З 28 жніўня да 8 верасня ў Парыжу праходзяць Паралімпійскія гульні, якія па насычанасці рэкордамі, скандаламі і інтрыгамі мала чым адрозніваюцца ад Алімпійскіх гульняў. Расказваем гісторыю гульняў і месца Беларусі ў іх сёння.
Параалімпійскі спорт зарадзіўся 29 ліпеня 1948 года – у гэты дзень праходзіла цырымонія адкрыцця Алімпійскіх гульняў у Лондане. Нямецкі неўролаг Людвіг Гутман арганізаваў у бальніцы англійскага гарадка Сток-Мандэвіль спартыўныя спаборніцтвы для ветэранаў Другой сусветнай вайны з пашкоджаннямі спіннога мозгу, каб дапамагчы ім у рэабілітацыі. У першых спаборніцтвах прынялі ўдзел толькі ваенныя-калясачнікі, потым у іх сталі прымаць удзел людзі з рознымі парушэннямі здароўя.
Гульні станавіліся ўсё папулярнейшымі, і ў 1960 годзе пачалі праводзіцца нароўні з Алімпійскімі, праз два тыдні пасля іх. З 1988 года яны праводзяцца ў тым самым месцы, дзе і Алімпійскія Гульні. Да гэтага часу кожны раз мяняюцца правілы правядзення розных відаў спорту, адны спаборніцтвы ўваходзяць у Гульні, іншыя з іх выходзяць.
Пры гэтым парыжскія Гульні 2024 года сталі першымі Параалімпійскімі гульнямі, якія прайшлі не ў стадыённых умовах.

У чым адрозненні Алімпійскіх і Параалімпійскіх гульняў?
У Параалімпійскіх гульнях удзельнічаюць людзі з абмежаванымі магчымасцямі, якія спаборнічаюць у розных катэгорыях у залежнасці ад вагі ці ступені страты здароўя.
Большасць паралімпійскіх відаў спорту маюць аналагі ў алімпійскай праграме, але два з іх можна ўбачыць толькі на Паралімпіядзе — гэта боча і галбол. Боча нагадвае петанк, у яе гуляюць спартсмены на інвалідных вазках з любымі цяжкімі парушэннямі рухальных функцый. Галбол — гэта камандны від спорту з сляпых і са слабым зрокам людзей, дзе мяч мае гукавы сігнал.

Пры гэтым паралімпійцы часта паказваюць хутчэйшы вынік, чым алімпійцы. Напрыклад, у 2016 годзе алжырац Абдэльлатыф Бака выйграў золата Паралімпіяды на дыстанцыі 1500 м з вынікам 03:48:29, а амерыканец Мэцью Сентровіц выйграў золата Алімпіяды з вынікам 03:50:00.
Акрамя таго, кожны паралімпійскі спартовец пры жаданні можа прыняць удзел адначасова ў Алімпіядзе.
А гэта цікава, калі нічога не разумееш у спорце?
Глядзець Параалімпіяду не менш цікава, чым Алімпіяду – гэта не горш за бразільскі серыял.
Напрыклад, 44-гадовая валейбалістка з Руанды Клодзін Базубагіра за тыдзень да пачатку Паралімпіяды пайшла ў рэстаран і знікла без вестак, яе да гэтага часу шукае паліцыя.
Стралкі на Паралімпіядзе выглядаюць куды эфектней туркаў на парыжскай Алімпіядзе: уся любоў гледачоў пайшла да амерыканскага лучніка Мэту Штуцману, які нарадзіўся без рук. Гэта не перашкодзіла яму эфектна выйграць золата нават у спартоўцаў з рукамі, прычым з рэкордам.

Польскую рэкардсменку па кіданні булавы Розу Казакоўску пазбавілі «золата» толькі з-за таго, што ў яе была няправільная падушка для галавы — гэта палічылі выкарыстаннем нелегальнай перавагі. Падобная гісторыя здарылася з італьянцам Джакама Пярыні, які пазбавіўся бронзы з-за таго, што забыўся выкласці з лодкі тэлефон перад стартам.
Таксама парыжская Паралімпіяда адзначылася другім за ўсю гісторыю ўдзелам трансгендэрнага спартоўца (першы выпадак быў у 2016 годзе ў Рыа): ёю стала 50-гадовая Валянціна Петрыла, якая выступала на дыстанцыі 400 метраў сярод жанчын з парушэннем зроку. Тым не менш, спартсменка, якая змяніла ў 2017 годзе пол, не змагла выйсці ў фінал.

У Беларусі 5 «залатых» – і ўсё ў аднаго спартоўца
У 2024 годзе да Алімпіяды ў Парыжы дапусцілі 11 спартсменаў з Беларусі, да Паралімпіяды – 8 (дарэчы, столькі ж склала паралімпійская зборная бежанцаў). Беларусы, як і расейцы, павінны выступаць у нейтральным статусе (без сцяга і гімна краіны), а іх узнагароды афіцыйна не ўлічваюцца ў медальным заліку.
Восем беларусаў удзельнічаюць у двух відах спорту – плаванні і лёгкай атлетыцы. У лёгкай атлетыцы Беларусь засталася без медалёў: Лізавета Дабравольская спынілася за крок ад бронзы ў кіданні дзіды, Уладзіслаў Грыб заняў восьмае месца ў кіданні дыска.
А вось у плаванні Беларусь б'е ўсе рэкорды дзякуючы аднаму толькі ўраджэнцу Бабруйска Ігару Бокію, які выступае ў класе S13 як спартсмен з лёгкім парушэнні зроку. Зрэшты, яго рэкорды ўжо мала каго здзіўляюць: за 30 гадоў ён заваяваў 30 медаляў чэмпіянатаў свету, з іх 29 – залатыя. На Паралімпіядзе яго называюць «беларускім Майклам Фэлпсам» – 23-разовым алімпійскім чэмпіёнам па плаванні з ЗША, у якога што ні заплыў, то сусветны рэкорд.

На Паралімпійскія гульні Ігар Бокій упершыню трапіў у 2012 годзе ў Лондане і адразу заваяваў 5 залатых медалёў, у 2016 годзе прывёз яшчэ 6 залатых медалёў з Рыа-дэ-Жанейра, у 2021 – 5 медалёў з Токіа, сёлета ў Парыжы ён ужо атрымаў 5 залатых медалёў. Агулам – 21 золата Паралімпіяды.
Зрэшты, усё было б занадта добра, не ўлічваючы некаторых «але». Пасля пратэстаў 2020 года Бокій падпісаў ліст праўладных спартоўцаў у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі, потым пабываў на навагоднім прыёме, прысвечаным Лукашэнку, у 2022 годзе адбываў месячную дыскваліфікацыю за канабіёіды, знойдзеныя ў арганізме, а некаторыя паралімпійцы наогул сумняваюцца, што Бокій сапраўды мае інваліднасць – маўляў, ён мае правы кіроўцы і занадта спрытна плавае для чалавека з парушэннем зроку.

2 верасня падчас узнагароджання ўкраінцы Ілля Яроменка і Аляксей Вірчанка, якія занялі другое і трэцяе месца Паралімпіяды па плаванню, адмовіліся фатаграфавацца разам з пераможцам Бокіем на пастаменце.
Паралімпіяду можна паглядзець на ютуб-канале Міжнароднага паралімпійскага камітэта і на сайце Міжнароднага паралімпійскага камітэта.
Тэса Анэйда belsat.eu