Берасцеец Віктар Панцялееў 1300 дзён правёў у няволі, з іх 113 – у ШІЗА. На пытанне «Белсату», пра які дзень на зоне распавядзе сваім унукам, адказвае – ні пра які. «Як толькі выйшаў за браму калоніі, падумаў адразу: а што гэта было ўвогуле?..» З былым палітвязнем размаўляем пра памілаванне, фантастычныя заробкі на «промцы» ў магілёўскай калоніі і пра цяжкасці жыцця на волі, якія пасля зоны выклікаюць смех.
«Белсат»: – Віктар, ты тры месяцы ўжо ў Польшчы. Матэрыял пра цябе на «Вясне» ілюструецца фотаздымкам, на якім ты ў вайсковай форме. Амаль як баец палку Каліноўскага…
Віктар Панцялееў: – А, гэта я ў Гданьску наведваў курсы, калі каліноўцы да нас прыязджалі. Там больш пра медыцыну і тактыку было.
– Думаеш, гэтыя навыкі спатрэбяцца ў будучыні?
– Назіраю за ўсім і думаю, што нам гэтых дзядкоў – Лукашэнку і Пуціна – давядзецца выганяць зброяй, хутчэй за ўсё. Не могуць яны самі сысці. Калі яшчэ знаходзіўся ў калоніі, была думка, каб па вызваленні пайсці ваяваць за Украіну. Каб гэта была мая радзіма – быў бы ўжо там…
«Нават не дакрануўся да жонкі»

– Змяняю тэму. Троху пра каханне. За тваёй гісторыяй кахання з Яўгеніяй мы сачылі яшчэ ў 2020 годзе. Ведаем, што вы распісаліся ў берасцейскім СІЗА. Доўгі турэмны тэрмін не разбурыў гэтую сувязь?
– Не-не, мы разам, і ўсё ў нас добра. Жэня не сустракала мяне з турмы, бо была ўжо тут, у Польшчы, таму што ў дачыненні яе таксама пачаўся пераслед. А я эвакуяваўся ў Польшчу з 400 доларамі ў кішэні ды сумкай, у якой ляжалі адна майка і шорты. Цяпер пакрысе наладжваем свой быт. Шукаем кватэру на дваіх. Хоць дакументаў у мяне пакуль няма і працаваць я не маю права. Але збольшага – усё клас!
– Былы палітвязень Аляксей Гайшун, які таксама браў шлюб са сваёй жонкай у СІЗА, распавядаў у інтэрв'ю «Белсату», што ім дазволілі пацалавацца…
– Не, нам не далі. Ні абняцца, ні пацалавацца. Толькі стандартная працэдура. Была жанчына з ЗАГСу: «Згодны? Так. Згодная. Так». Распісаліся, і мяне павялі назад. Нават не дакрануўся да жонкі. Такія правілы ў СІЗА Берасця.
«Кагосьці калонія загартоўвае, а кагосьці – «ссучвае»
– Гайшун, які сядзеў, дарэчы, таксама ў магілёўскай ПК – 15, напісаў кнігу, адзін сказ з якой я зараз працытую: «Усё не проста так, і турма ўсё ж такі нас да чагосьці рыхтуе...». Згодны з такой высновай?
– Цяжка сказаць, так ці не. Там чалавек праяўляе сябе, якім ён ёсць па сутнасці. Я так скажу: кагосьці калонія загартоўвае, а кагосьці – «ссучвае». Сапраўдная сутнасць чалавека раскрываецца, калі ён трапляе ў сітуацыю бесперапыннага стрэсу і можа выбраць: супраціўляцца, быць нейтральным або пайсці лёгкім шляхам. То бок некаторыя вядуцца на абяцанні адміністрацыі: маўляў, выйдзеш адтуль па УДВ, будзеш мець палёгкі з крамай і пасылкамі. І чалавек пачынае з імі супрацоўнічаць.
Шмат выпадкаў, калі людзі, асуджаныя, як і я, па палітычных артыкулах, пачыналі супрацоўнічалі з адміністрацыяй. Той жа Чудзянцоў (журналіста Уладзіміра Чудзянцова затрымалі напрыканцы 2019 года, асуджаны на 5,5 гадоў калоніі паводле непалітычных артыкулаў – арт. 328 («незаконны абарот наркотыкаў»), а таксама ч. 2 арт. 343 – «распаўсюд порна» – заўв. «Белсат»), праз якога шмат людзей пацярпела. Я быў з ім у адным атрадзе.
Кожная зона – гэта такая прастора, дзе вельмі цяжка знайсці сябра, якому будзеш давяраць. Усё правяраецца толькі часам. Многія стаялі за праўду. Так, дзесьці памоўчвалі, дзесьці не паказвалі, бо знаходзіліся ўнутры ворага, можна сказаць. А змагацца, калі ты ў меншасці і ў самым эпіцэнтры зла – гэта глупства. Проста страціш здароўе і дадасі да тэрміну. Прасцей біцца, калі ты ўжо на свабодзе.
Таму вось так. Людзі розныя. Хтосьці паддаецца на пагрозы, а хтосьці не. Усё залежыць ад таго, як чалавек жыў сваё жыццё да гэтага.

«Тэма памілавання вельмі балючая»
– Спадар Васкрасенскі нядаўна заяўляў, што аб памілаванні папрасілі 900 палітвязняў. Верыш у гэта?
– Мяркую, што магло так і быць. У нашую калонію таксама прыязджалі пракуроры. Прапаноўвалі. Людзі адмаўляліся. Потым іх выклікалі ў адміністрацыю і пачыналі пагражаць. Ну і вяртаемся да папярэдняга пытання – людзі розныя. Хтосьці паламаўся. Кагосьці моцна прэсавалі.
Асабіста я не пісаў памілоўкі. Які сэнс прасіць прабачэння ў таго, супраць каго мы выйшлі, хто падмануў нас, хто здрадзіў. У забойцы. Як потым глядзець у вочы сваякоў тых, каго ён забіў? Таго ж Генадзя Шутава ды іншых. Я не ведаю. Гэтая тэма вельмі балючая – памілаванне. Я вырашыў для сябе, што калі ўжо ўпісаўся ў пратэставы рух – то не буду даваць назад. І кропка.
– А калі б у цябе было не 4 гады турмы, а 10 ці 15?
– Не ведаю, што адказаць. У кожнага свой тэрмін, і кожнаму ён па-рознаму даецца. Камусьці і адзін месяц ці год – няўсцерп. Я адседзеў амаль 3,8 гады, глядзеў на людзей, якім далі два і думаў: блін, якая фігня. Думаю, што і з «дзясяткай» змірыўся б і працягваў бы жыць як жыў. Дапамагаць, каму трэба, і рабіць усё тое ж самае.
Але я не асуджаю людзей, якія напісалі памілоўкі. Там шмат людзей, якія трапілі па выпадковасці. Ёсць людзі, якія проста не вывозяць усяго гэтага – псіхалагічна слабыя. Ім прасцей жывецца з надзеяй на памілаванне, і таму яны падпісваюць гэтую паперку. І ёсць зусім хворыя людзі.
Увогуле, калі ты там пабываў, ты ўжо нікога не будзеш асуджаць. Апрача тых, хто свой быт наладжваў за кошт лёсаў іншых зэкаў. Хто здаваў. Вось такіх людзей я асуджаю. А такіх было шмат…
«Каб быў шанец з імі паквітацца – паквітаўся б»
– Пра які дзень у калоніі будзеш распавядаць сваім унукам?
– Не ведаю. Разумееш, калі я выйшаў за браму калоніі, пабачыў, што стаяць мама і бацька, і брат стаіць, я спыніўся і думаю: «А што гэта было ўвогуле?». І ўсё. Я проста нічога не магу ўспомніць. Быццам, ведаеш, нейкая псіхалагічная абарона спрацавала – ты павінен усё адпусціць і забыць.
Адзінае, гэтым людзям з адміністрацыі не хацеў бы адпускаць. Супрацоўнікам, якія рабілі з асуджанымі што хацелі. Не дарую ім. Хоць разумею, што мы спрабуем зараз новую Беларусь будаваць, іншую… Але, каб быў у мяне шанец паквітацца, – паквітаўся б з імі.
– Ты правёў 113 дзён у ШІЗА. Што давала табе сілы вытрымаць гэта?
– Праўда (пасміхаецца). Як казалі ў вядомым фільме, «сіла ў праўдзе, брат». За мной праўда была. Я не лічыў сябе злачынцам. Гэта было проста выпрабаванне. І ў гэтым выпрабаванні мяне суправаджала мая каханая, мяне падтрымлівалі бацькі і шмат іншых людзей. У СІЗА я атрымліваў шмат лістоў. І разумеў, што, калі такая колькасць людзей табе піша, значыцца, яны лічаць цябе героем. І калі я знаходзіўся ў ШІЗА, у адзіночцы, то проста хадзіў і сам сабе нагаворваў: так, ты малайца, ты штосьці зрабіў…
Ведаеш, пасля зоны ўсе гэтыя цяжкасці, якія наперадзе, мяне проста не закрануць, таму што я буду глядзець на іх і смяяцца, наколькі яны нескладаныя.
– Апынуўшыся на волі ў эміграцыі, на якія цяжкасці глядзіш цяпер са смехам?
– Ды на ўсе! Я ведаю, што ўсё нажыўное. Я ведаю, што ўсё з часам наладзіцца і ўсё будзе добра. І галоўнае – проста не згубіць нам адзін аднаго і жыць далей. Па сутнасці, нейкіх маральных цяжкасцей я зараз не адчуваю. Так, ёсць матэрыяльныя праблемы, фінансавыя цяжкасці. Але паўтаруся: усё нажыўное. І спадзяюся, што збор на «BYSOL» нам дапаможа.
«Што нам за гэта плацілі? 75 капеек за месяц»
– Калі ўжо пра грошы, то колькі зарабіў там, на зоне?
– Цікавае пытанне (смяецца). Праца там складаная. Нагружаюць як коней. Не буду ўдавацца ў дробязі. Я працаваў на швейнай вытворчасці. Потым грузчыкам, а пасля добрыя людзі мяне забралі ў дрэваапрацоўчы цэх. Дык вось, уяві, 300 чалавек на зоне ходзяць на прамзону. З іх каля 200 чалавек чысцяць метал і павінны здаць 9 кг чыстага металу. Я і яшчэ пяць БЧБ-шнікаў, як нас там называлі, падвозілі ім гэты метал са складу на цялежцы, зробленай з мосту старых «Жыгулёў» – спераду і ззаду ручкі «для каня». Што нам за гэта плацілі? 75 капеек за месяц. Во!
Мне далі падчас вызвалення даведку аб заробку, паводле якой я за 3 гады і 8 месяцаў зарабіў нешта каля 120 рублёў. Вось і лічыце…
– Амаль за 4 гады… Ты падрабязна распісаў на сайце фонду «BYSOL», на што патрабуеш сродкаў: арэнда кватэры, курсы польскай мовы, харчаванне і пакупка адзення. Але, апроч гэтага і самага неабходнага, можа, марыш набыць штосьці яшчэ для сябе – важнае?
– Я вельмі люблю аўтамабілі. Збіраў раней праекты са старых BMW. І, напэўна, вельмі хацеў бы купіць сабе аўтамабіль. Гэта мая мара тут. Так, па адукацыі я аўтамеханік. Але хачу заняцца іншай справай. Як будуць ужо дакументы і назбіраю грошай, хачу заняцца таксі: купіць некалькі машын і здаваць іх у арэнду, у прыватнасці, беларусам, якія прыязджаюць сюды працаваць.

«Хацеў бы бачыць Ціханоўскую на пасадзе прэзідэнткі краіны»
– Добра, што маеш планы на будучыню. А ўяві сабе, што нейкі там Мадэратар часу адкручвае твае 4 гады назад, аж да 10 жніўня 2020 года, і кажа табе: эй, ведаеш, што цябе можа чакаць наперадзе, але зараз даю табе шанец пражыць па-іншаму і нешта змяніць. Як бы пражыў гэты дзень, за падзеі якога цябе кідалі ўжо на 4 гады за краты?
– О, я б зрабіў троху больш тады (смяецца). Зразумела – на маршы. Пайшоў бы, канешне! Надакучыла цярпець усю гэтую фігню. Я палітыкай толькі ў 2018 годзе пачаў цікавіцца, калі дапамагаў збіраць людзям подпісы супраць акумулятарнага заводу. Тады і зразумеў, што не хачу жыць пры ўладзе, якая учыняе такое беззаконне.
– Пасля амаль 4 гадоў няволі лічыш Святлану Ціханоўскую беларускай лідаркай?
– Скажу, што так. Хоць розную інфармацыю чуў. Але ўсё сам паглядзеў і прааналізаваў. Паглядзеў, у якіх умовах мы тут знаходзімся. Я лічу, гэта яе заслуга. І я б хацеў бачыць яе і на пасадзе прэзідэнткі нашай краіны. Дасць рады, яна малайца. Хай ідзе наперад і не здаецца. Найбольш падабаецца тое, што, нягледзячы на ўсё, – на велізарны тэрмін мужа і гэтак далей, – у яе не паехаў дах і яна працягвае рабіць тое, што робіць. Далёка не кожны здольны на такое.
– Сумуеш па Берасцю?
– Канешне. Мой любімы горад. Нідзе так не буду сябе адчуваць, як там. Але мы вернемся туды. Няважна, з аўтаматамі ў руках ці не, але – вернемся. Я, шчыра кажучы, хацеў бы з тымі мужыкамі сустрэцца цяпер на роўных, са зброяй сустрэцца. Каб паглядзець хто насамрэч з нас баязлівец.
– З якімі мужыкамі?
– З мянтамі, зразумела. Сабрацца са сваімі берасцейскімі і пінскімі пацанамі – і паглядзець ім у вочы. Я ведаю, што мы змаглі б…
Зміцер Міраш belsat.eu