навіны

Ад пагрозаў да запрашэння. Як змянялася рыторыка Менску наконт міграцыйнага крызісу

Аляксандр Лукашэнка выступае перад мігрантамі ў транспартна-лагістычным цэнтры «Брузгі» на беларуска-польскай мяжы ў Гарадзенскай вобласці, Беларусь. 26 лістапада 2021 года. Фота: Kacper Pempel / Reuters / Forum
Аляксандр Лукашэнка выступае перад мігрантамі ў транспартна-лагістычным цэнтры «Брузгі» на беларуска-польскай мяжы ў Гарадзенскай вобласці, Беларусь. 26 лістапада 2021 года. Фота: Kacper Pempel / Reuters / Forum
podpis źródła zdjęcia

2 верасня міністр замежных справаў Максім Рыжанкоў паведаміў, што ў лістападзе ў Беларусі плануецца правесці міжнародную канферэнцыю па супрацьдзеянню нелегальнай міграцыі, куды будуць запрошаны міністры краінаў Еўразвязу. Гэта ініцыятыва можа стаць важнай вяхой у развіцці міграцыйнага крызісу, штучна створанага Аляксандрам Лукашэнкам у 2021 годзе: пагрозы і ўльтыматумы саступаюць месца запрашэнню да дыялогу. «Белсат» нагадвае, як мяняліся падыходы афіцыйнага Менску.

Стадыя першая: адмова ад супрацы

Праблемы на мяжы Беларусі і Еўразвязу пачалі нарастаць з канца вясны 2021 года. Адпраўной кропкай крызісу стаў скандал з прымусовай пасадкай у Менску самалёта Ryanair, арышт Рамана Пратасевіча і Соф’і Сапегі. Пасля гэтага Еўразвяз спыніў авіязлучэнне з Беларуссю і пачаў рыхтаваць сектаральныя санкцыі. Аляксандр Лукашэнка ў сваю чаргу рыхтаваў свой адказ на санкцыі.

Выступаючы 26 траўня 2021 года перад дэпутатамі, Лукашэнка перасцярог Еўрасаюз ад «неабдуманых рухаў» і прыгразіў аслабіць кантроль на мяжы. «Мы спынялі наркотыкі і мігрантаў - цяпер будзеце самі іх есці і лавіць», - паабяцаў ён. Тады ж кіраўнік МЗС Уладзімір Макей прыгразіў адмовіцца ад супрацы з ЕЗ у міграцыйных пытаннях, «калі на Захадзе не раздумаюцца». Пасля гэтых заяваў Літва, Латвія і Польшча сталі фіксаваць выбухны рост нерэгулярнай міграцыі з тэрыторыі Беларусі.

«Яны ўзвылі: ах, беларусы іх не абараняюць. У Літву, Латвію і Польшчу рынуліся тысячы і тысячы нелегальных мігрантаў. Яны патрабуюць ад нас абараніць іх ад кантрабанды, ад наркотыкаў. Ажно з-за Атлантыкі чутны сігнал: дапамажыце, як гэта было раней, затрымайце ядравыя матэрыялы, каб яны не патрапілі ў Еўропу. Гэтак і хочацца спытаць: вы што там, ачумелі ўвогуле? Вы супраць нас развязалі гібрыдную вайну і патрабуеце ад нас, каб мы вас абаранялі, як і раней?» - заявіў Лукашэнка, выступаючы 22 чэрвеня 2021 году ў мемарыяльным комплексе «Берасцейская крэпасць-герой».

Пасля таго, як ЕЗ афіцыйна ўхваліў сектаральныя санкцыі ў дачыненні Беларусі, афіцыйны Менск выйшаў з дамовы аб рэадмісіі. «Мы не можам выконваць свае абавязкі ў рамках гэтага пагаднення ва ўмовах уведзеных Еўразвязам санкцыяў і абмежаванняў. З глыбокім шкадаваннем канстатуем, што вымушанае прыпыненне дзеяння пагаднення негатыўна адаб'ецца на ўзаемадзеянні з Еўразвязам у сферы барацьбы з нелегальнай міграцыяй і арганізаванай злачыннасцю», - папярэдзілі тады ў МЗС.

Польская паліцыя нясе варту падчас штурму мігрантамі пункту пропуску «Брузгі-Кузніца» на польска-беларускай мяжы. Гарадзенская вобласць, Беларусь. 18 лістапада 2021 года. Фота: Kacper Pempel / Reuters / Forum
Польская паліцыя нясе варту падчас штурму мігрантамі пункту пропуску «Брузгі-Кузніца» на польска-беларускай мяжы. Гарадзенская вобласць, Беларусь. 18 лістапада 2021 года. Фота: Kacper Pempel / Reuters / Forum

Дамова аб рэадмісіі абавязвала Беларусь забіраць да сябе мігрантаў, якія незаконна траплялі ў ЕЗ праз беларускую мяжу. Цяпер рэжым даў зразумець, што не збіраецца ні лавіць мігрантаў на мяжы, ні забіраць іх назад.

Стадыя другая: падвышэнне ставак


Насамрэч Менск не проста бяздзейнічаў, але і сам актыўна спрыяў узнікненню міграцыйнага крызісу. Улады Беларусі праз шэраг упаўнаважаных турфірмаў масава выдавалі турыстычныя візы нарадзінцам Блізкага Усходу, якія жадалі трапіць у ЕЗ, і арганізавалі іх дастаўку ў Беларусь - улетку 2021 году колькасць авіярэйсаў «Белавіа» з Іраку вырасла ў шмат разоў. Пасля прыбыцця ў аэрапорт мігрантаў арганізавана везлі ў Менск, фармавалі групы і дапамагалі пераходзіць мяжу з ЕЗ.

Аднак актыўны ўдзел у стварэнні міграцыйнага крызісу афіцыйны Менск не прызнаваў: улады настойвалі, што проста не перашкаджаюць «даведзеным да адчаю ўцекачам». У ліпені 2021 году Лукашэнка намякнуў, што гэта толькі пачатак - неўзабаве на мяжы з ЕЗ павінны з’явіцца ўзброеныя людзі з Блізкага Усходу. Нібыта яны могуць захацець адпомсціць памежнікам Польшчы і Літвы за жорсткае абыходжанне з аднаверцамі.

,,

«Тое, што людзі туды хлынулі, - гэта толькі пачатак. Я ўжо вам сёння сказаў: далей туды пойдуць людзі ўзброеныя, каб абараніць вось такіх вось пакрыўджаных людзей», - заявіў ён на нарадзе 20 ліпеня 2021 году.


Да ўзброеных нападаў справа не дайшла, але 8 лістападу 2021 году ўлады арганізавалі спробу масаванага сілавога прарыву мяжы з Польшчай. «На падобны крок адчаю ўцекачоў падштурхнула абыякавасць і бесчалавечнае стаўленне польскіх уладаў», - заявілі тады ў Дзяржаўным памежным камітэце Беларусі. Палякі не прапусцілі натоўп мігрантаў, але тыя не разышліся, а засталіся ля мяжы ў намётавым лагеры. Праз тыдзень мігранты учынілі яшчэ больш агрэсіўную спробу прарыву: пад наглядам беларускіх спецслужбаў яны закідвалі польскіх вайскоўцаў камянямі, тратуарнай пліткай, палкамі і металічнымі прутамі. «Гэта нармальна - штурмаваць мяжу?» - спытаў у Лукашэнкі журналіст BBC Стыў Розэнбэрг у лістападзе 2021 году.

,,

«Абсалютна нармальна», - заявіў у адказ самаабвешчаны кіраўнік Беларусі.


У інтэрв’ю Бі-Бі-Сі Лукашэнка прызнаў, што беларускія памежнікі не толькі бяздзейнічаюць, але і дапамагаюць мігрантам незаконна пераходіць мяжу.

«Нашы дапамагаюць ім перабрацца на польскую тэрыторыю, так? Слухайце, магчыма. Вось я цалкам гэта дапускаю. Магчыма, нехта і дапамог, і я нават не буду разбірацца», - заявіў ён.

Пры гэтым прапагандысты паўтаралі, што Лукашэнка здольны вырашыць праблему з мігрантамі «па пстрычцы» - трэба толькі, каб Еўропа яго папрасіла аб гэтым.

У лістападзе 2021 года Лукашэнку з нагоды міграцыйнага крызісу двойчы тэлефанавала канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель. Як потым стала вядома ад МЗС Эстоніі, пазіцыя Лукашэнкі падчас перамоваў былі наступная: ён гатовы спыніць міграцыйны крызіс, калі ЕЗ прызнае яго легітымнасць і скасуе санкцыі. Аднак Еўразвяз на гэта не пайшоў, а Менск быў вымушаны саступіць: з другой паловы лістапада на мяжы пачалася дээскалацыя, міграцыйныя плыні істотна скараціліся.

Мігранты збіраюцца вакол вогнішча ў лагеры каля пункта пропуску «Брузгі-Кузніца» на беларуска-польскай мяжы. Гарадзенская вобласць, Беларусь. 18 лістапада 2021 года. Фота: Kacper Pempel / Reuters / Forum
Мігранты збіраюцца вакол вогнішча ў лагеры каля пункта пропуску «Брузгі-Кузніца» на беларуска-польскай мяжы. Гарадзенская вобласць, Беларусь. 18 лістапада 2021 года. Фота: Kacper Pempel / Reuters / Forum

Стадыя трэцяя: казкі імя Эміля Чэчкі

Пачынаючы ад снежня 2021 года акцэнты ў рыторыцы афіцыйнага Менску змяніліся. Цяпер Лукашэнка больш не пагражаў Еўропе мігрантамі (стала зразумела, што гэта не працуе), а сканцэнтраваўся на тым, каб максімальна выкарыстаць памежны крызіс ў прапагандысцкіх мэтах.

Неўзабаве пасля няўдалага штурму пераходу «Брузгі - Кузніца» Генпракуратура распачала крымінальную справу супраць вышэйшых службовых асобаў Польшчы: іх абвінавацілі ў «злачынствах супраць чалавечнасці» - незаконных дэпартацыях, катаваннях і іншых жорсткасцях у дачыненні да ўцекачоў. У снежні на беларускі бок перабег польскі дэзертыр Эміль Чэчка: у інтэрв’ю БТ ён заявіў пра нібыта сотні расстраляных польскімі салдатамі мігрантаў. Аднак Лукашэнку і гэтай фантастычнай лічбы падалося мала. «Гэтыя мярзотнікі арганізавалі паляванне на людзей. Паляванне! У лясах бегалі і расстрэльвалі, сотні, сотні тысяч людзей, якія шукалі шчасце ў Еўропе, куды іх паклікалі, былі расстраляныя ў лясах і закапаныя ў магілы. Ці гэта не фашызм?» - заявіў ён у студзені 2022 года.

Прапагандысцкая адпрацоўка тэмы мігрантаў у 2022-2024 гг. ішла бесперапынна на ўсіх узроўнях. Улады прэзентавалі «Белую кнігу», прысвечаную «злачынствам» Польшчы і Літвы супраць уцекачоў, арганізоўвалі фотавыставы, увесь час укідвалі ўсё новыя і новыя заявы. У афіцыйных прэс-рэлізах дзяржорганаў Беларусі польскіх, літоўскіх і латвійскіх вайскоўцаў чамусьці называлі «наймітамі» і «карнікамі», абвінавачвалі іх у «генацыдзе», «фашызме» і «сярэднявечнай дзікасці».

Стадыя чацвёртая: кроў і дыялог

Сёлета вясной на мяжы з Польшчай адбылося найбольш сур’ёзнае з 2021 году абвастрэнне міграцыйнага крызісу. Колькасць спробаў незаконна перасекчы мяжу і агрэсіўнасць парушальнікаў рэзка вырасла. У пачатку чэрвеня ад нажавога ўдару загінуў польскі вайсковец Матэвуш Сітэк.

Польскі памежнік нясе варту на польска-беларускай мяжы каля вёскі Тапіла, Польшча. 3 чэрвеня 2024 года. Фота: Kacper Pempel / Reuters / Forum
Польскі памежнік нясе варту на польска-беларускай мяжы каля вёскі Тапіла, Польшча. 3 чэрвеня 2024 года. Фота: Kacper Pempel / Reuters / Forum

Польшча рэзка адрэагавала на гэтую трагедыю і запатрабавала ад Менску «ўстанавіць асобу і выдаць падазраванага ў забойстве польскага грамадзяніна». Улады Беларусі не прызналі адказнасці за гібель Сітэка і не выдалі злачынцу, аднак на мяжы з Польшчай пасля гэтага наступіла зацішша.

Выступаючы з прамовай 2 ліпеня, Лукашэнка паўтарыў старыя тэзісы па міграцыйнаму крызісу: нібыта беларускі бок не мае дачынення да арганізацыі каналу нерэгулярнай міграцыі, але і спыняць мігрантаў ён не збіраецца. «Мы не будзем іх стрымліваць», - заявіў Лукашэнка.

Разам з тым, афіцыйны Менск загаварыў пра гатовасць да дыялогу па тэме мігрантаў.

«Мы гатовыя прыняць любую польскую дэлегацыю, любых польскіх экспертаў, спецыялістаў, прадстаўнікоў кіраўніцтва для таго, каб разам ацаніць сітуацыю на мяжы», - заявіў кіраўнік МЗС Максім Рыжанкоў у сярэдзіне ліпеня.

Цяперашняя заява Рыжанкова пра падрыхтоўку міжнароднай канферэнцыі з’яўляецца лагічным працягам гэтай лініі.

«У лістападзе 2024 года мы плануем правесці міжнародную канферэнцыю ў супрацьдзеянні нелегальнай міграцыі ў рэгіёне з запрашэннем усіх зацікаўленых бакоў, уключна з суседнімі краінамі, іншымі дзяржавамі ЭЗ і СНД», - паведаміў міністр, выступаючы на ўрачыстым мерапрыемстве ў Палацы Рэспублікі 2 верасня. 

Рыжанкоў падкрэсліў, што свой удзел у канферэнцыі нібыта пацвердзілі шэраг міністраў краінаў ЕЗ.

Глеб Нержын belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10