навіны

Продаж месцаў у чарзе, “улезуны”, содні чакання: што адбываецца на мяжы?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мужчына спрабуе дамовіцца з кіроўцам аўтобуса Вроцлаў - Пінск, каб трапіць у Беларусь праз памежны пункт «‎Тэрэспаль», Польшча. 14 траўня 2024 года. Фота: Карына Пашко / Белсат
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мужчына спрабуе дамовіцца з кіроўцам аўтобуса Вроцлаў - Пінск, каб трапіць у Беларусь праз памежны пункт «‎Тэрэспаль», Польшча. 14 траўня 2024 года. Фота: Карына Пашко / Белсат
podpis źródła zdjęcia

У сярэдзіне жніўня сітуацыя на мяжы Беларусі з краінамі Еўразвязу, асабліва, з Польшчай, была крытычнай – людзі чакалі ў чэргах па некалькі содняў. У пачатку верасня становішча нібыта нармалізавалася. Што цяпер на мяжы? Як доўга трэба чакаць? Ці прадаюць месцы ў аўтобусах і чарзе пасля затрыманняў? Паглядзелі, што пішуць беларусы ў чатах, прысвечаных пераходу мяжы, і запыталіся ў Памежным камітэце Беларусі, колькі давядзецца чакаць і хто ў гэтым вінаваты?

“Сітуацыя застаецца напружанай”

Памежны камітэт Беларусі паведамляе, што сітуацыя на мяжы застаецца напружанай – па стане на раніцу 9 верасня ў чэргах чакалі больш за 3000 аўтамабіляў. Пры гэтым самы загружаны кірунак – літоўскі, дзе стаяць 1320 цяжкавікоў.

Паводле памежнага камітэту, за мінулыя выходныя ў Літву ўехалі 27% цяжкавікоў ад нормы. “Менш за ўсё аформілі супрацоўнікі пункту пропуску Медзінінкай (з беларускага боку – Каменны Лог) – 127 фур з 1000 магчымых за двое содняў”, - гаворыцца ў паведамленні памежнікаў.

На 14-ю гадзіну 9 верасня сваёй чаргі там чакаюць 490 цяжкавікоў і 10 легкавых аўтамабіляў. На іншым пропуску на мяжы з Літвой – Беняконях – чарга з 820 фураў.

Таксама даволі вялікая чарга цяжкавікоў стаіць на пераходзе Казловічы – Кукурыкі – 600 машын. “Сумежны бок прыняў на сваю тэрыторыю 51% цяжкавікоў ад нормы”, - кажуць беларускія памежніі.

Праз латвійскі пункт пропуску Грыгароўшчына – Патэрніекі ў Езразвяз за два дні ўехалі 45% цяжкавікоў. Па стане на 12:00 9 верасня там стаяць 645 фураў.


Берасце – Тэрэспаль: ад 10 гадзінаў да содняў чакання


Чарга з 350 легкавых аўтамабіляў па стане на 9 верасня фіксуецца толькі на памежным пераходзе Берасце – Тэрэспаль. Паводле беларускіх памежнікаў, з пятніцы 6 верасня Польшча прыняла на сваю тэрыторыю ў сярэднім 35% магчымай колькасці транспарту за содні.


Таксама ў Берасці па стане на 14:00 ў чарзе стаяць 46 аўтобусаў. Пры гэтым яшчэ а 2-й гадзіне ўначы было 64 аўтобусы, к 8-й гадзіне чарга зменшылася больш чым у два разы – засталося 29 аўтобусаў, а далей колькасць зноў пачала расці. Адначасова з 8-й гадзіны змяншалася чарга легкавых аўтамабіляў – з 450 да 300 к 12-й гадзіне. А 14-й іх зноў было ўжо 350.

Як можна зрабіць высновы з таго, што беларусы пішуць пра перасячэнне мяжы ў адмысловых чатах, беларуска-польскую мяжу на аўтобусе можна прайсці крыху менш, чым за содні.


Што распавядаюць беларусы пра сітуацыі на пераходзе “Берасце – Тэрэспаль”


“Ноч з 8 на 9 верасня. 23:50 – прыехалі да мяжы на аўтобусе, без перасадак. Былі прыкладна 16-я ў чарзе. 07:20 – стаім першыя ля шлагбаўму. 07:50 – заехалі за шлагбаўм, прыехалі на пашппартны кантроль. Стаім трэція. 08:00 – распачалася перазменка. 11:20 – прайшлі пашпартны кантроль РБ”.

“18:45 – заехалі на мяжу. 03:50 – пад шлагбаўмам. 05:20 – прайшлі мяжу РБ. 12:20 – прайшлі мяжу РП. Агулам: 17,5 гадзін”.

“Прыехалі на мяжу 9 верасня ў 01:30 рэйсавым аўтобусам. Былі прыкладна 30-я. А 2-й гадзіне перайшлі ў першы аўтобус да Тэрэспалю. А 12-й гадзіне па менскім часе прайшлі ўсіх. Агулам – 10 гадзін мяжа”.

“8.09 у 16:00 усталі ў мяжу ў самым тупіку. 9.09 у 08:30 заехалі ў зону агляду, у 15:00 выехалі з зоны агляду”.

Як распавёў аператыўны дзяжурны Берасцейскай памежнай групы, на сённяшні дзень чаканне ў чарзе на мяжы непазбежнае ў незалежнасці ад таго, у які час ехаць:

“Калі бы вы не выехалі, усё роўна будзеце чакаць. Як доўга – мы не можам сказаць”.

Адказны за чэргі, паводле беларускіх памежнікаў, польскі бок: “Час чакання залежыць ад таго, як польскі бок будзе прымаць машыны і аўтобусы”, - сказаў дзяжурны.


“Калі бачыце, што хтосьці ўлазіць, тэлефануйце ў ДАІ”


Беларусы, якія праходзяць беларуска-польскую мяжу, распавядаюць пра тое, што дагэтуль захоўваецца практыка, калі людзі перасаджваюцца ў аўтобусы, якія стаяць бліжэй да мяжы і маюць вольныя месцы.

,,

“Найбольш здзівіла колькасць вялікіх аўтобусаў, у якіх не больш за 10 чалавек. Рэйс Берасце – Тэрэспаль – Бяла Падляска проста стаяць па тры аўтобусы адзін за іншым і ўсе пустыя. Так і не зразумел, навошта іх столькі”, - распавядаюць у адным з чатаў. На гэта паведамленне аўтар допісу атрымаў адказ, што гэта такі памежны бізнес, і месцы ў бліжэйшых аўтобусах прадаюцца.


У чарзе легкавых аўтамабіляў можна сутыкнуцца з ахвочымі пралезці ўперад.

“Учора ўвесь дзень муж і хлопцы, з якімі пазнаёміліся ў чарзе, ганялі “улезуноў”. Хадзіце ўздоўж чаргі і падганяйце, інакш будзеце стаяць вельмі доўга!”, - раюць у чатах.

Таксама сярод парадаў – пазнаёміцца з суседзямі і зрабіць фота свайго аўтамабіля на фоне суседніх, каб былі бачныя нумары – гэта мусіць дапамагчы, калі вы захочаце ад’ехаць ці ў спрэчных сітуацыях.

“Прайдзіцеся па машынах, калі ў машынах ёсць пасажыры, клічце з сабой дапамагаць кантраляваць чаргу. Шмат хто не ў курсе, які трэш робіцца – дапамажыце ім зразумець, што калі яны хочуць ехаць, а не стаяць, трэба ісці дапамагаць кантраляваць чаргу”.

Людзі, якія кантралююць чаргу, робяць спісы з машын, якія мусіць перашкодзіць улезці “пачакунам” з абочыны.

З улезунамі змагаюцца ў тым ліку з дапамогай ДАІ: “Парада для ўсіх, калі бачыце, што хтосьці ўлазіць і гэтак далей, тэлефануйце ў ДАІ і сачыце за чаргой самі. Мы содні таму выклікалі ДАІ і чарга пайшла вельмі хутка, а да гэтага колам стаялі”.

Таксама ў чатах распавядаюць, што ў апошнія содні не самы строгі дагляд: “Заплечнік нават не свяцілі. Запыталі пра алкаголь і цыгарэты. Але ў мяне толькі некалькі сыркоў у сумцы і мёд у валізцы быў з таго, да чаго маглі б прычапіцца”.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Чарга на польска-беларускай мяжы для легкавых аўтамабіляў і аўтобусаў ля «‎Тэрэспаля», Польшча. 14 траўня 2024 года. Фота: Карына Пашко / Белсат
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Чарга на польска-беларускай мяжы для легкавых аўтамабіляў і аўтобусаў ля «‎Тэрэспаля», Польшча. 14 траўня 2024 года. Фота: Карына Пашко / Белсат

Што на мяжы з Літвой?

Нашмат лепшая сітуацыя адносна чакання ў чарзе на Каменным Логу – там мяжу праходзяць у сярэднім за 3 – 4 гадзіны.

“23:30 – выезд з Менску. 03:30 – сталі перад шлагбаўмам. Уперадзе 4 аўтобусы. 03:35 – заехалі за шлагбаўм РБ. 04:00 – заехалі на пашпартны кантроль. 05:10 – выехалі ад беларусаў. 05:20 – заехалі да літоўцаў. 06:00 – зайшлі на пашпартны кантроль. 06:30 – выехалі ад літоўцаў”, - распавядаюць у чаце.


“Менск-Вільня, 19:00 па раскладзе. 21:35 - пад’ехалі да беларускай мяжы. 01:55- выехалі з беларускай мяжы, 02:35 - з літоўскай. Рэчы не глядзелі. 5 гадзін на мяжу”, - дзеліцца іншы ўдзельнік чату.

Беларусам, якім трэба тэрмінова трапіць у Еўразвяз ці не хочацца доўга стаяць у чарзе, раюць ехаць праз Літву.

На ўезд у Беларусь як з боку Польшчы, так і Літвы, чэргаў няма, паводле аповедаў у чатах – мяжу праходзяць за 2 – 3 гадзіны.

Напрыканцы жніўня на пункце пропуску “Берасце – Тэрэспаль” міліцыянты затрымалі больш за 10 чалавек за незаконны продаж месцаў у чэргах. Адзін з затрыманых распавядаў, што браў за месца 200 – 300 рублёў. У чатах беларусы пішуць, што “толікі”, як называюць прадаўцоў чаргі, зарабляюць да 400 еўраў за машыну.


Ганна Ганчар belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10