навіны

«Нонсэнс, абсурд». Жываглод пра прапанову Ягорава прызнаць суб’ектнасць Лукашэнкі

Алена Жываглод. Фота: Белсат
Алена Жываглод. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Прадстаўніца супольнасці «Сумленныя людзі», былая віцэ-спікерка Каардынацыйнай рады Алена Жываглод падчас канферэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні раскрытыкавала прапанову было спікера КР Андрэя Ягорава адносна надання суб’ектнасці Аляксандру Лукашэнку і пахваліла прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету Паўла Латушку.

«Мне падаецца, што гэта гучыць як, на што гатовы пайсці людзі, хто называе сябе апазіцыяй ці меншасцю ў дэмакратычных сілах для таго, каб здзівіць, вылучыцца. Гатовыя, атрымліваецца, нават пайсці на легітымізацыю рэжыму. Я не падтрымліваю, мне здаецца, нонсэнсам, абсурдам», – сказала Алена Жываглод у каментары карэспандэнту «Белсату».


На яе думку, Андрэй Ягораў спекулюе на тэме палітычных зняволеных і іх абмену, калі ​​гуманістычную пазіцыю спрабуюць закласці палітыкі, «якія гавораць, на што заўгодна можна ісці дзеля таго, каб перамаўляцца пра палітычных зняволеных».


Не адмаўляючы магчымасці саміх перамоваў, Жываглод падкрэсліла недапушчальнасць легітымізацыі рэжыму.


Пры гэтым яна вітала тое, што прадстаўнік АПК Павел Латушка выступіў за тое, каб на «прэзідэнцкіх выбарах» 2025 года галасаваць супраць усіх. Жываглод нагадала, што на «выбарах» 2024 года палітык выступаў за іх «ігнор».


«Гэта дае нам падставы да таго, каб на гэты раз на так званыя прэзідэнцкія выбары мы былі ў большасці адзінай кампаніі, адзінай стратэгіі, не пагадзіліся на байкот», – сказала яна.


Падчас канферэнцыі былы спікер КР Андрэй Ягораў заявіў аб неабходнасці дыялогу і прызнання суб’ектанасці за Аляксандрам Лукашэнкам. Паводле яго, гэта трэба ў тым ліку «для таго, каб мы мелі шанцы на новыя змены, патрэбная сітуацыя адлігі, лібералізацыі, большай свабоды дзеянняў для суб'ектаў грамадзянскай супольнасці і палітычных субʼектаў».


«Гэта не прызнанне паразы. Гэта прызнанне сітуацыі, як яна ёсць. І праца з ёю», – дадаў Ягораў.


Якуб Хруст, «Белсат»

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10