У Беларусь сапраўды забаранілі ўвозіць з Еўразвязу значную частку сэканд-хэнду, але не любое ўжыванае адзенне. Тая забарона, якой 14 жніўня цешыўся прадстаўнік Міністэрства замежных справаў Беларусі, будзе на руку «Беллегпраму»: яна закранае самае таннае ўжыванае і псаванае адзенне, якое пастаўнікі купляюць на вагу. Санкцыі не закранаюць непсаванага адзення і таго, што можна было б прадаваць у стоках і аўтлетах.
Што здарылася
14 жніўня Міністэрства замежных справаў Беларусі двойчы выказалася аб забароне ўвозу ў Беларусь адзення сэканд-хэнд з Еўразвязу: спачатку ў ананімным Telegram-канале, які выконвае функцыі прэс-службы МЗС, а затым у артыкуле дзяржаўнага інфармагенцтва «Белта».
У ананімным канале МЗС заявілі, што гэтыя санкцыі «актыўна прасоўвалі збеглыя здраднікі, у разуменні якіх гэта, канешне, смяротны ўдар». На «Белта» прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз вінаваціў у гэтых санкцыях «беглую апазіцыю». Знайсці публічныя заклікі кагосьці з праціўнікаў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі да такіх санкцыяў «Белсату» не ўдалося.
З аднаго боку, у МЗС кажуць, што доля былога ва ўжыванні адзення складае 35 % ад рынку адзення ў Беларусі, а штогод у Беларусь увозяць такога адзення на 60-80 млн долараў. У абедзвюх крыніцах казалі пра абмежаванні на «сацыяльна-значныя тавары». З другога боку, у абедзвюх крыніцах наракаюць на тое, што адзенне гэтае «не вельмі высокай якасці», а яшчэ і небяспечнае для здароўя, бо дэзынфікаванае нярэдка з ужываннем фармальдэгіду.
Што насамрэч забаранілі
У каментарах МЗС не называецца канкрэтная пастанова, у якой забаранілі ўвозіць у Беларусь адзенне сэканд-хэнд. Але найбольш імаверна, што вядзецца пра рэгуляцыю Рады Еўравязу 2024/1865 ад 29 чэрвеня 2024 года. Там у дадатку XVIII («Спіс тавараў і тэхналогіяў, якія могуць зрабіць унёсак ва ўмацаванне беларускіх прамысловых магутнасцяў») пералічаны сярод іншага наменклатурны код CN 6309.
Калі сапраўды вядзецца пра гэта, то забарона датычыць не ўсяго ўжыванага адзення, а таго тэкстылю і абутку, што прадаецца кучамі на вагу (даслоўна ў арыгінале – «in bulk or in bales, sacks or similar packings») і мае выразныя прыкметы зносу («signs of appreciable wear»).
Наменклатурны код CN 6309 неадназначны. З гэтым кодам суседнічае CN 6310 – рыззё, не прыдатнае да нашэння. Але пад кодам 6309 экспартуюць такія кучы ўжыванага адзення, якія яшчэ трэба сартаваць і з якіх трэба адкідаць зусім непрыдатнае рыззё.
Праблема ў тэрміналогіі: сэканд-хэнд – не абавязкова псаванае адзенне, а ў Беларусь забаранілі ўвозіць не ўвесь сэканд-хэнд, а кучы рыззя і адзення з выразнымі прыкметамі зносу. А за імпарт адзення без прыкметаў зносу трэба плаціць большыя мыты.
У Еўрапейскім агенцтве навакольнага асяроддзя хвалююцца, што вялікая частка адзення, экспартаванага пад кодам 6309, трапляе на легальныя і нелегальныя звалкі, а не ўжываецца паўторна. З другога боку, у Злучаных Штатах мытня абураецца, што аналагічны код HTS 6309.00 выкарыстоўваюць для тавараў, якія не маюць прыкметаў зносу, а значыць, не адносіцца да адходаў і мусіць абкладацца вышэйшымі мытамі. Для ўжыванага адзення без прыкметаў зносу проста не існуе асобнага наменклатурнага коду – мяркуецца, што яно мусіць экспартавацца як «проста адзенне».
Каму гэта выгадна
Гэтыя два аспекты згадвае і МЗС Беларусі. Піша, для Еўразвязу нібы выгадна такім шляхам пазбаўляцца ад сыравіны замест таго, каб яе ўтылізаваць. А яшчэ наракае, што летась Камітэт дзяржаўнага кантролю і канцэрн «Беллегпрам» рабілі рэйд на мяжы, праверылі чатыры фуры з таварамі «тыпу сэканд-хэнд» і выявілі, што каля 80 % тавараў былі «новымі таварамі тыпу сток».
Імаверна, маецца на ўвазе, што тавары, дэклараваныя з кодам CN 6309, былі ў такім стане, што яго можна было прадаваць у крамах, дзе прадаюць нерэалізаваныя складскія запасы і адзенне калекцыяў мінулых гадоў (так званыя стокі і аўтлеты), і што трэба было плаціць вышэйшыя мыты, чым за сэканд-хэнд.
Выглядае, што забарона ўдарыць па тых кампаніях і прадпрымальніках, якія ўвозілі ў Беларусь кучы ўжыванага адзення і рыззя, з якіх адбіралі для сэканд-хэндаў тое, што яшчэ можна насіць, і па тых пастаўніках, якія ўвозілі такім чынам несапсаванае адзенне. Яшчэ гэта ўдарыць па тых, хто рээкспартаваў такое адзенне ў Расею (у 2021 годзе – апошнім да засакрэчвання статыстыкі – гэткі рээкспарт мог прынесці да 15,3 млн долараў валютнай выручкі). А таксама па тых, хто купляў прадукцыю, увезеную такімі пастаўнікамі – то бок, імаверна, па найбяднейшых.

З каментароў МЗС выглядае, што гэта выгадна «Беллегпраму». Прэс-сакратар МЗС цешыцца, што забарона «створыць перадумовы для далейшага развіцця нацыянальнай вытворчасці», а ананімны Telegram-канал, звязаны з МЗС, дадае, што «экспарт з сяброўскіх краінаў таксама ніхто не адмяняў». «Беллегпрам» не ўтойваў, што баіцца канкурэнцыі з сэканд-хэндамі: два гады таму прапанаваў праект указу супраць сэканд-хэндаў.
Такім чынам, забараніўшы экспарт у Беларусь «кучаў псаванага адзення і рыззя» Еўразвяз не перашкодзіў прамысловасці Беларусі (як мусіў бы, мяркуючы па назве адпаведнага раздзелу санкцыйнага спісу), а нават дапамог, бо лёгкая прамысловасць Беларусі мела цяжкасці ў канкурэнцыі з «кучамі псаванага адзення і рыззя».
Беларусам жа давядзецца або купляць адзенне з такіх кучаў па вышэйшых цэнах праз больш хітрыя шляхі паставак, або купляць «беллегпрамаўскае», або імпартнае «ўжо дакладна не рыззё», але зноў жа – па вышэйшых цэнах.
Алесь Наваборскі, «Белсат»