Установу ўжо крытыкавалі за выкарыстанне састарэлай інфармацыі аб Беларусі, якая не адлюстроўвае масавыя рэпрэсіі. Пытанне аб пераглядзе справаў узнікла пасля дзіўнай гісторыі аб дэпартацыі беларусаў, ды якраз тая гісторыя можа быць няпраўдай, хоць былі і праўдзівыя гісторыі пра прытулак белрусам у Швецыі.
Увосень Шведскае міграцыйнае агенцтва правядзе перагляд справаў пра прытулак грамадзянам Беларусі, расказала «Шведскае радыё». Намесніца кіраўніка юрыдычнага аддзелу агенцтва Анна Ліндблад адзначыла, што чуе крытыку, скіраваную на агенцтва.
Агенцтва, паводле «Шведскага радыё», не раз крытыкавалі за састарэлую інфармацыю аб Беларусі, у якой не ўлічваюцца маштабныя палітычныя рэпрэсіі.
Днём раней «Шведскае радыё» расказала пра беларуса, які прыехаў у Швецыю разам з маці, папрасіў палітычнага прытулку, але быў дэпартаваны ў Беларусь, а па дэпартацыі затрыманы. Да гісторыі ўзніклі пытанні: імаверна, гаворка пра тую ж сям’ю, якая распавядала аб смерці ў няволі бацькі, затрыманага з палітычных прычынаў, але паказала журналістам, падобна, фальшывае пасведчанне аб смерці і распавяла малаверагодныя дэталі гісторыі са зняволеннем і дэпартацыяй.
Ды тое – не адзіная гісторыя з адмовай у прытулку беларусу ў Швецыі. Прадстаўнік Народнай амбасады Беларусі ў Швецыі Зміцер Васэрман расказаў, што Народная амбасада аднавіла дыялог з Шведскім міграцыйным агенцтвам аб справе ў прытулку Канстанціну Сярогіну, аператару каманды Сяргея Ціханоўскага. Сярогіну ў ліпені чарговы раз адмовілі ў наданні палітычнага прытулку, на гэты раз у міграцыйным судзе.
«Гэты выпадак падкрэсліў, што, нягледзячы на абнаўленне інфармацыі аб Беларусі міграцыйным агенцтвам у лютым гэтага года, якая больш дакладна адлюстроўвае рэальнасць масавага тэрору ў краіне, агенцтва працягвае падтрымліваць свае папярэднія рашэнні ў судзе, – адзначыў Васэрман. – У сувязі з гэтым мы зноў звярнуліся да міграцыйнага агенцтва, каб звярнуць увагу на неадпаведнасць паміж абноўленай інфармацыяй па краіне і дзеяннямі агенцтва ў судах.
Рашэнне міграцыйнага агенцтва Швецыі аб пераглядзе спраў беларусаў было прынята на пачатку тыдня, яшчэ да таго як апошні выпадак аб дэпартацыі стаў вядомым публічна і не звязана з ім».
Васэрман вітаў абнаўленне інфармацыі, але падкрэсліў крытычную важнасць увядзення мараторыю на дэпартацыю беларусаў і беларусак, каб перашкодзіць высылцы тых, па кім ужо прынялі рашэнні.
Алесь Наваборскі belsat.eu