Здарэнне адбылося ноччу 4 верасня. Пашкоджанае шкло будынка. Паліцыя праводзіць праверку.
Уначы 4 верасня невядомыя абстралялі з пнеўматычнай зброі вокны памяшкання, у якім ладзіць службы беларускі прыход Канстанцінопальскага Патрыярхата ў Вільні, паведамляе «Хрысціянская візія».
У выніку абстрэлу былі пашкоджаныя вокны ў будынку. Паліцыя праводзіць расследаванне.
«Хто абстраляў вокны царквы, зараз невядома, але інцыдэнт упісваецца ў шэраг нядаўніх правакацый, скіраваных супраць беларускай палітычнай эміграцыі і меркавана звязаных са спецслужбамі рэжыму Лукашэнкі», – гаворыцца ў паведамленні.
Раніцай 4 верасня стала таксама вядома, што шыбы былі пабітыя і ў Цэнтры беларускай культуры ў Вільні – некамерцыйнай арганізацыі беларусаў Літвы, якая стварае прастору для беларускіх праектаў і ініцыятыў.
У ліпені незнаёмыя разбілі вітрыну крамы з нацыянальнай сімволікай «Kropka», якая належыць былому палітвязню Дзмітрыю Фурманаву.
Раман Шавель belsat.eu