыя, калі Расеі ў далейшым усё роўна прыйдзецца перакідваць значныя рэсурсы з іншых участкаў фронту. Яшчэ адзін Z-блогер Аляксей Суконкін папярэджвае, што як толькі ЗСУ гэта ўбачыць, то нанясуць на аслабленым кірунку ўдар.

,,

«Ацэначна, пад патэнцыйным ударам цяпер знаходзіцца шэсць напрамкаў, на якіх праціўнік зможа хутка нарасціць свае сілы. І практычна ўсюды, выкарыстоўваючы тую ж тактыку, як у Курскай вобласці, ён зможа ўвайсці на пэўную глыбіню», - піша Суконкін.


Не выключана, што некаторыя Z-блогеры паддаліся песімістычным настроям і перабольшваюць рэальныя магчымасці ЗСУ (такое ўжо не раз бывала раней). Аднак сам факт паспяховага прарыву ў Курскай вобласці дорыць надзею на тое, што з цяперашняга пазіцыйнага тупіку ёсць выйсці.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінская вайсковая машына едзе з палоннымі расейскімі салдатамі ў Сумскай вобласці, Украіна. 13 жніўня 2024 года. Фота: Roman Pilipey / AFP / East News
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінская вайсковая машына едзе з палоннымі расейскімі салдатамі ў Сумскай вобласці, Украіна. 13 жніўня 2024 года. Фота: Roman Pilipey / AFP / East News

Шанец на манеўраваную вайну


Расейска-ўкраінскую вайну вельмі часта параўноўваюць з Першай сусветнай. У абодвух выпадках пасля адносна кароткага манеўраванага перыяду канфлікт заходзіў у пазіцыйны тупік, які быў выкліканы дысбалансам у развіцці ваенных тэхналогіяў і тактыкі. Падчас Першай сусветнай фронт «замарозіла» масавае з’яўленне кулямётаў, цяжкай артылерыі і авіяцыі. Цяпер – масавае выкарыстанне малых дронаў, якія здольныя ў лічаныя хвіліны выявіць канцэнтрацыю войскаў праціўніка, і высокадакладнай зброі, якая можа адразу гэтыя групоўкі знішчыць.

,,

«Просты факт заключаецца ў тым, што мы бачым усё, што робіць вораг, а ён бачыць усё, што робім мы», - тлумачыў тагачасны галоўнакамандуючы ЗСУ Валерый Залужны восенню 2023 году. 

«Сёння калону танкаў або калону наступаючых войскаў можна выявіць за 3–5 хвілін і паразіць яшчэ за 3 хвіліны. Выжывальнасць на маршы – не больш за 10 хвілін», – наракаў у свой час прадстаўнік ГУР Вадзім Скібіцкі.


Курская аперацыя паказала, што вырашыць гэтую праблему і дасягнуць эфекту нечаканасці ўсё-ткі можна. Выданне «Forbes» піша пра новую прасунутую тактыку выкарыстання дронаў і сродкаў радыёэлектроннай барацьбы, якая дазволіла ЗСУ фактычна «асляпіць» расейскія беспілотнікі: прынамсі на першым этапе прарыву расейцы былі пазбаўленыя магчымасці праводзіць выведку і карэктаваць агонь. А ўкраінцы выкарыстоўвалі БПЛА масава: адзін FPV-дрон нават збіў расейскі верталёт - то быў першы такі выпадак у гісторыі. Няма сумневаў, што ў далейшым ЗСУ пастараюцца перанесці ўдалы досвед і на іншыя кірункі фронту.


Не толькі новая тактыка БПЛА забяспечыла цяперашні прарыў. Ёсць і цалкам аб’ектыўныя фактары: адсутнасць у Расеі рэзерваў і сур’ёзных абарончых умацаванняў у Курскай вобласці, удзел у баях непадрыхтаваных салдатаў тэрміновай службы, іх нізкая матываванасць і г.д. Аднак усё гэтыя фактары не ўнікальныя. Украіна, напрыклад, мяжуе з Бранскай і Белгародскай вобласцямі, дзе таксама няма суцэльнай лініі акопаў і элітных падраздзяленняў войскаў РФ. То бок магчымасці для далейшага расцягвання расейскіх сілаў і пашырэння манеўраванай вайны тэарэтычна існуюць.


Без чырвоных лініяў


Курская аперацыя стварыла прэцэдэнт: упершыню з часоў Другой сусветнай вайны армія іншай дзяржавы ўварвалася на расейскую тэрыторыю. Рэакцыя Крамля на гэтую беспрэцэдэнтную падзею аказалася надзвычай стрыманай. Крэмль не пагражае ядравай вайной, не абвяшчае мабілізацыю, не выстаўляе ўльтыматумаў. Наадварот улады РФ робяць выгляд, што нічога сур’ёзнага не адбываецца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Разбураны памежны пункт пропуску з Расеяй у Сумскай вобласці, Украіна. 14 жніўня 2024 года. Фота: Roman Pilipey / AFP / East News
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Разбураны памежны пункт пропуску з Расеяй у Сумскай вобласці, Украіна. 14 жніўня 2024 года. Фота: Roman Pilipey / AFP / East News
Цэнтр дапамогі ўцекачам у Курскай вобласці. Фота: курская-епархия.рф
Выбіраліся хто як мог, бо ўлады не казалі праўды. Паразмаўлялі з жыхарамі Куршчыны і Белгародчыны навіны

Саюзнікі Украіны мусяць зрабіць высновы з гэтай сітуацыю. Страх Захаду перад эскалацыяй і прамым сутыкненнем з Расеяй ад самага пачатку вайны быў моцным стрымліваючым фактарам ў пытанні падтрымання Украіны. Праз гэта саюзнікі абмяжоўвалі віды зброі, якую пастаўлялі ЗСУ, і ўмовы яе выкарыстання. У прыватнасці, гэта датычыла дальнабойных ракетаў і ўдараў углыб тэрыторыі РФ.


Цяпер ёсць шанец, што ў настроях заходніх палітыкаў адбудзецца пералом: калі паўнавартаснае наземнае ўварванне ў Курскую вобласць не цягне за сабой эскалацыю, то чаму варта баяцца выкарыстання заходніх ракетаў па вайсковых цэлях на тэрыторыі РФ? Магчымасць наносіць высокадакладныя ўдары па глыбокіх тылах расейскай арміі, знішчаць аэрадромы і вайсковыя базы, уносіць хаос у логістыку - усе гэта істотна павялічыць шанцы ЗСУ на правядзенне паспяховых наступальных аперацыяў у будучыні. І як вынік можа наблізіць выхад з пазіцыйнага тупіку па ўсім фронце.


Глеб Нержын «Белсат»

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10