«Белсат» працягвае весці штодзённую хроніку рэпрэсій. На жаль, з яе вынікае, што палітычны ціск у нашай краіне не сціхае. Ведучы гандаль чалавечымі жыццямі, рэжым Лукашэнкі праяўляе верх цынізму: спрабуючы атрымаць нешта за выпуск адных людзей, ён набірае новых закладнікаў, каб пасля гандляваць ужо іхнымі лёсамі.
18 верасня ў Менскім абласным судзе будуць судзіць жыхарку Салігорска Ірыну Клязовіч за дапамогу палітвязням. Жанчыну затрымалі 23 студзеня падчас рэйду КДБ на людзей, якія выказвалі салідарнасць з палітвязнямі. Яе абвінавачваюць у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу).
16 верасня ў Менскім гарадскім судзе пройдзе працэс над Таццянай Сцепай, затрыманай 23 студзеня КДБ за дапамогу палітвязням. Жанчыну абвінавачваюць паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»), а таксама паводле ч. 3 арт. 361 КК («Заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»). Таццяна ўтрымліваецца ў турме № 8.
Праваабарончы цэнтр «Вясна» падлічыў кольскасць палітвязняў, якія цалкам адбылі свае тэрміны з 2020 года і выйшлі на волю. Такіх людзей у нашай краіне 1188.
17 верасня Берасцейскі абласным судзе пачнецца працэс над 41-гадовым кобрынцам Дзмітрыем Ператолчыным. Яго абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве» паводле ч. 1 арт. 356 КК і «неданясенні аб злачынстве» (ч. 2 арт. 406 КК). Да 2011 года Дзмітрый працаваў на пасадзе камандзіра ўзвода Кобрынскага аддзела Дэпартамента аховы і з'яўляўся капітанам міліцыі.
18 верасня ў Магілёўскім абласным судзе пачнецца разгляд справы бабруйчаніна Максіма Хвашчынскага, якога затрымалі 26 лютага 2024 года пасля таго, як ён вярнуўся з Польшчы. Першапачаткова яго асудзілі па адміністрацыйным артыкуле 19.11 («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»), а пасля завялі крымінальную справу паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-1 КК («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання») за нібыта датычнасць да стварэння экстрэмісцкага фармавання @Бабруйск 375», а таксама экстрэмісцкага тэлеграм-чату «Бобр 97%». Сярод іншага яго абвінавачваюць у «паклёпе на Лукашэнку» (арт. 367 КК).
Праваабарончая супольнасць надала статус «былы палітвязень» 19 беларусам, асуджаным за палітыку. З розных прычын гэтыя людзі не мелі статуса палітзняволеных падчас свайго зняволення, але, нягледзячы на гэта, праваабаронцы ў сваёй заяве надаюць ім статус «былых палітвязняў».
Раман Шавель belsat.eu