навіны

Ці чакаць вайны на Блізкім Усходзе?

Дэманстранты спальваюць ізраільскі сцяг падчас пахавання сямі чальцоў Корпуса вартавых Ісламскай рэвалюцыі (КСІР), забітых у выніку ўдару ў Сірыі, у якім Іран абвінаваціў Ізраіль. Тэгеран, Іран. 5 красавіка 2024 года. Фота: Atta Kenare / AFP / East News
Дэманстранты спальваюць ізраільскі сцяг падчас пахавання сямі чальцоў Корпуса вартавых Ісламскай рэвалюцыі (КСІР), забітых у выніку ўдару ў Сірыі, у якім Іран абвінаваціў Ізраіль. Тэгеран, Іран. 5 красавіка 2024 года. Фота: Atta Kenare / AFP / East News
podpis źródła zdjęcia

Міністр замежных справаў Ізраілю распавёў, што Іран заявіў пра намер напасці на Ізраіль. Як надалей можа развівацца гэты канфлікт, ці магчымы пачатак поўнамаштабнай вайны і ў чым тут зацікаўленасць Расеі, «Белсату» распавёў дырэктар Украінскага цэнтру блізкаўсходніх даследаванняў Ігар Сэмывалос.

Эксперт упэўнены: тое, што цяпер адбываецца на Блізкім Усходзе, нясе пагрозу распальвання поўнамаштабнай вайны, бо эскалацыя – гэта заўсёды складана рэгуляваны працэс, асабліва калі ён адбываецца на эмоцыях.
,,

«У дадзеным выпадку мы маем справу з эмоцыямі і з ізраільскага боку, і з іранскага боку. Фактычна, забойства Ісмаіла Ганіі падчас інаўгурацыі, на наступны дзень, сталася вялікаю аплявухаю іранскаму рэжыму. Таму пакінуць гэта без адказу ён не можа, бо тое не будзе ўспрынятае ні саюзнікамі, ні насельніцтвам краіны».


Ігар Сэмывалос упэўнены, што ў такой сітуацыі можа быць толькі два варыянты: падзеі будуць развівацца паводле ўжо традыцыйнага сцэнару, то бок красавіцкага, калі Іран нанясе ўдар па Ізраілі, Ізраіль і яго саюзнікі адаб’юць гэты ўдар, затым будзе менш моцны ў адказ – і на гэтым усё супакоіцца…

«Але цяпер сітуацыя крыху іншая, і калі ацэньваць тыя сігналы, што ідуць з Тэгерану, то відаць, што ён узяў пад увагу вынікі красавіцкага ўдару і рыхтуецца да ўдасканаленага адказу», – распавядае эксперт, удакладняючы, што гаворка ідзе, магчыма, пра шматдзённы ўдар, а таксама пра ўдары з некалькіх бакоў.

Таму, паводле Сэмывалоса, сённяшняя сітуацыя нашмат больш сур’ёзная і пагрозлівая і залежыць ад таго, калі адбудзецца гэтая атака, бо пакуль Іран гуляе паводле правілаў Ізраілю, які да ўсяго гатовы і нават правакуе суперніка.

«Але калі Іран станецца больш разумным, чым Ізраіль, то ён хутчэй адцягне гэты ўдар, падрыхтуецца і будзе сам вызначаць час і месца. Таму тое, што мы бачым цяпер, – толькі прэлюдыя перад тымі падзеямі, што адбудуцца цягам гэтага месяца». 

Праўда, і гэта не азначае, што вайна непазбежная, кажа эксперт, бо на любым з гэтых этапаў могуць паступіць прапановы, ад якіх супрацьлеглы бок не здолее адмовіцца. Самым відавочным у гэтай сітуацыі эксперт бачыць тое, што Ізраіль можа пайсці на саступкі, пагадзіўшыся на мір і падпісаўшы дамову аб вызваленні палонных.

«Гэта будзе вельмі моцны ход з боку Ізраілю, бо тады здымаецца пытанне вайны «Хізбулы» і вайны хусітаў. У гэтым плане Іран аказваецца ў не зразумелай для сябе сітуацыі. Але пакуль я не бачу, што Ізраіль гатовы да такога».

Што датычыць Расеі, то трэба разумець, што цяпер рыхтуецца вялікая дамова паміж Тэгеранам і Масквой, якая ў выніку дазволіць Расеі ўцягнуць Іран ды іранскія рэсурсы ў вайну ва Украіне.

«Але тут таксама ёсць рызыкі і пагрозы для Расеі, бо ў такім выпадку яна можа быць непасрэдна ўцягнутая ў новы канфлікт на Блізкім Усходзе».

І, паводле эксперта, пакуль існуе вялікая рызыка для Крамля ў тым, якія ўвогуле дамовы могуць быць падпісаныя, ці гатовы ён да такога развіцця падзеяў і наколькі можа гарантаваць бяспеку сваім саюзнікам. 

Марыя Голдстэйн, «Белсат»

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10