навіны

Гандлёвы дом «БЕЛАЗ» выплаціў рэкордныя дывідэнды сям’і Лукашэнкаў і іх сябрам

Самазвал «БЕЛАЗ». Фота: belaz.by
Самазвал «БЕЛАЗ». Фота: belaz.by
podpis źródła zdjęcia

Гандлёвы дом «БЕЛАЗ», які з’яўляецца асноўным дылерам аднайменнага холдынгу ў Расеі, паказвае добрыя вынікі працы ў апошнія гады. Але далёка не ўсе запрацаваныя сродкі вяртаюцца на прадпрыемства, бо асядаюць у кішэнях сям’і Аляксандра Лукашэнкі і блізкіх да яе асобаў.

Згодна з інфармацыяй аб фінансава-гаспадарчай дзейнасці Гандлёвага дому «БЕЛАЗ» за 2019-2023 гады, якою з «Белсатам» падзялілася аб’яднанне «BELPOL», у кампаніі «назіраецца станоўчая дынаміка паводле ўсіх ключавых паказнікаў дзейнасці». Паводле дакументу, «павелічэнне аб’ёмаў выручкі і чыстага прыбытку за 20192023 гады сведчыць аб устойлівым развіцці і ўмацаванні пазіцый кампаніі на рынку». І гэта ўсё «нягледзячы на ​​нестабільную эканамічную і палітычную сітуацыю, вонкавы санкцыйны ціск».

У прыватнасці, адзначаецца, што колькасць рэалізаванай тэхнікі вырасла з 566 штук у 2019 годзе да 911 у 2023-м на 61 %. Пры гэтым намінальная выручка павялічылася больш як удвая з RUB 41,7 млрд да RUB 88,3 млрд (у доларах, праўда, паводле сярэдняга курсу за год, рост толькі ў 1,6 разы $ 645 млн да $ 1,035 млрд). Чысты прыбытак кампаніі склаў RUB 3,97 млрд ($ 46,6 млн) супраць RUB 1,65 млрд ($ 25,4 млн) у 2019-м. Павялічылася і рэнтабельнасць чыстага прыбытку з 3,9 % да 4,5 %.

«Вынікі фінансава-аперацыйных паказнікаў 2023 года сталі рэкорднымі за ўсю гісторыю АТ «ГД „БЕЛАЗ“», – гаворыцца ў справаздачы.


Паводле яе, гандлёвы дом «БЕЛАЗ» асаблівую ўвагу «надае дывідэнднай палітыцы, нарошчваючы з году ў год аб’ёмы выплат дывідэндаў». У выніку летась акцыянерам кампаніі размеркавалі рэкордную сума дывідэндаў у памеры RUB 2,7 млрд ($ 31,7 млн), агулам за 2019 2023 гады было выплачана амаль у чатыры разы больш.

Сямейны бізнес Лукашэнкаў


У Расею «БЕЛАЗ» пастаўляе ільвіную долю сваёй прадукцыі. І яна ўвесь час павялічваецца (80 % у першым квартале 2021 года, 84, 7 % у 2022 годзе і 93, 7 % у студзенілютым 2023 года). У выніку гандлёвы дом, які манапалізаваў сабе экспарт прадукцыі холдынгу, у 2023 годзе ўвайшоў у топ-40 найбуйнейшых кампаніяў з замежных капіталам.

Але сам холдынг «БЕЛАЗ» далёка не адзіны акцыянер аднайменнага дому. Сярод заснавальнікаў ГД «БЕЛАЗ» Прэзідэнцкі спартыўны клуб, якім кіруе сярэдні сын самаабвешчанага кіраўніка Беларусі Дзмітрый Лукашэнка. З 2007 года клуб валодаў трацінай гандлёвага дома, але да 2019 ягоная доля вырасла да 45 %. І толькі 55 % фірмы належыць галаўной кампаніі «БЕЛАЗ», уласнікам якой з’яўляецца беларуская дзяржава. Акрамя Дзмітрыя Лукашэнкі, з ГД «БЕЛАЗ» звязаная і ягоная жонка Ганна (таксама вядомая як Ганна Сялук), якая прапрацавала там прынамсі два гады.

Гандлёвы дом жорстка кантралюе збыт «БЕЛАЗаў» у Расеі і рэкамендуе купляць самазвалы толькі ў канкрэтных расейскіх фірмаў, у адваротным выпадку завод не гарантуе іх пастаўку і сэрвіснае абслугоўванне. Пры гэтым, як паведамляў «Беларускі расследацыйны цэнтр», дамовы аб пастаўках у Расею заключаныя з кампаніямі, уладальнікі якіх звязаныя з менеджментам гандлёвага дому, а таксама блізкія з Ганнай і Дзмітрыем Лукашэнкамі.

Агулам у Расеі ў ГД «БЕЛАЗ» каля дзясятка партнёраў. Адной з найбольш паспяховых з іх кампаніяй «Б-24» валодаюць Аксана Тачкова і Алена Лагун. Тачкова гэта жонка Канстанціна Макарава, дырэктара ў прававых пытаннях ГД «БЕЛАЗ». Сама яна таксама працавала ў гандлёвым доме. Алена Лагун жонка Віктара Кулуева, былога кіраўніка рады дырэктараў таго ж ГД. Агулам Кулуеў з жонкай валодаюць долямі як мінімум у чатырох кампаніях, якія займаюцца дыстрыбуцыяй і сэрвісным абслугоўваннем жодзінскай тэхнікі ў Расеі. У 2020 годзе яны ўвайшлі ў топ-10 беларусаў, якія найбольш зарабілі ў РФ. Чысты прыбытак іх кампаній з 2017 па 2021 гады каля $ 176 млн. Каля паловы гэтай сумы ўладальнікі выплацілі сабе ў якасці дывідэндаў.

Такія даходы дазваляюць Кулуеву і Лагун весці раскошны лад жыцця. Як высветліў БРЦ, кампанію ім часта складалі тыя самыя Дзмітрый і Ганна Лукашэнкі. У чальцоў дзвюх сем’яў знойдзена мінімум 11 сумесных пералётаў.

Сумарны чысты прыбытак ГД «БЕЛАЗ», «Б-24», а таксама яшчэ аднаго дылера жодзінскіх самазвалаў «Автотехинмаш» (яго журналісты «Нашай Нівы» звязваюць ужо са старэйшым сынам Аляксандра Лукашэнкі Віктарам) за 2023 год склаў $ 185,5 млн. Гэта больш, чым чысты прыбытак самога «БЕЛАЗу» ў дакрызісныя часы ($ 161,3 млн у 2018 годзе і $ 127,2 млн у 2019-м). Тройка пасярэднікаў тады зарабіла сумарна $ 93,4 млн і $ 65,6 млн адпаведна. Параўнаць гэтыя лічбы з цяперашнімі не магчыма, бо з 2021 года фінансавая справаздачнасць холдынгу схаваная. Але відавочна, што завод з 9600 работнікаў зарабляе непараўнальна з кампаніямі на некалькіх соцень супрацоўнікаў, якія нічога самі не робяць і толькі выконваюць ролю пасярэднікаў.

«Хоць „БЕЛАЗ“ і велізарнае прадпрыемства і шмат зарабляе грошай, але яно ледзь-ледзь зводзіць канцы з канцамі. Але пры гэтым асноўны яго дылер, гандлёвы дом, жыве цудоўна, зарабляе грошы. І гэта, вядома ж, выклікае вялізныя пытанні, як такое можа быць у сучасным свеце»,  сказаў у каментары «Белсату» прадстаўнік «BELPOL» Уладзімір Жыгар.

Паводле яго, тут відавочная карупцыя, якую са сваёю сям’ёй узначаліў Лукашэнка, хоць ён і заяўляе, што змагаецца з ёю.

«Калі б гэта зрабіў нейкі прыватны капітал, то існаванне гандлёвага дому „БЕЛАЗ“ і іншых дылераў называлася б неабгрунтаваным пасярэдніцтвам. І, хутчэй за ўсё, для даччынай і галоўнай кампаніі гэта сталася б праблемай і адбілася б у крымінальнай справе», – падкрэсліў Жыгар.

Але калі «ў схему ўключаныя прадстаўнікі сям’і Лукашэнкі, гэта ніякая не праблема, гэта лічыцца нормай», заявіў прадстаўнік «BELPOL».

Усе яйкі ў адзін расейскі кошык


Пры гэтым Жыгар падкрэсліў, што ў «БЕЛАЗу», як і ў іншых беларускіх прадпрыемстваў, апошнім часам узнікаюць праблемы з пастаўкамі ў Расеі, бо яны прайграюць канкурэнцыю кітайскім кампаніям.

«І ў нас таксама ёсць пацверджаныя звесткі ў гэтым пытанні, што „БЕЛАЗам“ прайграецца расейскі рынак. Ёсць невялікае прасяданне, асабліва калі мы кажам аб якасці прадукцыі», – адзначыў суразмоўца.

Звесткі «BELPOL» пацвярджаюць і ў самім «БЕЛАЗе».

«Сёлета ў нас мяняецца вектар у вонкавым гандлі, бо ў Расеі аб’ёмы продажаў зніжаюцца. Цяпер ідзём у рызыкоўныя праекты з пастаўкай тэхнікі ў Афрыку»,  сказаў у чэрвені 2024 года генеральны дырэктар «БЕЛАЗу» Сяргей Лесін.

Аляксандр Лукашэнка з сынамі. Фота: president.gov.by
Аляксандр Лукашэнка з сынамі. Фота: president.gov.by

Аднак, адзначыў Жыгар, выхад з экспартам за межы Расеі сутыкаецца з «жахлівымі» санкцыйнымі праблемамі: як з аплатай, гэтак і пастаўкай дэталяў, камплектуючых. Самыя ж санкцыі, уведзеныя яшчэ ў 2021 годзе за парушэнні правоў чалавека, на яго думку, за апошнія гады набылі яшчэ большую актуальнасць.

«Рэжым Лукашэнкі проста паразітуе як ракавая пухліна на „БЕЛАЗе“. Цяпер гэта адна з крыніц паступлення дадатковых сродкаў рэжыму Лукашэнкі», – заявіў прадстаўнік «BELPOL».


Больш за тое, паводле яго, сам «БЕЛАЗ» яшчэ і працуе на вайсковую прамысловасць Расеі.

«Мы павінны разумець, што санкцыйны ціск адносна такіх прадпрыемстваў, на жаль, павінен працягвацца. Ён павінен памнажацца, бо гэта б’е як па рэжыму Лукашэнкі з пункту гледжання напаўнення ягоных гаманцоў грашыма, так і б’е па расейцах, бо тое, што вырабляецца на беларускіх прадпрыемствах, у рэшце трапляе на фронт», заявіў суразмоўца.

Таму, падкрэсліў Жыгар, аказваючы ціск на «БЕЛАЗ», беларуская дэмакратычная супольнасць у тым ліку будзе спрыяць сканчэнню вайны ва Украіне. Бо задача не толькі вызваліць палітвязняў, але і «спыніць рэпрэсіі і перамагчы гэты рэжым».

Макар Мыш, «Белсат»

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10