Больш як 1000 беларусаў прайшлі 9 жніўня Маршам годнасці па Варшаве. Каля помніку Мікалаю Каперніку адбыўся мітынг, на якім гучала шмат эмацыйных прамоваў, заяваў і патрыятычных песень. Але быў і крык…
Пункт збору – на варшаўскім пляцы Жалезнай Брамы (Plac Żelaznej Bramy) з помнікам Тадэвушу Касцюшку ў цэнтры. Сімвалічна і знамянальна. І таму што Касцюшка – «герой абодвух народаў». І таму яшчэ, што да 1991 года на месцы помніка Касцюшку стаяў манумент «Палеглым падчас службы і абароны Народнай Польшчы», які самі варшавякі называлі тады «УБеліскам» (UB – Urząd Bezpieczeństwa, аналаг беларускага КДБ у сацыялістычнай Польшчы). І гэта пра тое, як нечакана хутка ўсё можа змяніцца ў нашай гісторыі і жыцці.
«Настрой баявы, чакаем перамен!»
На падыходзе да месца збору мужчына ў кепцы разварочвае спачатку бел-чырвона-белы сцяг, потым дастае з заплечніка чорную маску і надзявае яе на твар. У размове з журналістам «Белсату» беларус прызнаецца, што заўсёды ходзіць на такія імпрэзы ў масцы, каб не трапіць у кадр «аператараў». Пасля крымінальных справаў, заведзеных у Беларусі на ўдзельнікаў Дня волі ў 2024 годзе, такая мера засцярогі мусіць быць абавязковай, кажа. Пытаемся пра настрой.

«Настрой баявы, чакаем перамен. Бясконца так працягвацца не можа. Хацелася, каб хутчэй, але як ёсць. Калі параўноваўць з украінцамі, у якіх вайна, дык у нас яшчэ не такі і страшны варыянт. Я думаю, толькі надзея здольная дацягнуць нас да фінішу», – кажа мужчына, які пераехаў з сям'ёю ў Польшчу летам 2021 года.
За 15 хвілін да пачатку – каля Касцюшкі блізу 500 беларусаў. Большасць з іх – усё ж без масак. Былы палітвязень Дзяніс кажа, што яму ўсё адно – ён ужо адседзеў.
«Я рады, што нацыя абудзілася. Гэта проста шлях. Усе думалі, што ён будзе кароткі, але, на жаль, так не здарылася. Але гэта шлях нашай нацыі. І трэба па ім ісці. І шукаць сяброў, а не ворагаў. Хай ворагаў шукаюць "ябацькі"», – гаворыць Дзяніс.
«Я вельмі ўдзячная, што мы не перагарнулі старонку»
Марш пачынаецца з непрацяглага мітынгу. Касцюшка адным вокам косіцца на прамоўцаў. У нашым полі зроку – партрэты палітвязняў, якія трымаюць беларусы: Ларыса Шчыракова, Павел Вінаградаў, Кацярына Андрэева, Уладзімір Мацкевіч, Павел Падабед, Павел Мажэйка, Вячаслаў Лазараў, Яўген Меркіс… Гэта толькі тое, што бачым, – партрэтаў больш.

Слова бярэ спікерка Каардынацыйнай Рады трэцяга склікання Анжаліка Мельнікава.
«Я вельмі ўдзячная ўсім мужным людзям за тое, што мы – разам. Што мы не здаліся, не спыніліся і не перагарнулі гэтую старонку. 9 жніўня – гэта свята годнасці, гонару і пашаны. Але гэта і боль – за тых, хто загінуў, прайшоў праз катаванні, хто дагэтуль знаходзіцца за кратамі, хто пралівае сваю кроў ва Украіне…» – казала Анжаліка Мельнікава, заклікаючы ў канцы выступу «рабіць усё магчымае, каб збылася нашая агульная мара – вярнуць сваю радзіму.
А былы палітвязень Ігар Банцэр сваю рэзкую прамову скончыў («Папрашу дзетак заткнуць вушы») гучнай канстатацыяй: «Пуцін – х…ло!». З такой прыкладна энергіяй калона – безліч БЧБ-сцягоў! – рушыла па вуліцы Маршалкоўскай.

«У наступным годзе ў цябе не застанецца і 3 %!»
З удзельнікамі размаўляць цяжка, бо калона ўвесь час гучна скандуе: «Жыве Беларусь!», «Верам, можам, пераможам!», «Свабоду палітвязням!» «Міньск – Варшава: вспульна справа» (і ніводнага разу – «Лукашэнку – у аўтазак!»).
Тым не менш, падыходзім да жанчыны, якая нясе ў руках намаляваны алоўкам партрэт Аляксандра Лукашэнкі з літарай «Z» ува лбе і з вусамі, з якіх густа сцякае кроў. Жанчына называе сябе Святланай, на радзіме яна працавала лекаркай, але вяртацца цяпер няма куды – яе кватэра арыштаваная. Хіба – у турму. Прызнаецца, што ў 2020 годзе ў Менску малявала больш, а цяпер – «няма натхнення».
«У Менску ў жніўні 2020 года было, безумоўна, больш крэатыўна. Так, не хапае нам хіба таго драйву зараз. А гэтага Лукашэнку намалявала яшчэ ў 2022 годзе, калі пасля пачатку вайны мы з'ехалі ў Польшчу», – распавядае жанчына.

Самаробных плакатаў і малюнкаў у калоне сапраўды не багата. Але вось ідзе дзяўчына з кардонінай, на якой напісана: «У наступным годзе ў цябе не застанецца і 3 %!». Адрасат мэсэджу вядомы – не будзем яго называць лішні раз.
На павароце на Свентакшыскую дзяўчыны пачынаюць спяваць «Тры чарапахі». Палякі на ходніках спыняюцца і фатаграфуюць. Калі заплюшчыць вочы, можна ўявіць сабе, што гэта Менск. Ці Віцебск. Ці Гародня… Але да дзеўчын падбягае малады чалавек, агорнуты ў БЧБ-палотнішча, і выдае: «Ой, я ўжо не разумею, в якім ензыку мувіць…».
«Трэба расці да перамогі!»
Пад канец маршруту да калоны далучаецца намеснік кіраўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінету і кіраўнік НАУ Павел Латушка. Крочыць разам з дачкой Янай. Ягоная прамова на мітынгу каля помніку Мікалаю Каперніку будзе бадай самая жорсткая. Але тон задае на пачатку каталіцкі святар Вячаслаў Барок.
«Азіраючыся назад і згадваючы жнівень 2020 года, я яшчэ раз пераконваюся, што гісторыю нашай Беларусі піша Гасподзь. І кожны з нас можа стаць суаўтарам гэтай гісторыі. Але не могуць быць суаўтарамі гісторыі дыктатары, злачынцы і прыстасаванцы. Толькі – шляхетныя людзі! Годныя людзі, якія ўмеюць абіраць правільныя каштоўнасці ў жыцці…» – прамаўляў ксёндз Барок.

Гэтымі каштоўнасцямі, паводле Барка, ёсць праўда, справядлівасць і свабода. Мы выбралі іх, і толькі таму нам удалося напісаць «адну з найпрыгажэйшых старонак нашай больш чым тысячагадовай гісторыі Беларусі». Галоўны лейтматыў – «усё магчыма, але гэта не значыць, што трэба сядзець і чакаць свайго шанцу».
«Трэба дзейнічаць! Трэба расці да перамогі!» – узвышаў голас Барок.
Санкцыі на «Боінг» Лукашэнкі
Латушка ў сваю чаргу апеляваў да памяці і выклікаў да грамады дэпутатаў КР Аляксандра Кныровіча і Андрэя Ягорава.
«Няўжо мы забыліся, што зрабіў гэты жудасны рэжым з Аляксандрам Тарайкоўскім, з Алесем Пушкіным, як закатаваў Рамана Бандарэнку? Няўжо ў нас такая кароткая памяць, што хтосьці сёння прапаноўвае прызнаць гэтую пачвару, дыктатара і злачынцу? Хто тут з прысутных гатовы стаць на калені і прызнаць Лукашэнку прэзідэнтам Беларусі – падыміце рукі!» – прасіў Павел Латушка.
Ніводнай рукі.

Тады Латушка просіць «спадароў Ягорава і Кныровіча» выйсці да грамады і папрасіць беларусаў – у адкрытую – стаць на калені. Прамоўца зрабіў нават невялікую паўзу. Да Каперніка ніхто не выйшаў. Андрэй Ягораў і Аляксандр Кныровіч, напэўна, не бралі ўдзелу ў шэсці і мітынгу 9 жніўня.
Латушка таксама паведаміў, што да 9 жніўня дыктатару ўжо зрабілі падарунак – ўведзеныя санкцыя на ягоны «Боінг».
«Мы пасадзілі ўсе яго самалёты. Але мы абяцаем, што мы пасадзім і цябе! Сёння ЗША, па парпанове НАУ, увялі санкцыі на борт № 1 Лукашэнкі, на ўсе ягоныя самалёты. Менавіта я прасіў амерыканцаў ўвясці санкцыі на «Боінг» Лукашэнкі, і яны стрымалі слова. Калі хочаце – гэта наш абменны фонд. У мяне не кароткая памяць. Я памятаю, што было 9 жніўня. Мы пасадзім гэтую пачвару ў турму!» – даў дыхту на мітынгу Павел Латушка.

Яшчэ большага жару дадала беларуска-польская мастачка Яна Шостак, якая ў чарговы раз зладзіла свой славуты перформанс – хвіліну крыку для Беларусі. Моцна! Шостак заклікала крычаць «да канца рэвалюцыі і на адзін дзень больш» на знак памяці кожнага забітага рэжымам чалавека, кожнага катавання, за кожнага палітычнага вязня. Прысутныя беларусы падхапілі гэты крык.
На мітынгу выступілі таксама кіраўнік апарату АПК Валер Мацкевіч, лідар руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык, адзін с сузаснавальнікаў Беларускай асацыяцыі палітвязняў (БАП) «Да волі» Алег Кулеша, кіраўнік фракцыі БХД у Варшаве Яўген Дудкін, сукіраўнік аб’яднання «Еўрамайдан – Варшава» Раман Корбут ды іншыя.
Напрыканцы імпрэзы была абвешчаная хвіліна маўчання на знак памяці тых, хто загінуў ва Украіне і хто быў забіты лукашэнкаўскім рэжымам. Усе словы, крыкі (і маўчанне) беларусаў гучалі на тле партрэтаў палітзняволеных. На сёння іх, толькі афіцыйна, 1385 чалавек. 9 жніўня яшчэ не скончылася…
Зміцер Міраш, «Белсат»