навіны

Расследаванне: на продажы люксавых аўтамабіляў і калійных угнаенняў у абыход санкцыяў зарабляе Віктар Шэйман

Віктар Шэйман. Фота: belnaviny.by
Віктар Шэйман. Фота: belnaviny.by
podpis źródła zdjęcia

Беларускі расследавальніцкі цэнтр разам з журналістамі «Белсату», праектам «Схемы» украінскай службы «Радыё Свабода», ініцыятывай «Рабочы рух», Праектам па расследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці (OCCRP), Кіпрскай сеткай расследавальніцкіх рэпартажаў CIReN, з дапамогай матэрыялаў «Кіберпартызанаў» раскрылі схемы экспарту ўгнаенняў «Беларуськалію» у абыход санкцыяў, а таксама – паставак люксавых аўтамабіляў з Украіны ў Расею праз Беларусь.

Экспарт калію і кампаніі-пракладкі


Экспартаваць падсанкцыйныя ўгнаенні «Беларуськалію» дапамагае кампанія ўраджэнкі Усходняй Украіны, зарэгістраваная на Кіпры. Фінансавы дырэктар кампаніі – былы беларускі чыноўнік. За ўсім гэтым стаіць бліжэйшы паплечнік Лукашэнкі Віктар Шэйман, ён жа на гэтых схемах і зарабляе, сцвярджаюць расследавальнікі.


Галоўныя рынкі збыту прадукцыі «Беларуськалію» – у Кітаі, Бразіліі і Інданэзіі, але праз санкцыі змяніліся шляхі дастаўкі. Цяпер угнаенні вязуць не праз літоўскую Клайпеду, а ў расейскі Санкт-Пецярбург. Паводле расследавальнікаў, за перагрузку тавараў з цягнікоў на судны «Беларуськалій» пераплачвае ў два разы.


Як высветліў БРЦ, замест таго, каб напрамую плаціць Балтыйскаму судамеханічнаму заводу за перавалку грузаў з цягнікоў на судны, «Беларуськалій» заключыў дамову на гэтую паслугу з кіпрскай кампаніяй «Dimicandum Invest Holding LTD» па кошце ўдвая большым за рыначны – 20 долараў за тону. Кіпрская кампанія ў сваю чаргу аформіла асобны кантракт з портам ад свайго імя і плаціла яму за гэтую працу па рынкавым кошце, які складае 11 долараў.


«9 долараў застаецца у гэтай кіпрыётскай пракладцы пад назвай «Dimicandum Invest Holding LTD» і агульная сума скрадзенага такім чынам толькі за 2023 год – 35 мільёнаў долараў, – тлумачыць кіраўнік Беларускага расследавальніцкага центру Станіслаў Івашкевіч, – Гэта гісторыя перадусім карупцыйная, яна пра тое, як пры экспарце беларускага калію беларускія ўлады ствараюць пракладкі, зарэгістраваныя ў розных афшорных зонах і бенефіцыярамі гэтых пракладак з’яўляюцца ў гэтым канкрэтным выпадку каманда Віктара Шэймана».


БРЦ лічыць паслугі «Dimicandum Invest Holding LTD» неабавязковымі.


«Порт сам здзяйсняе перавалку, яму належаць краны, абсталяванне, склады, як паведамілі БРЦ ў транспартнай кампаніі «Порт-Экспрэс». Гэтую інфармацыю пацвердзілі і ў пецярбуржскім партовым тэрмінале «Порт Бронка», – гаворыцца ў расследаванні.


З беларускага чыноўніка ў фінансавыя дырэктары кіпрскай кампаніі


Афіцыйна «Dimicandum Invest Holding LTD» належыць з моманту заснавання ў 2012 годзе грамадзянцы Рэспублікі Кіпр Галіне Акрытавай Аляксандраў. Яна ж з’яўляецца дырэктаркай. Але пагадненне з «Беларуськаліем» заключыла не Акрытава. Дамову аб перавалцы ўгнаенняў ў порце Санкт-Пецярбургу падпісалі генеральны дырэктар «Беларуськалію» Іван Галаваты і фінансавы дырэктар «Dimicandum Invest Holding LTD» Свірыдаў А. Г. Чалавек з такім прозвічшам і ініцыяламі ў 2019 – 2021 гадах быў намеснікам кіраўніка справамі Лукашэнкі Віктара Шэймана. БРЦ знайшоў доказы, што Свірыдаў А. Г. і Андрэй Свірыдаў – чыноўнік – адзін і той жа чалавек.


Сам Свірыдаў у размове з журналістам БРЦ прызнаў, што з’яўляецца фінансавым дырэктарам «Dimicandum Invest Holding LTD», але, па ягоных словах, з «Беларуськаліем» ніякіх дакументаў не падпісваў.


«Вы ведаеце, тут цяпер шмат нейрасетак, так што ў вас няма такіх доказаў», – заявіў ён.


Пры чым тут Шэйман?


Андрэя Свірыдава звольнілі з Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі 19 лютага 2021 года, а ўжо 11 сакавіка ён ачоліў беларускую кампанію «Вектар Капітал Груп». У лютым 2024-га яго на гэтай пасадзе змяніў іншы колішні чыноўнік, таксама звязаны з Шэйманам, – Мікалай Селіванаў. У гэтай кампаніі ў 2023 годзе працавалі яшчэ два колішнія чыноўнікі з Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі – Дзмітрый Петрашкевіч і Уладзімір Скулавец


Сувязь «Вектар Капітал Груп» з Віктарам Шэйманам знайшоў BELPOL у сваім расследаванні пра ўчастак ў Сочы, які належаў Беларусі і быў перапрададзены па заніжанай цане расейскай кампаніі «Комплекс-Инвест».


Супраць Віктара Шэймана ЗША і Еўразвяз увялі персанальныя санкцыі, але гэта не замінае яму ствараць афшорныя кампаніі для папаўнення гаманца Лукашэнкі на Кіпры і ў Зімбабвэ. На думку БРЦ і «Рабочага руху» раскраданне дзяржаўнай маёмасці, у дадзеным выпадку грошай «Беларуськалію», адбываецца з ведама і згоды самога Лукашэнкі.


Як пастаўлялі аўтамабілі з Украіны ў Расею праз Беларусь


Падчас вывучэння дзейнасці «Dimicandum Invest Holding LTD» расследавальнікі выявілі, што гэтая ж кампанія датычная да нелегальных паставак люксавых аўтамабіляў з Украіны ў Расею.


У пачатку траўня 2023 года Служба бяспекі Украіны паведаміла аб ліквідацыі маштабнай схемы нелегальных паставак у Расею падсанкцыйных аўтамабіляў прэміум-класа. Паводле дадзеных СБУ, бізнесовец са Львову са жніўня 2022 года па сакавік 2023 года нелегальна пераправіў у РФ 45 аўтамабіляў на агульную суму больш за 3 мільёны еўраў. Ён купляў прэміяльныя транспартныя сродкі ва ўкраінскіх аўтасалонах, афармляў іх на падкантрольныя камерцыйныя структуры, пасля чаго па падробленых дакументах перапраўляў транзітам праз тэрыторыю Еўразвязу ў Беларусь, а адтуль у РФ.


Сярод заказчыкаў аўтамабіляў былі топ-менеджэры «Газпрому» і супрацоўнікі «Russia Today».


Праваахоўнікі не называлі прозвішча арганізатара гэтай схемы, але ўкраінскія СМІ са спасылкай на свае крыніцы паведамлялі, што львоўскі бізнесовец – гэта Віталь Бабыр. Як арганізатар ён пазначаны і ў матэрыялах крымінальнай справы. Бабыр здолеў уцячы ад следства. Украіна аб’явіла яго ў вышук.


У сакавіку 2023 года ў межах крымінальнага расследавання суд у Кіеве арыштаваў рэчы, якія знайшлі падчас ператрусу ў бізнесоўца: дакументы, тэхніку і пячаткі двух дзясяткаў кампаніяў з Украіны, дзвюх кіпрскіх («Dimicandum Invest Holding LTD» і «Rostumel holding limited») і адной беларускай – ТАА «Бел-Бітфайндэр».


Былі знойдзеныя і іншыя доказы сувязі Бабыра з Беларуссю. У перапісцы на адным з сканфіскаваных тэлефонаў прадпрымальнік сцвярджае, што ягоны кум – высокапастаўлены беларускі чыноўнік: 


«…наконт палітычнага пытання, яны не ведаюць што мой кум – другі чалавек у Беларусі, і можа прагарантаваць за мяне. Ён у свой час Януковічу тэлефанаваў наконт мяне».


Бабыр заявіў, што гэтая перапіска таксама сфальсіфікаваная і што тэлефон не ягоны.


На падставе атрыманых дакумэнтаў журналісты зрабілі выснову, што Віталь Бабыр пад сваім кумам меў на ўвазе Віктара Шэймана ці асобу, звязаную з ім.


Бабыр не называе прозвішча свайго беларускага апекуна, але менавіта былога кіраўніка справамі Лукашэнкі СМІ называюць другім чалавекам у Беларусі.


Сувязь з Шэйманам прасочваецца і праз афіляваных з ім людзей, зазначае БРЦ. Напрыклад, Таццяна Аношка ў 2019–2020 гадах кіравала звязанай з Віктарам Шэйманам кампаніяй ТАА «Глабалкастам».


А ў 2011–2016 гадах яна ж працавала ў ТАА «Белферумгруп» на пасадзе фінансавага дырэктара. Гэтая кампанія была зарэгістраваная ў красавіку 2011 года. Праз паўтара месяца Лукашэнка асабістым указам надзяліў яе эксклюзіўным правам займацца ў Беларусі зборам, нарыхтоўкай, перапрацоўкай і пастаўкамі лому і адходаў чорных і каляровых металаў.


Заснавалі ТАА «Белферумгруп» дзве кампаніі. Першая – таварыства з абмежаванай адказнасцю «Люксберг». Другая – украінскае таварыства з абмежаванай адказнасцю «Шольц утылізатар АГ». Пячаткі ў тым ліку гэтай кампаніі знайшлі ўкраінскія следчыя пры ператрусе ў рамках крымінальнай справы аб нелегальным экспарце прэміяльных аўтамабіляў з Украіны ў Расію. Яе заснавальніцай і ўладальніцай з’яўляецца Бабыр Ірына Пятроўна – маці львоўскага бізнесоўца, якога падазраюць у арганізацыі гэтай схемы.


Праз «Шольц утылізатар АГ», звязаную з Віталём Бабыром, людзі Віктара Шэймана маглі выйсці на «Dimicandum Invest Holding LTD». У 2017 годзе за пасярэдніцтвам гэтай кіпрскай кампаніі ТАА «Шольц утылізатар АГ» пастаўляла з Украіны ў Нямеччыну сталёвыя пруты.


Дасведчаная крыніца на ўмовах ананімнасці паведаміла БРЦ: украінскія следчыя лічаць, што аўтарам незаконнай схемы паставак у Расею прэміяльных аўтамабіляў з’яўляўся менавіта львоўскі бізнэсовец. Аднак шэраг фактаў указвае на тое, што сапраўдныя яе арганізатары знаходзяцца ў Мінску, лічаць расследавальнікі.


БРЦ атрымаў шэраг дакументаў, якія сведчаць аб датычнасці і да гэтай схемы Андрэя Свірыдава. Падчас вобыскаў у офісах кампаніяў, звязаных з Бабыром, сярод іншага ўкраінскія праваахоўнікі знайшлі бланк дамовы на продаж кампаніі «Dimicandum Invest Holding LTD» аўтамабіля «Audi sq8» коштам больш за 75 тысячў еўраў. Прычым у банкаўскіх рэквізітах кіпрскай кампаніі пазначаны беларускі «Парытэтбанк».


Ці адкажа кіпрская кампанія за парушэнне санкцыяў?


Санкцыі забараняюць не толькі імпартаваць і экспартаваць угнаенні «Беларуськалію» ў краіны ЕЗ, але і прадстаўляць гэтаму прадпрыемству фінансавыя альбо эканамічныя рэсурсы. Кіпрская «Dimicandum Invest Holding LTD», аказваючы паслугі «Беларуськалію», парушае санкцыі, лічаць незалежныя эксперты.


БРЦ спрабаваў звязацца з уладальніцай «Dimicandum Invest Holding LTD» Галінай Акрытавай Аляксандраў, каб узяць каментар, – беспаспяхова. Аднак атрымалася пагутарыць з ейнай сваячкай Аленай Броўкінай (Акрытавай), дырэктаркай кампаніі «Damelen Consulting Limited», якая выступала фірмай-сакратаром «Dimicandum Invest Holding LTD». Жанчына заявіла, што да апісанай у расследаванні здзелцы з «Беларуськаліем» яе каманда дачынення не мае.


БРЦ звярнуўся ў праваахоўныя органы Кіпру з просьбай пракаментаваць дзейнасць кампаніі «Dimicandum Invest Holding LTD». Там адказалі, што запыт перададзены ў кампетэнтныя органы для прыняцця далейшых захадаў.


Марыя Міхалевіч, «Белсат»

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10