2 жніўня 2023 года ў турме горада Жодзіна памёр зняволены, асуджаны паводле палітычных артыкулаў.
Як паведамляе «Медыязона» са спасылкай на ўласныя крыніцы, памерлы мужчына не быў прызнаны праваабарончымі арганізацыямі палітычным зняволеным.
Імя мужчыны не паведамляецца ў мэтах бяспекі сваякоў памерлага. У той жа час выданне мае пацверджанні смерці зняволенага, ведае ягонае прозвішча і мае ў якасці пацверджання фотаздымак ягонай магілы.
Прычынай смерці, згаданай у дакументах, называецца кровазліццё ў мозг, звязанае з артэрыяльнай гіпертэнзіяй.
Вядома, што ў лістападзе 2022 года гэты мужчына быў асуджаны да 3 гадоў калоніі паводле артыкулаў за распальванне варожасці (частка 1 артыкула 130 КК), масавыя беспарадкі (частка 2 артыкула 293 КК), заклікі да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі (частка 3 артыкула 361 КК), паклёп на Лукашэнку (частка 2 артыкула 367 КК) і абразу прадстаўніка ўлады (артыкул 369 КК).
«Вясна» пра такое не чула, офіс Ціханоўскай не мае пэўнасці, пасведчанне аб смерці можа быць фальшым
Праваабронцы «Вясны» не могуць пацвердзіць інфармацыю пра смерць палітвязня. Паводле іх, у лістападзе 2022 года судовых працэсаў па такіх артыкулах не адбывалася. Больш за тое, пакаранне за «заклікі да санкцый» па артыкуле 361 КК пачалі прымяняць толькі ў 2023 годзе. Згодна з паведамленнямі «Медыязоны», мужчыну судзіў адзін з раённых судоў, але звычайна такія справы разглядаюцца ў вышэйшых судах, адзначаюць праваабаронцы.
Паводле радыё «Свабода», сваякамі памерлага палітвязня з’яўляюцца тыя самыя сын і маці, што прасілі прытулку ў Швецыі, але так і не атрымалі яго і былі дэпартаваныя. Як стала вядома СМІ, сына пасля дэпартацыі затрымалі прама на мяжы. Офіс выбранай прэзідэнткі Святланы Ціханоўскай паведаміў медыям, што правёў некалькі раўндаў кансультацыяў, але «пакуль больш пытанняў, чым адказаў» адносна прычынаў і працэдуры дэпартацыі. Міграцыйнае агенцтва паведаміла шведскім медыям, што даведалася пра выпадак з медыяў, а цяпер пачынае перагляд ранейшых рашэнняў адносна беларусаў.
«Наша ніва» знайшла прыкметы таго, што сям’я быццам бы палітвязня хлусіць, а мужчына мог заставацца на волі, ды, падобна, сапраўды памёр. Былы турэмны лекар Васіль Завадскі пацвердзіў «Нашай ніве» і «Медыязоне», што пасведчанне аб смерці зняволенага фальшывае: бланк няправільны, а даведку выдалі нібы самому памерламу.
Раман Шавель, Алесь Наваборскі belsat.eu