Намесніца начальніка аддзелу радыяцыйнага маніторынгу Белгідрамету Зоя Трафімчык расказала на прэс-канферэнцыі 9 жніўня, што ў Брагіне фіксуюць радыяцыйнае забруджванне ў межах 0,5–0,56 мкЗв/гдз пры дапушчальнай мяжы 0,2 мкЗв/гдз. «Белсат» спытаў экспертаў, што гэта азначае.
Брагін – гарадскі пасёлак і раённы цэнтр у Гомельскай вобласці, у якім жыве каля 4500 чалавек. Гэта паселішча з даўняй гісторыяй: яно згадваецца яшчэ ў Іпацьеўскім летапісе ў падзеях 1147 года, засталіся сляды гарадзішча XII–XIII стагоддзяў і руіны замку XVI ст. І гэта адно з найбольш упарадкаваных паселішчаў Беларусі, калі верыць вынікам дзяржаўнага агляду санітарнага стану і ўпарадкавання беларускіх гарадоў: Брагін амаль як Баранавічы, лепш за Магілёў і толькі крыху горш за Салігорск.
Ды ёсць праблема: радыяцыя. Ад Брагіна да Чарнобыльскай АЭС 45 км. Брагін адносіцца да тэрыторыяў «з правам на адсяленне», бо пасля чарнобыльскай катастрофы там моцна, але не крытычна забруджаная глеба.
0,5–0,56 мкЗв/гдз, аб якіх расказалі ў Белгідрамеце, не сенсацыя: у 2023 годзе ў Брагіне фіксавалі сярэднегадавую магутрасць дозы гама-выпраменьвання ў 0,46 мкЗв/гдз, а новых надзвычайных захадаў не прымалі.
Гэта шмат? Што рабіць?
Сустаршыня расейскай экалагічнай групы «Экозащита!» Уладзімір Слівяк кажа «Белсату», што гэтыя лічбы кажуць толькі пра тое, што радыеактыўнае забруджванне застаецца і што яно вышэйшае за нормы, вызначаныя ўладамі як бяспечныя. 0,5 мкЗв/гдз – не нейкі агромісты і смяротны ўзровень, хоць і істотна большы за прыродны. 0,2 – бяспечна паводле ўладаў, але многія спецыялісты, працягвае эколаг, кажуць, што бяспечнага ўзроўню радыяцыі няма: любыя дозы небяспечныя.
Нават калі навакольны ўзровень радыяцыі не такі высокі, каб нашкодзіць чалавеку, усё мяняецца, калі радыеактыўныя часцінкі трапляюць у арганізм чалавека з ежай і вадой, расказвае эколаг. Звонку чалавек адносна абаронены, але ўсярэдзіне не мае бар’ераў для абароны ўнутраных органаў ад радыяцыі – могуць развівацца захворванні, як то рак. У тых, хто жыве ў Брагіне і іншых забруджаных тэрыторыях, ужо назапасіліся радыеактыўныя рэчывы ў арганізме, ужо нанесеная пэўная шкода здароўю, але гэта не праяўляецца адразу.
«Людзям на звычайным побытавым узроўні няшмат можна зрабіць», – канстатуе Слівяк.
Можна мець хіба вымяральныя прыборы, якія хаця б прыблізна пакажуць небяспеку асяроддзя вакол сябе і прадуктаў, якія спажываеш, сваіх дамоў і агародаў. Але каб маштабна ачысціць тэрыторыю ад забруджвання, трэба патрабаваць дзеянняў ад уладаў, лічыць Слівак. Раз улады самі вырашылі, што больш за 0,2 мкЗв/гдз небяспечна, дык трэба нешта з гэтым рабіць.
Але, адзначае эколаг, прынамсі ў Расеі ўлады заўсёды адмаўлялі сувязь між радыяцыяй і канкрэтнымі хваробамі чалавека, сыходзяць ад адказнасці, каб не плаціць кампенсацыяў і не прымаць дарагіх захадаў у даследаваннях і ачыстцы тэрыторыяў.

Старэйшая навуковая супрацоўніца Інстытуту праблемаў бяспекі атамных электрастанцыяў Нацыянальнай акадэміі навук Украіны, радыебіёлаг Алена Парэнюк кажа «Белсату», што гэта яшчэ «нармальны фон»: у Кіеве бывае, што дозы падымаюцца да 0,7 мкЗв/гдз, гэта яшчэ нармальныя ваганні.
Дозы, кажа яна, павялічваюцца перад дажджом, большыя ўдзень і меншыя ўначы… Ліміты былі вызначаныя для аварыйнай сітуацыі, але калі няма прыкметаў, што здарылася нейкая новая аварыя ці што «працякла» расейская ядравая зброя, то нічога рабіць не трэба. Навукоўца дадае: тое, што адбываецца ў Брагіне, гэта не праз нейкія змены на Чарнобыльскай АЭС, там нічога новага не адбываецца, «усё стабільна».
Забруджаныя тэрыторыі можна «адрадзіць»?
Алена Парэнюк тлумачыць «Белсату»: мапа забруджання радыеактыўнымі элементамі пасля чарнобыльскай катастрофы нямоцна мяняецца з цягам часу. У асноўных радыеактыўных элементаў Чарнобылю, цэзію і стронцыю, перыяд паўраспаду каля 30 гадоў. То бок за 38 гадоў з аварыі радыеактыўнасць ад гэтых элементаў зменшылася больш як удвая, але яшчэ не ў чатыры разы.
Ёсць ваганні ўзроўню забруджвання, бо радыянукліды «мігруюць» па экасістэме: расліны ўбіраюць радыеактыўныя элементы, жывёлы ядуць расліны і вяртаюць элементы ў грунт. Але глабальнага пераразмеркавання не адбываецца, тэрыторыі проста паступова ачышчаюцца за кошт распаду радыянуклідаў. Хіба ў 10-кіламетровай зоне вакол ЧАЭС (а гэта ўсё тэрыторыя Украіны) ёсць сур’ёзныя праблемы з трансуранавымі элементамі, у якіх перыяд паўраспаду – мільён гадоў.

Аляксандр Лукашэнка ў 2021 годзе ездзіў у Брагін, даваў чыноўнікам пяць гадоў, каб «вырашыць чарнобыльскую праблему». Улады Беларусі раз за разам кажуць аб «адраджэнні» пацярпелых тэрыторыяў. Уладзімір Слівяк упэўнены: казаць аб «адраджэнні» некарэнтна: хутчэй, яны «радыеактыўна адроджаныя», бо радыяцыя там прысутнічае і шкодзіць усяму жывому.
Алена Парэнюк адзначае, што «вырашыць чарнобыльскую праблему» можна, але для гэтага ёсць адна ўмова:
«Калі ў выкананне ўказу прэзідэнта Беларусі мы зможам скасаваць глабальнае пацяпленне, тады, бясспрэчна, мы зможам гэта зрабіць».
Праблема ў тым, што праз глабальнае пацяпленне мяняюцца кліматычныя паясы, у тым ліку ва Украіне і ў Беларусі, тлумачыць яна. Ва Украіне дык ужо «няма Палесся»: той кліматычны пояс, да якога ў 1986 годзе адносілася Палессе, амаль знік, застаўся лесастэп. У Беларусі таксама мяняюцца тэмпературы, колькасць ападкаў, водны рэжым, набор раслінаў. І таму радыянукліды, якія заглыбіліся ў глебу, «вяртаюцца». Каб вырашыць гэта, трэба выкопваць і выпальваць глебу на глыбіню 30 см, а потым засыпаць раскапанае пяском. А нават японцы збіраюць толькі верхнія 5 см.
Алена Парэнюк раіць не думаць, як «вярнуць, як было»: калі зуб выпаў, назад яго не прычапіць, але можна паставіць пратэз. У выпадку земляў, пацярпелых ад чарнобыльскай катастрофы, гэта азначае ўтварэнне запаведнікаў. Радыяцыйныя запаведнікі ўжо ёсць у Беларусі і Украіне, да поўнамаштабнай вайны беларускі і ўкраінскі запаведнікі разам складалі найбольшы запаведнік Еўропы. Там растуць расліны, якія захопліваюць вуглякіслы газ і такім чынам запавольваюць змену клімату. Таму Еўропа рухаецца ў бок пашырэння запаведнікаў, але змяншаць запаведныя тэрыторыі, як робіць Лукашэнка, гэта «трошкі дзіўна», кажа навукоўца.
Ірына Юр’ева, Алесь Наваборскі, «Белсат»