Цяпер у польскіх турмах трымаюць прынамсі 8 грамадзянаў Беларусі, абвінавачаных у супрацы на беларускія і расейскія спецслужбы. І гэта толькі вядомыя выпадкі, пра якія паведамлялі медыі. Крыніцы «Белсату» сцвярджаюць, што ў польскім урадзе абмяркоўвалі магчымасць абмену імаверных шпіёнаў на беларускіх палітвязняў, аднак лукашэнкаўскія спецслужбы, падобна, сваіх памагатых кінулі.
«Абмен дзеля вызвалення мяркуе, што ёсць на каго ці што абменьваць. І гэта адрознівае беларускую сітуацыю ад расейскай», — гэтак Офіс абранай прэзідэнткі Святланы Ціханоўскай каментаваў нядаўні абмен паміж Расеяй і Захадам, тлумачачы, чаму ніводны з беларускіх палітвязняў не быў вызвалены.
Крэмль выцягнуў 8 сваіх грамадзянаў, у тым ліку забойцу, або, паводле версіі Уладзіміра Пуціна, — «патрыёта, які зліквідаваў бандыта». Гаворка пра агента ФСБ Вадзіма Красікава, які застрэліў у цэнтры Берліну былога чачэнскага палявога камандзіра Зелімхана Хангашвілі і атрымаў за гэта пажыццёвы тэрмін.
Таксама ў Расею вярнуліся шпіёны, арыштаваныя ў Славеніі, Нарвегіі і Польшчы. Варшава аддала агента ГРУ Паўла Рубцова.
І такіх асобаў, якія, паводле следства, працавалі на расейскія або беларускія спецслужбы, у Польшчы багата. У 2016—2023 гадах за гэта затрымалі 46 падазраваных. Пра некаторых з іх паведамлялі медыі.
З старых кейсаў — справы грамадзянаў Беларусі Аляксандра Л. і Юрыя К., суды над якімі адбыліся яшчэ ў 2016 годзе. Абодвух прызналі вінаватымі ў працы на беларускія спецслужбы. Аляксандру Л. прызначылі 7 гадоў зняволення, Юрыю К. — 4 гады.

У красавіку 2022 года спецслужбы затрымалі ў Беластоку беларуса і расейца, якіх абвінавацілі ў шпіянажы на карысць расейскай выведкі. Мужчыны збіралі звесткі пра вайсковыя часткі, што маюць важнае значэнне для абароны Польшчы, пра асабовы склад фармаванняў. Асаблівую ўвагу агенты надавалі таму, як вайскоўцы ўдзельнічалі ў абароне мяжы ад мігрантаў.
Абодва замежнікі жылі ў Польшчы легальна. Беларус скончыў ВНУ ў Беластоку, потым заняўся арганізацыяй парашутна-дэсантнай падрыхтоўкі, наладжваў кантакты, у тым ліку сацыяльныя, якія выкарыстоўваў у працы на расейскую выведку. Расеец прыкрываўся культурніцкай і турыстычнай дзейнасцю.
Сёлета ў лютым абодвух фігурантаў асудзілі на 4 гады.
У красавіку 2022 года пракуратура Познані паведаміла пра абвінавачанні ў шпіянажы на карысць беларускіх спецслужбаў, выстаўленыя двум грамадзянам Беларусі.
«Мы выявілі, што беларускія грамадзяне, сярод іншага, мусілі весці выведку вайсковых і цывільных аб’ектаў, якія маюць крытычнае значэнне для абароны Польшчы», — заявілі ў ведамстве.
У красавіку 2024 года адбыўся суд, аднаму фігуранту, Андрэю Р., прызначылі 3 гады зняволення, другога, Дзмітрыя Н., вызвалілі, бо палічылі ягоную віну недаказанаю.
«Адзіны факт, на падставе якога пракурор прад’явіў Дзмітрыю Н. абвінавачанне ва ўчыненні злачынства, — знаёмства з абвінавачаным Андрэем Р. і тое, што яны разам шпацыравалі і рабілі пакупкі. Аднак гэтага, відавочна, недастаткова. Працэс не паказаў, што ў абвінавачанага Дзмітрыя Н. на якіх-кольвек носьбітах былі фатаграфіі або апісанні вайсковых або цывільных аб'ектаў, што маюць важнае значэнне для абароны дзяржавы», — адзначыла суддзя Катажына Вольф.
Другога ж фігуранта прызналі вінаватым у супрацы на ГРУ Генштабу Беларусі.

Летась у Польшчы выбухнула справа цэлай групоўкі, якая дзеяла на карысць Масквы. Улады краіны казалі пра «расейскую шпіёнскую сетку» і рэгулярна справаздачыліся пра новых падазраваных. Пра затрыманне апошняга, шаснаццатага, фігуранта — 39-гадовага беларуса Міхаіла А. — стала вядома ў жніўні.
Паводле следства, мужчына прыехаў у Польшчу ў 2021 годзе і атрымоўваў ад «каардынатара шпіёнскай сеткі» заданні, за выкананне якіх меў узнагароджанне. Беларускі грамадзянін збіраў звесткі пра вайсковыя аб’екты і марскія парты, а таксама «вёў прапагандысцкую дзейнасць».
Агулам, як сцвярджаюць польскія спецслужбы, гэтая групоўка сачыла за вайсковымі аб’ектамі і аб’ектамі крытычнай інфраструктуры, у тым ліку за аэрапортам у Жэшуве, праз які ідуць грузы для Украіны, дакументавала пастаўкі вайсковай і гуманітарнай дапамогі Украіне, рыхтавалася да дыверсіяў на чыгунцы з мэтаю зрыву паставак гэтай дапамогі, да падпалаў маёмасці і аўтамабіляў. Таксама ўдзельнікі, паводле следства, намагаліся распальваць варожасць супраць украінцаў у Польшчы.
У складзе групоўкі былі дванаццаць украінцаў, адзін расеец і тры беларусы: акрамя згаданага Міхаіла А., гэта 19-гадовая Марыя М. і 29-гадовы Уладзіслаў П. (польскае заканадаўства забараняе публікаваць прозвішчы абвінавачаных).
Беларускія прапагандысцкія рэсурсы таксама распаўсюдзілі інфармацыю пра трох беларусаў у гэтай справе, аднак замест Міхаіла А. назвалі 52-гадовага Мікалая М. Польскія медыі ніводнага фігуранта з імем Мікалай не згадвалі.
У снежні летась суд агучыў вырак 14 абвінавачаным, яны атрымалі тэрміны да 6 гадоў зняволення і штрафы.
Міхаілу А. прызначылі 2 гады і $ 2500 тысячы штрафу (у эквіваленце), Марыі М. — 1 год 1 месяц і $ 1250 штрафу.
Справу ў дачыненні двух фігурантаў, у тым ліку беларуса Уладзіслава П., разгледзяць асобна, бо яны не прызналі віны.
Трох асуджаных, якія атрымалі найменшыя тэрміны, — сярод іх была беларуска — тады вызвалілі з-пад варты. А ў чэрвені выданне «Rzeczpospolita» паведаміла, што ўсе трое зніклі. Грамадзянка Беларусі мела з’явіцца ў суд на разгляд хадайніцтва аб умоўна-датэрміновым вызваленні, аднак не прыйшла. Суд пастанавіў арыштаваць дзяўчыну, яе знайшлі і пасадзілі за краты даседжваць тэрмін.

У снежні летась у Лодзі недалёка ад Варшавы затрымалі беларуску Дар’ю А., якую западозрылі ў працы на КДБ. Як паведаміла Нацыянальная пракуратура Польшчы, жанчына перадавала беларускай спецслужбе «інфармацыю аб дзейнасці, структуры і фінансаванні арганізацыяў, што падтрымоўваюць беларускую апазіцыю». Гэтымі звесткамі карысталася прапаганда, якая называе дэмакратычныя сілы экстрэмістамі і абвінавачвае Польшчу ў рыхтаванні тэрактаў на аб’ектах крытычнай інфраструктуры ў Беларусі на заданне польскіх спецслужбаў. «Ілжывая інфармацыя падарвала інтарэсы Польшчы і польскай замежнай палітыкі ў падтрыманні дэмакратычнай беларускай апазіцыі і прывяла да дэстабілізацыі стасункаў паміж Польшчаю і Беларуссю», — заявілі ў пракуратуры. Жанчыну абвінавацілі ў шпіянажы, ёй пагражае ад 5 да 10 гадоў турмы. Справу ўжо перадалі ў суд. Выданне «Зеркало» раней пісала, што раней Дар’я А. жыла ў Баранавічах, з 2018 года кантактавала з рознымі апазіцыйнымі арганізацыямі, цікавілася іх дзейнасцю і прапанавала сваю дапамогу. Перад выбарамі 2020 года была каардынатаркай кампаніі «Гавары праўду» і даверанай асобаю кандыдата Андрэя Дзмітрыева.

Увосень летась яна пераехала ў Польшчу, спрабавала наладжваць кантакты з актывістамі беларускай дыяспары, трапіць у беларускія арганізацыі, прапаноўваючы валанцёрскую дапамогу, збірала інфармацыю пра Паспалітае рушэнне, аб беларускіх добраахвотніках ва Украіне і тых, хто ім дапамагае
У траўні сёлета польскія спецслужбы затрымалі двух беларусаў і аднаго грамадзяніна Польшчы, западозрыўшы іх падпалах на заданне Расеі. Мужчынаў абвінавацілі ва ўдзеле ў арганізаванай злачыннай групоўцы з мэтаю ажыццяўлення дзейнасці ў інтарэсах замежнай спецслужбы супраць Польшчы і ў здзяйсненні дыверсіяў за ўзнагароду. Гэтыя артыкулы прадугледжваюць і пажыццёвае пазбаўленне волі.
Адзін з затрыманых беларусаў — Сцяпан К., зяць былога дыпламата Сяргея Міхневіча, які быў беларускім консулам у Гданьску ў 2014—2018 гадах. Польскія медыі пісалі, што меркаваны дыверсант мае сувязі з футбольнымі фанатамі і неанацысцкім рухам. Ён нарадзінец Менску, вышэйшую адукацыю атрымаў у Маскве. У сакавіку 2022 года намагаўся трапіць у добраахвотніцкі полк «Пагоня» ва Украіне, аднак у фармаванне яго не ўзялі.
Агулам, як паведамляў летась у кастрычніку тагачасны міністр унутраных справаў і адміністрацыі Польшчы Мар'юш Каміньскі, у 2016—2023 гадах у суседняй краіне затрымалі 46 падазраваных у супрацы з расейскімі і беларускімі спецслужбамі. Раней жа, у 2008—2015 гадах, у Польшчы затрымалі 11 меркаваных шпіёнаў.
«Статыстыка сведчыць аб значным павышэнні эфектыўнасці дзейнасці польскіх службаў», — казаў чыноўнік.
Паводле звестак «Белсату», і ў папярэднім урадзе Польшчы, і ў цяперашнім, які абнавіўся пасля парламенцкіх выбараў у кастрычніку летась, абмяркоўваўся варыянт абмену затрыманых за шпіянаж на карысць Беларусі. Прычым абдумвалі варыянт абмену на беларускіх добраахвотнікаў, якія цяпер у палоне ў Расеі, або на палітвязняў у Беларусі.
Але, як кажа нашая крыніца, Аляксандр Лукашэнка «не зацікаўлены вяртаць» меркаваных агентаў.
Старшыня НАУ, намеснік кіраўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка ў каментары «Белсату» адзначае: фігуранты шпіёнскіх справаў — выпадковыя людзі, якія выконвалі заданні спецслужбаў за грошы. Кадравых афіцэраў сярод іх, падобна, няма, таму ўлады ў Беларусі лёгка кідаюць такіх выканаўцаў:
«У нас няма сведчанняў, што былі затрыманыя афіцэры спецслужбаў Лукашэнкі. Усе асобы, якія былі затрыманыя, гэта агенты, якія дзеялі за грошы. Гэта даручэнні хутчэй разовага характару, яны не займаюцца гэтым прафесійна. Таму на сёння казаць пра патэнцыйны абмен нерэалістычна».
Пры гэтым журналіст-расследавальнік Хрыста Грозеў мяркуе, што сапраўдныя шпіёны ўсё ж трапляліся заходнім спецслужбам, таму «абменны фонд» не пусты:
«Цяпер ужо ёсць арыштаваныя кадэбэшнікі ў Еўропе, якія выконвалі тэрарыстычныя замовы з Крамлю. Думаю, што яшчэ больш будзе такіх арыштаваных, бо Крэмль выкарыстоўвае беларускія спецслужбы як пасярэднікаў, каб не пакідаць слядоў».
Менавіта гэтыя спецслужбоўцы мусяць быць абмененыя на беларускіх палітвязняў, сказаў Грозеў у інтэрв'ю «Deutsche Welle».
У Офісе Ціханоўскай заявілі «Белсату», што абмяркоўвалі з Варшавай розныя шляхі вызвалення палітвязняў, але адмовіліся даваць дэталі.
Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі Польшчы, якое каардынуе ўсе спецслужбы краіны, не адказала на запыт «Белсату» пра магчымасць абмену падазраваных у шпіянажы.
Разважаючы пра шляхі вызвалення палітвязняў, Павел Латушка згадаў чыннік Кітаю, які істотную частку свайго экспарту вязе транзітам праз Беларусь і які мае ўплыў на Лукашэнку, а таксама пагрозу закрыцця польскай мяжы для грузаў. Таксама існуе опцыя дэпартацыі палітвязняў у Польшчу, якая не патрабуе пісьмовых зваротаў і згоды таго, каго дэпартуюць.
«Мы на сёння не ведаем, якую цану просіць Лукашэнка за свабоду беларускіх герояў, ці для яго гэта прыярытэт і што ён патрабуе ўзамен», — сказаў Латушка.
Ён пры гэтым мяркуе, што нядаўняе вызваленне 18 палітвязняў звязанае з пашырэннем санкцыяў Еўразвязу супраць Беларусі:
«Не хацеў бы спекуляваць на гэтай тэме, але не думаю, што Лукашэнка прачнуўся з раніцы і пастанавіў стаць добрым дыктатарам і вызваліць частку палітвязняў. Хутчэй гэта трэба звязваць з апошнімі санкцыйнымі дзеяннямі ЕЗ, гарманізацыяй санкцыяў, уведзеных у дачыненні Расеі. Гэта даволі моцны ціск на Лукашэнку. Польшча таксама выставіла фактычна ўльтыматум аб магчымым закрыцці пунктаў пропуску і пачала запавольваць дзейнасць чыгуначнага памежнага пераходу і пераходу, праз які перасякаюць мяжу фуры. Гэта таксама можа мець уплыў».
Сцяпан Кубік, «Белсат»