Змяшалі «Год якасці» з БелАЗамі, змаганне з фашыстамі і паспяховасць, загадалі ганарыцца тым, што Беларусь – касмічная дзяржава.
Сёлета ў школы пайшлі крыху больш за мільён вучняў. 2 верасня па ўсёй краіне адбыліся лінейкі. Выданне «Салідарнасць» спытала ў некалькіх бацькоў, як усё прайшло.
Жыхарка Менску, сын якой пайшоў у 9 клас, расказала, што каля гадзіны «былі афіцыйныя прамовы», інспектар у справах няпоўнагадовых прамаўляў даўжэй, чымся дырэктарка, якая «прабалбатала наказ і заклікала старацца, каб школа ганарылася».
Жанчына кажа, што вонкавы выгляд дзяцей адміністрацыя ўвагі не звярнула: хто ў кедах прыйшоў, хто ў футболках. «Добра, што класная прыкрыла хлопцаў дзяўчатамі, якія былі больш-менш у афіцыйна-дзелавым стылі», – прызналася маці падлетка.
Пасля лінейкі школьнікаў павялі на лекцыю на тэму «Нам ёсць чым ганарыцца, нам ёсць што берагчы!» Паводле падлетка, там змяшалі ў кучу «Год якасці» з БелАЗамі, змаганне з фашыстамі і паспяховасць, «каб выраслі людзьмі, якія будуць абараняць сапраўдныя каштоўнасці»:ё
,,«Мой скептык-падлетак ледзь сківіцу не звіхнуў – так пазяхаў».

«У нас усё прайшло не так жудасна, як я чакала. Можа, таму, што горад небуйны і не было перад кім асабліва выпендрывацца, або таму, што аніякія ганаровыя госці з пракуратуры не ўшанавалі прысутнасцю, быў толькі мясцовы дэпутат», – расказала маці вучаніцы з Віцебскай вобласці.
«Лінейка як лінейка, – кажа жанчына. – Пара песень, падыманне сцяга, афіцыйныя прамовы, першакласнікі далі першы званок».
На першай лекцыі вучням малодшых класаў расказалі пра Беларусь як касмічную дзяржаву, што варта гэтым ганарыцца і вельмі ставілі ў прыклад Марыну Васілеўскую.
«Дачка ўдома падзялілася высноваю: можна і не вучыцца лепш за ўсіх, галоўнае – у космас злятаць», – згадала маці.
У першы ж дзень новага навучальнага года класная кіраўніца загаварыла пра грошы: 43 рублі на дадатковыя дапаможнікі і сшыткі, а пазней бацькі маюць самастойна вызначыцца, колькі збіраць «на ваду і сурвэткі»:
,,«Такім чынам, у нас такі традыцыйны пачатак навучальнага года: надышоў верасень – даставай гаманец».
«Нудна, прадказальна і даволі хутка», – так пра лінейку сваіх дачок сказаў жыхар Менску. Паводле яго, прадстаўнікі розных структураў выступілі з ідэалагічным пасылам, песні-танец, верш на беларускай – і ўсё: дзеці – у класы, бацькі – вольныя.
«Адзінае, што прыемна здзівіла – скончылася гістэрыя з дзённікамі, якія перавыпускаюць штогод і забараняюць выкарыстоўваць „састарэлыя ўзоры”. Шмат хто набыў гэтыя дзённікі яшчэ напачатку лета, і крыўдна выкідаць праз дурныя прычэпкі. Завуч раней з пенай у рота заяўляла, што асабіста спраўдзіць дзённікі не пусціць у школу з „няправільным”, была вымушаная сказаць: ну што з вамі рабіць, выкарыстоўвайце, што купілі. Падобна, зашмат было званкоў і лістоў у міністэрства, і рэкамендавалі не патрабаваць замены дзённіка», – расказаў мянчук.
Ён таксама ведае, як зладзілі лінейку ў суседскай дзяўчынкі, якая вучыцца ў іншай установе – гэта гімназія, дзе другі год запар набіраюць профільны мытны клас. Школьныя святы там выглядаюць як дзень адкрытых дзвярэй у вайсковай часткі: парадныя разлікі, вынас сцяга і прамовамі начальнікаў у пагонах пра тое, як варта абараняць радзіму:
«Сёлета на лінейцы там быў ганаровы госць ад мытні, яны зладзілі „цырымонію дарэння”, уручылі аднаму вучню ранец і канцылярыю. Хаця ў астатнім таксама без сюрпрызаў. Паглядзім, ці надоўга такі спакой».
Сцяпан Кубік belsat.eu