Ніводзін рэактар на акупаванай расейскімі войскамі Запарожскай АЭС не будзе перазапушчаны, пакуль вайна будзе пагражаць бяспецы станцыі. Пра гэта заявіў генеральны дырэктар Рафаэль Гросі.
«У адпаведнасці з рэкамендацыямі агенцтва, зразумела, што ніводзін рэактар не будзе перазапушчаны да таго часу, пакуль вайна будзе працягваць пагражаць ядравую бяспеку і абароненасць станцыі», – падкрэсліў генеральны дырэктар МАГАТЭ.
Пры гэтым Рафаэль Гросі падкрэсліў, што сітуацыя на Запарожскай АЭС застаецца нестабільнай: «Рэгулярныя выбухі, атакі беспілотнікаў, перастрэлкі; шматразовыя перапынкі вонкавага электразабеспячэння, сярод іншых праблем, павялічваюць рызыку ядравай аварыі».
Таксама кіраўнік МАГАТЭ адзначыў, што пажар, які адбыўся на станцыі 11 жніўня, вывеў з ладу адну з градзірняў. З-за пашкоджанняў яна стала непрыдатнай для выкарыстання, што прывядзе да ейнага зносу.
Нагадаем, што захопленая 3 сакавіка 2022 года, на самым пачатку расейскага поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну, Запарожская АЭС адразу ж стала прадметам шантажу з боку Расеі.
На сённяшні дзень усе шэсць блокаў станцыі застаюцца ў стадыі «халоднага спынення» – гэта бяспечны стан рэактару, калі ён заглушаны пры нізкім ціску і нізкай тэмпературы ахаладжальнай вады. Расейскія ўлады спрабуюць замяніць украінскі персанал станцыі, які фактычна знаходзіцца ў іх у закладніках, на некваліфікаваны персанал з расейскіх станцыяў. Апошнім часам усё часцей агучваюцца жаданні расейскіх акупантаў запусціць адзін з рэактараў ЗАЭС. Але памылкі і парушэнні, якія вельмі верагодныя падчас запуску рэактара, могуць прывесці для катастрафічных наступстваў, якія адчуе цэлы рэгіён.
Раман Шавель belsat.eu